МІНСК, 25 кра – Sputnik. Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распавёў падрабязнасці пра самае прынцыповае рашэнне за 25 гадоў свайго прэзідэнцтва, паведамляе прэс-служба беларускага лідэра.
Падчас рэспубліканскага суботніка 17 красавіка кіраўнік дзяржавы анансаваў прыняцце самага прынцыповага рашэння за ўвесь час свайго знаходжання ва ўладзе. Тады ж Лукашэнка не стаў казаць пра дэталі, толькі ўдакладніў, што рашэнне фармалізуецца і будзе прынята ў выглядзе дэкрэта.
Сёння беларускі лідэр растлумачыў, што яго рашэнне датычыцца выключна ўнутранай сітуацыі ў краіне.
"Скажыце, калі заўтра няма Прэзідэнта, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў бліжэйшыя дні дэкрэт, як будзе выбудавана ўлада ў Беларусі. Прэзідэнта застрэлілі - на заўтра Савет бяспекі будзе надзелены паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да ваеннага, калі хтосьці на мяжы паварухнецца. І Савет бяспекі павінен прымаць рашэнне", - сказаў Лукашэнка і дадаў, што сваім дэкрэтам ён вызначыць, хто будзе кіраваць краінай "калі раптам".
Павінен прадугледзець усё
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія падзеі наўрад ці наступяць, але пільнасць губляць нельга.
"Я павінен прадугледзець усе. Таму будзе падпісаны гэты дэкрэт. У нас будзе фактычна калектыўны прэзідэнт у выглядзе Савета бяспекі", - падкрэсліў ён.
Старшынстваваць у Савеце будзе прэм'ер-міністр, але ўсе рашэнні будуць прымацца ў ходзе тайнага галасавання, каб пазбегнуць ціску.
"Калі будуць прэзідэнцкія выбары прызначаны, уводзіць/не ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей - вось грамадзянскія і ваенныя ў Савеце бяспекі вырашаць", - патлумачыў Лукашэнка.
Ён дадаў, што рашэнне гэта прыняў даўно, "калі гэта ўсё разгортвалася".
"А не тое, што я хачу каму-небудзь што-небудзь здаць ці здрадзіць. Хлопцы, ніколі гэтага не будзе. Я гатовы на ўсё, але толькі каб захаваць маю і вашу краіну", - запэўніў Лукашэнка.
Хто ўваходзіць у Савет бяспекі Беларусі
Старшынёй Савета бяспекі з'яўляецца кіраўнік дзяржавы. Пастаянныя члены СБ: прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, міністр абароны Віктар Хрэнін і старшыня КДБ Іван Церцель.
Чытайце таксама:
- Павышаныя меры з-за спробы дзяржаўнага перавароту не прымаліся - кіраўнік МУС РБ
- МЗС РФ: змова супраць Лукашэнкі - акт дзяржаўнага тэрарызму ЗША
- КДБ РБ раскрыў падрабязнасці справы аб замаху на Лукашэнку