У Беларусі чакаецца запаволенне эканомікі з-за санкцый – ЕАБР

© Photo : Narodowy Bank Polski Золата
Золата - Sputnik Беларусь, 1920, 07.07.2021
Падпісацца
ЕАБР значна пагоршыў прагноз па ВУП Беларусі, чакаючы яго нулявую дынаміку ў 2022-м. У банку лічаць, што сярэдні курс беларускага рубля да долара ў 2021-м складзе 2,60, а ў наступным годзе - 2,73.
МІНСК, 7 ліп - Sputnik. Еўразійскі банк прагназуе рост ВУП у Беларусі ў 2021-м да 1,3%, аднак да канца года чакаецца запаволенне эканомікі з-за санкцый з боку ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі. Такая інфармацыя была агучана ў сераду ў макраэканамічным аглядзе, які прадставіў ЕАБР.
У дакладзе адзначаецца, што "захворванне каронавірусам ў свеце паступова зніжаецца, а абмежавальныя меры мякчэюць". Рэгіён аперацый ЕАБР ў першай палове 2021-га не застаўся ў баку ад сусветных тэндэнцый - дзелавая актыўнасць імкліва аднаўлялася.
Прагноз росту агульнага ВУП дзяржаў - удзельніц ЕАБР на 2021 год павышаны на 0,7 п.п. да 4%.
"Больш актыўнае аднаўленне эканомікі Расіі - ключавога партнёра Беларусі - надало моцны імпульс экспарту гэтай краіне ў першай палове года. Але пры гэтым у рэспубліцы чакаецца запаволенне эканомікі ў другім паўгоддзі з прычыны ўвядзення абмежавальных мер ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі", - гаворыцца ў дакуменце.
Рост эканомікі Беларусі быў у асноўным засяроджаны ў прамысловасці, а таксама ў сектары інфармацыі і сувязі. Моцную дынаміку дэманструюць галіны, якія арыентаваны на экспарт: хімічны сектар, машынабудаванне, дрэваапрацоўка.

Інфляцыя

Аналітыкі ЕАБР прагназуюць запаволенне інфляцыі ў дзяржавах-удзельніцах Банка з 6,6% у сярэднім па рэгіёне ў траўні да 5,6% да канца 2021 года. Гэтаму будзе спрыяць паслабленне інфляцыйнага ціску з боку попыту і аднаўленне вытворчых ланцужкоў.
Аднак у Беларусі яна прагназуецца самай высокай - 8,7% на канец года. У Арменіі чакаецца 5,4%, у Казахстане - 6,7%, у Кыргызстане - 7,7%, у Расіі - 5%, у Таджыкістане - 7,4%.
Па дадзеных ЕАБР, інфляцыя ў Беларусі павысілася з 8,6% у красавіку да 9,4% у траўні. З высокай верагоднасцю яна застанецца вышэй за 9% у бліжэйшыя месяцы, сцвярджаюць у Еўразійскім банку.
Паскарэнне росту коштаў у Беларусі - гэта следства глабальнага ўзмацнення інфляцыйнага ціску. Павышэнне коштаў на энэрганосьбіты, харчаванне, металы, будаўнічыя матэрыялы на сусветным рынку павялічвае выдаткі беларускіх арганізацый і адлюстроўваецца на спажывецкіх цэнах. Сюды дадаюцца і цяжкасці ў транспартна-лагістычных ланцужках. Паўплываў таксама рост цэн у Расіі з 2016 года - ключавым гандлёвым партнэры Беларусі, лічаць аналітыкі ЕАБР.
Разам з тым, у наступным годзе ЕАБР чакае зніжэння інфляцыі ў РБ да 6,1%, паколькі рост коштаў на сусветных сыравінных рынках замарудзіцца.
У той жа час банкаўскія аналітыкі дапускаюць далейшае павышэнне коштаў на паліва ў 2022 годзе. Ёсць пагроза скарачэння экспартных паставак беларускіх тавараў.

Санкцыі

Эканамічныя наступствы ўзмацнення абмежавальных мер ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі часткова нівеліруюць станоўчыя эфекты для беларускай эканомікі з боку вонкавага попыту ў другой палове 2021-га, адзначаюць у ЕАБР.
"Санкцыі, хутчэй за ўсё, адаб'юцца на экспартным патэнцыяле краіны, інвестыцыйным клімаце, а потым і на спажывецкай актыўнасці. ЕАБР прадугледжвае скарачэнне паставак нафтахімічнай прадукцыі і зніжэнне даходаў ад экспарту паслуг паветранага транспарту", - гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе.
У выніку гэтага страты росту ВУП ў 2021 годзе ацэньваюцца каля 1-1,5 п.п. Затым спад эканомікі паглыбіцца - ў 2022 годзе ЕАБР прагназуе нулявую дынаміку росту ВУП у рэспубліцы.
Пры гэтым у банку адзначаюць, што "далейшая палітыка заходніх краін і наступствы санкцый для беларускай эканомікі маюць высокую ступень нявызначанасці". У выпадку рызыкоўнага сцэнара адбудзецца моцны ціск на курс беларускага рубля з-за змяншэння экспарту і пагаршэння інвестыцыйнага клімату.
Калі санкцыі ўзмоцняцца, а беларускія ўлады ўвядуць у адказ абмежаванні, то парушацца ўстояныя вытворчыя ланцужкі. А значыць паменшацца аб'ёмы выпуску тавараў і паслуг, вырастуць выдаткі прадпрыемстваў. Яны будуць звязаны і з пошукам новых партнёраў, а таксама рынкаў збыту, адзначаюць у ЕАБР.

Курс беларускага рубля

ЕАБР прагназуе курс беларускага рубля да долара на ўзроўні 2,60 у сярэднім за 2021 год.
"Як мы і чакалі, у першай палове гэтага года курс быў падтрыманы пашырэннем экспарту і слабасцю імпарту", - кажуць у банку.
Аднак, на думку аналітыкаў, імпульс для экспарту з боку вонкавага попыту паменшыцца па меры завяршэння актыўнай фазы аднаўлення эканомікі Расіі.

"Працягваюць уплываць на беларускую валюту і дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва. У такіх умовах ЕАБР мяркуе паслабленне рубля да канца 2021-га да 2,65-2,70 за долар", - сцвярджаюць у банку.

Што тычыцца высокіх дэвальвацыйных чаканняў, то ў красавіку-траўні 2021-га насельніцтва купіла ў эквіваленце 0,2 млрд долараў замежнай валюты - у 1,6 разы больш, чым за той жа перыяд мінулага года.
Па прагнозах ЕАБР, курс рубля да долара ў сярэднім ў 2022 годзе складзе 2,73, а ў 2023-м - 2,81.
Пры гэтым нявызначанасць прагнозу вельмі вялікая зноў-такі з-за складанасці ацэнкі ўплыву заходніх санкцый, падкрэсліваюць фінансавыя аналітыкі.
"Тэндэнцыя паслаблення беларускай валюты захаваецца ў сярэднетэрміновай перспектыве. На гэта, акрамя скарачэння экспартных даходаў, уплываюць адносна нізкія тэмпы эканамічнага росту краіны", - адзначаюць у Еўразійскім банку.
Таму патрабуецца пастаянная падтрымка беларускіх вытворцаў з боку цэнавага фактару. Больш высокая інфляцыя ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі - гандлёвымі партнёрамі з'яўляецца дадатковым фактарам абясцэнення рубля, кажуць спецыялісты банка.

Што такое ЕАБР

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) - міжнародная фінансавая арганізацыя, якая садзейнічае інтэграцыі і развіццю краін-удзельніц: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана.
Статутны капітал ЕАБР складае 7 млрд долараў ЗША. Банк заснаваны ў студзені 2006 года Расіяй і Казахстанам, са штаб-кватэрай у Алматы. Асноўную долю ў партфелі ЕАБР займаюць праекты з высокім інтэграцыйным эфектам у сферах транспартнай інфраструктуры, энергетыкі, хімічнай і горназдабыўной прамысловасці, машынабудаванні.
Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) у памеры 8,513 млрд долараў ЗША заснаваны ў чэрвені 2009 года ўрадамі тых жа 6 краін. Мэтамі ЕФСР з'яўляецца садзейнічанне дзяржавам-удзельніцам у пераадоленні наступстваў глабальнага фінансавага крызісу, у забеспячэнні іх эканамічнай стабільнасці і падтрымцы інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне. Дзяржавы - удзельніцы ЕФСР надзялілі ЕАБР функцыямі Кіраўніка сродкамі Фонду.
Палац Незалежнасці ў Мінску - Sputnik Беларусь, 1920, 06.07.2021
Лукашэнка назваў санкцыі Захаду "шантажом у міжнародным маштабе"
Стужка навiн
0