Пасылкі без затрымак: як у ЕАЭС паскораць анлайн-гандаль

© SputnikПасылка з Кітая
Пасылка з Кітая - Sputnik Беларусь, 1920, 09.08.2021
Падпісацца
Калі новая тэхналогія афармлення пасылак апынецца ўдалай - яе замацуюць у заканадаўстве саюза.
МІНСК, 9 жні – Sputnik, Мікіта Чыкуноў. Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) прыняла пакет дакументаў, якія спросцяць мытнае рэгуляванне знешняга электроннага гандлю. Цяпер працэдура дэкларавання замежных пасылак займае шмат часу, у выніку чаго некаторыя тавары даходзяць да атрымальнікаў з затрымкай.
У будучыні ўсе фармальнасці возьме на сябе аператар трансгранічнага інтэрнэт-гандлю. Ці атрымаецца пры дапамозе пілотнага праекта ў галіне знешняга электроннага гандлю паскорыць дастаўку пасылак з-за мяжы ў краіны ЕАЭС - разбіраўся Sputnik.

Пробны крок

У мінулы аўторак, 3 жніўня, калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) зацвердзіла пакет дакументаў для запуску ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) пілотнага праекта ў галіне знешняга электроннага гандлю таварамі.
Як удакладнілі ў прэс-службе ЕЭК, фактычнае прымяненне праекта пачнецца з лістапада гэтага года, а працягнецца ён да канца снежня 2022-га.
Камісія распрацавала форму спрошчанай электроннай дэкларацыі і апісала правілы яе запаўнення, што дазволіць скараціць затрымкі пры афармленні пасылак. Такі парадак будзе дзейнічаць на працягу ўсяго эксперыменту. Калі новая тэхналогія апынецца ўдалай - яе замацуюць у заканадаўстве саюза.
Паралельна з гэтым у ЕЭК распрацоўваюць папраўкі ў Мытны кодэкс ЕАЭС. У дакумент дададуць два паняцці: тавары электроннага гандлю і дзейнасць аператара электроннага гандлю.
Магчымасць стварэння інстытута аператараў зараз абмяркоўвае рабочая група камісіі. Мяркуецца, што праходжанне мытных працэдур будуць забяспечваць упаўнаважаныя кампаніі.
"Трэба стварыць калідор для ажыццяўлення інтэрнэт-гандлю праз аператара - каб гэта было хутка, зручна, каб былі гарантыі па выплаце неабходных плацяжоў і захаванню тэхнічных пытанняў", - падкрэсліваў міністр ЕЭК па гандлі Андрэй Сляпнёў.
Падобны фармат працы зручны для кантралюючых органаў, якія атрымліваюць інфармацыю з адной крыніцы, а таксама для грамадзян, якія будуць мець магчымасць не баяцца за якасць і бяспеку тавараў.

Дастаўка без спазненняў

Увага ЕЭК да сферы знешняга электроннага гандлю заканамерна. Паводле экспертных ацэнак, аб'ём імпарту тавараў у ЕАЭС, набытых на замежных інтэрнэт-пляцоўках у 2019 годзе, склаў 8,8 мільярда долараў. Па меры пераразмеркавання спажывецкага попыту ў "анлайн" гэты паказчык будзе штогод павялічвацца на 6-10%.
Больш за тое, да 2030 года доля электроннай камерцыі ў рознічным абароце Саюза можа вырасці з цяперашніх 20 да 50%, удакладняе старэйшы эксперт кірунку "Эканоміка несыравіннага сектара" расійскага Цэнтра стратэгічных распрацовак (ЦСР) Ілля Стралкоў.
Дзесяць гадоў таму маштабны гандаль у інтэрнэце было вельмі цяжка ўявіць, дадае начальнік аддзела аналізу рызык і посткантролю дэпартамента мытнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ЕЭК Вадзім Казаеў.
"У той час тавары ў асноўным завозіліся ў краіны вялікімі партыямі, затым распаўсюджваліся па крамах, дзе людзі іх куплялі. Зараз пакупнікі могуць ледзь не наўпрост выйсці на прадаўца, многія тавары з традыцыйнага гандлёвага абароту пераходзяць у сферу інтэрнэт-гандлю. У выніку колькасць дробных пасылак, якія перасякаюць мяжу, расце з кожным годам", - тлумачыць ён.
У такой сітуацыі мнагакратна павялічваюцца рызыкі невыканання заканадаўства, заўважае Казаеў. Прадухіліць іх можа толькі належнае мытнае адміністраванне.
"Вельмі важна, каб якасць тавараў адпавядала ўстаноўленым патрабаванням, якія забяспечваюць бяспеку прадукцыі, а таксама былі выплачаны ўсе мытныя плацяжы. Разам з тым трэба забяспечыць i хуткасць дастаўкі пасылак да адрасатаў - фізічных асоб", - працягвае прадстаўнік ЕЭК.
Зараз мытнікі правяраюць кожную пасылку і прыкладзеную да яе дакументацыю фактычна "ў ручным рэжыме". На гэта сыходзіць шмат часу, таму пасылкі могуць затрымлівацца і не заўсёды прыходзяць своечасова, прызнае суразмоўца Sputnik.
"Мы прадугледзелі спецыяльныя формы, каб інфармацыя аб тавары падавалася ў электронным выглядзе. Мытныя сістэмы будуць апрацоўваць звесткі аўтаматычна, кропкава выбіраючы падазроныя пасылкі для кантролю. Усе астатнія без лішніх цяжкасцей адправяцца да атрымальнікаў. За час эксперыменту ЕЭК вызначыць кола асоб, якія будуць атрымліваць у электронным выглядзе інфармацыю ад інтэрнэт-пляцовак аб тавары, затым абменьвацца ёй з мытняй. Гэта мінімізуе дадатковы кантроль і затрымкі ў афармленні тавару", - рэзюміруе ён.

Таннеючыя пасылкі?

Па словах Стралкова, у перспектыве пілотны праект ЕЭК дазволіць скараціць час дастаўкі замежных пасылак па тэрыторыі ЕАЭС і знізіць кошт такіх паслуг.

"У праекце закладзены механізмы, якія павінны паскорыць і спрасціць працэдуры афармлення тавараў. Гэта можа станоўча адбіцца на часе атрымання пасылак пасля іх пакупкі за мяжой. Першы з такіх механізмаў - спрошчаная форма дэкларавання. Другі – падключэнне "Пошты Расіі" (і паштовых аператараў з краін ЕАЭС - Sputnik) да праекта для аказання экспертнай і тэхналагічнай падтрымкі", - падкрэслівае эксперт.

Ён дадае, што яшчэ адным пазітыўным момантам можа стаць зніжэнне аб'ёмаў кантрафактнай прадукцыі, якая паступае ў краіны ЕАЭС (у 2020 годзе мытныя органы саюза выявілі 15,3 мільёна адзінак кантрафакту).
"Лічбавае асяроддзе - гэта асяроддзе дадзеных: кожнае дзеянне ў ім пакідае свой след. Развіццё інтэрнэт-гандлю, прымяненне тэхналогій аналізу вялікіх дадзеных, удасканаленне прававога рэгулявання электроннага гандлю дазволяць лепей адсочваць факты продажаў, паставак, гісторыю вытворчасці тавараў. Правяраць тавары на адпаведнасць нормам і стандартам таксама стане лягчэй", - лічыць Стралкоў.
Аднак эксперт звяртае ўвагу, што зрабіць практычныя высновы пра ўплыў пілотнага праекта ЕЭК на хуткасць і бяспеку дастаўкі можна будзе толькі пасля пачатку актыўнай стадыі яго рэалізацыі - пасля лістапада 2021 года.
Лагатып РУП Белпошта - Sputnik Беларусь, 1920, 04.01.2021
Белпошта стварыла нацыянальную электронную сістэму – як яна будзе працаваць
Стужка навiн
0