Як стаць алімпійскім чэмпіёнам? Сакрэты ад трэнера ўладальнікаў золата
© Photo : из личного архива Ольги ВласовойІван Літвіновіч, Вольга Уласава, Уладзіслаў Ганчароў
© Photo : из личного архива Ольги Власовой
Падпісацца
Скачкі на батуце становяцца "беларускім" відам спорту, прыносячы золата ў скарбонку нацыянальнай каманды.
Дзве Алімпіяды запар яе выхаванцы станавіліся чэмпіёнамі Гульняў. У Рыа-дэ-Жанейра лепшым на планеце стаў Уладзіслаў Ганчароў, у Токіа - Іван Літвіновіч. У чым сакрэт поспехаў беларускіх батутыстаў? Што лепш: пуга ці пернік? З якім багажом беларуская каманда паедзе на наступную Алімпіяду ў Парыж?
На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні карэспандэнт Sputnik Уладзімір Несцяровіч папрасіў адказаць галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольгу Уласаву.
Заваяваў медаль - забудзь
Вольга Анатольеўна са сваімі падапечнымі асабліва не цырымоніцца, нікога не ўгаворвае, ні з кім не сюсюкае. Па-за спартыўнай пляцоўкай - заўсёды, калі ласка: можа і па душах пагаварыць, і пасакрэтнічаць, але на трэніроўках яе прынцыпы вельмі простыя: "Прыйшоў у залу - працуй. Спадзяешся на вынік - выконвай тое, што трэнер сказаў", "Заваяваў медаль - забудзь: трэніруйся далей".
Ці не занадта жорстка? Ці не крыўдзіць гэта спартсменаў? Ці не пазбаўляе трэнер сваіх падапечных творчага пачатку? Дамовіліся, што размаўляем адкрыта.
"Літаральна адразу пасля перамогі ў Токіа я паклікала Ваню Літвіновіча і сказала: зараз цябе пачнуць літаральна ірваць на часткі: сустрэчы з працоўнымі калектывамі, студэнтамі і школьнікамі, шматлікія інтэрв'ю... Трэба вытрымаць. Галоўнае, каб не закруцілася галава ад павышанай увагі, ад кампліментаў. Чым раней ты забудзешся пра золата, тым лепш", - падзялілася Уласава.
Спадзяецца, што Іван яе пачуў: "Паставіла яму ўмову: каб ніякай ляноты, маўляў, я - алімпійскі чэмпіён, магу зараз расслабіцца. Не атрымаецца. І каб не выйшла: трэнер слова – спартсмен у адказ дзесяць. Хочаш дасягнуць новых вяршыняў - не азірайся на ўжо заваяваныя".
Задача - стаць чэмпіёнам
Ваня трапіў да яе ў 15-гадовым узросце. Як прызнаецца Уласава, хлопца ўжо тады адрознівалі працавітасць і стараннасць, ён заўсёды імкнуўся дакладна выконваць указанні трэнера. Не ўсё атрымлівалася гладка, былі няўдалыя выступленні на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, прыкрыя падзенні, але Літвіновіч з дзіўнай упартасцю працягваў адточваць кожны элемент складаных скачкоў.
У нацыянальную каманду яго залічылі ўсяго толькі за два гады да Алімпіяды. Стопрацэнтнай упэўненасці, што хлопец адбярэццана Гульні, не было, мабыць, ні ў каго. Ну, можа быць, толькі ў самой Вольгі Анатольеўны, але яна дыпламатычна выгляду не падавала. Тым больш, што побач трэніраваліся больш дасведчаныя майстры - Алег Рабцаў, і, вядома ж, краса i гонар сусветных скачкоў на батуце, Алімпійскі чэмпіён Рыа-2016 - Уладзіслаў Ганчароў.
Але ў канцы 2019 года на чэмпіянаце свету ў японскай сталіцы менавіта Літвіновіч, заняўшы другое месца ў індывідуальных практыкаваннях, заваяваў алімпійскую ліцэнзію. Было яму ўсяго толькі 18 гадоў. І ўжо тады галоўнакамандуючы зборнай у адным з інтэрв'ю намякнула, што ў Вані ёсць шанцы паўтарыць поспех Ганчарова.
Да кожнага свой ключык
Самае дзіўнае, як можна было ўгадаць з выбарам спартсмена, які паедзе на Алімпіяду, бо ліцэнзія ў Літвіновіча была не імянная, па ёй у Токіа мог паляцець і Рабцаў? Што гэта: ўдалы збег абставінаў, халодны трэнерскі разлік ці жаночая інтуіцыя, невытлумачальная словамі?
"Гэта - веды, заснаваныя на практычным вопыце, выразным разуменні, хто са спартсменаўна што здольны ў самы адказны момант. Перад Гульнямі да мяне падышоў Алег з пытаннем, чаму не ён ляціць на Алімпіяду? Я ўсё расклала па паліцах. Дэталі застануцца паміж намі, але, спадзяюся, Алег ўсё зразумеў правільна", - патлумачыла Уласава.
Па яе прызнанні, самае складанае ў трэнерскай працы - падабраць патрэбныя словы, інтанацыі ў зносінах са спартсменамі.
"Гэта толькі з боку здаецца, што яны - жалезныя, гэтакія ўстойлівыя алавяныя салдацікі, якія ўсю сваю волю трымаюць у кулаку. На спаборніцтвах, вядома, нельга губляць канцэнтрацыю і самавалоданне, але ў звычайным жыцці спартсмены вельмі ранімыя, адчувальныя, парой недаверлівыя людзі. Да кожнага свой падыход патрэбен", - прызнаецца трэнер.
Убачыла яна, што ў Літвіновіча на адказных стартах неяк пайшла чарада няўдалых скачкоў. Ваня абмовіўся: мама сказала, сына сурочылі. Каб развеяць непатрэбныя трывогі і сумневы, Вольга Анатольеўна пасадзіла Івана ў машыну і ў царкву паехала. Свечкі паставілі, пастаялі, памаліліся.
"Па дарозе назад я яму сказала: "Выкінь непатрэбнае з галавы, больш няма ніякага сурокаў. Усё ў цябе атрымаецца", - успамінае трэнер.
Людзі без нерваў?
Пахваліла Уласава ўсіх, хто побач працуе ў нацыянальнай камандзе. Сказала, што паступова ўдалося сабраць калектыў аднадумцаў.
"Гляджу наіх працу, але актыўна не ўмешваюся, ведаючы, што кожны - профі высокага ўзроўню. Я адказваю за арганізацыю вучэбна-трэніровачнага працэсу, а, скажам, Ірына Конан - за псіхалагічны стан дзяцей. Яна даўно ў камандзе, у яе свае метады і падыходы да кожнага спартсмена. Нешта там шэпчуцца, абмяркоўваюць - нават не цікаўлюся, пра што гавораць. У прыярытэце - канчатковы вынік", - кажа галоўны трэнер.
Узгадала, што перад самым выхадам Літвіновіча на фінальныя скачкі, Іра проста разгарнула Івана да сабе тварам і нешта сказала. "Напэўна, нешта вельмі важнае менавіта ў той момант", - выказала здагадку Уласава.
Паводле яе ацэнкі, Ваню было вельмі няпроста скакаць у Токіа апошнім. Ён жа бачыў, адчуваў эмоцыі сапернікаў, якім суддзі ўжо размеркавалі прызавыя месцы: кітайцу Дон Дону - першае, новазеландцаў Дзілану Шмідту - другое, Уладзіславу Ганчарову - трэцяе. А тут раптам малады Літвіновіч! Але каленкі ў яго не затрэсліся.
"У Вані зусім нерваў няма?" - цікаўлюся ў Вольгі Анатольеўны.
"Вядома, ёсць, ён жа не робат. Але Іван добрасумленна адпрацаваў у трэніровачным зале, выконваючы ўсе мае ўказанні. Мы адпрацоўвалі скачкі на сетках з розным нацяжэннем, і Ваня ніколі не расхалоджваўся. Яго золата - вынік шматлікіх і многіх гадзін напружаных, парой знясільваючых трэніровак. А яшчэ даверу да мяне", - прызнаецца трэнер.
Уменне сабрацца ў патрэбны момант
Звярнула яна таксама ўвагу на тое, што некаторыя каментатары на тэлебачанне сказалі, што падчас скачкоў у Літвіновіча былі адхіленні ад цэнтральнай часткі батута, пазначанай крыжом. Маўляў, з такімі скачкамі медаль не заваяваць.
"Суддзі ацэньваюць скачкі па чатырох асноўных паказчыках: вышыня, тэхніка, каэфіцыент складанасці і перамяшчэнне. У Івана пры выкананні шостага з дзесяці элементаў была невялікая памылка, ён дапусціў перасоўванне, але хутка выправіўся, і ўсё астатняе выканаў выдатна!", - патлумачыла Вольга Уласава .
На яе думку, у гэтым і ёсць прыкмета майстэрства: уменне сабрацца ў самы важны момант: "Вунь Гао Лей з Кітая на працягу многіх гадоў дамінаваў у нашым відзе спорту, перамагаючы практычнана ўсіх этапах Кубка свету, на планетарных першынствах. Але Алімпійскім чэмпіёнам ён так і не стаў пакуль: у Рыа быў трэцім, а ў Токіа наогул ўпаў. Дзіўная рэч!"
Ганчароў яшчэ пашуміць!
Паводле слоў трэнера, цяпер няпросты перыяд перажывае трыумфатар папярэдніх Гульняў, уладальнік адзінага залатога медаля беларускай зборнай у Рыа-дэ-Жанейра - Улад Ганчароў. Ён мог і павінен быў стаяць на п'едэстале гонару і ў Токіа, але дзесьці ўмяшалася суб’ектыўнае судзейства.
"Для таго, каб апынуцца на алімпійскай вяршыні, туды трэба караскацца, сціраючы рукі і ногі ў кроў, чапляцца за кожны камень, не звяртаць увагу на цяжкасці і перашкоды. У кастрычніку мінулага года ў Улада і нашай батутысткі Ганны нарадзіліся дзве чароўныя дачкі. Вядома, у маладога таты былі бяссонныя ночы, на трэніроўках адсутнічала належная сабранасць, тым не менш Улад адабраўся на Алімпіяду і выступіў там вельмі і вельмі годна", - кажа Вольга Уласава.
Яна верыць, што яе зорны выхаванец здолее сабрацца, і на наступнай Алімпіядзе ў Парыжы "гучна пашумець". Тым больш, што і дзяўчынкі да таго часу падрастуць, а жонка ўжо выказала гатоўнасць вярнуцца ў трэніровачную залу. "Так што будзе ў нас на батуце сямейная пара", - смяецца Уласава.
Яна таксама нагадала, што шмат у чым дзякуючы золату Ганчарова ў Віцебску ўзвялі цудоўны Цэнтр па скачках на батуце: "Да гэтага нашы спартсмены трэніраваліся ў школьнай спартзале з нізкай столлю, аб якую рэгулярна ўдараліся. Я ўвесь час баялася, што яны калі-небудзь траўміруюцца. Цяпер жа ў нас ёсць свой уласны ўтульны дом, дзе займаюцца два алімпійскія чэмпіёны, а побач з імі юныя батутысты".
Так у чым сакрэт?
І ўсё ж зноў вяртаемся да сакрэтаў заваявання алімпійскага золата. Вольга Анатольеўна усміхаецца: "Ды няма ніякага сакрэту! Гучыць банальна, але я люблю сваю працу, і ўвесь час жыву ёй, а спартсмены гэта бачаць. У іх проста няма варыянтаў трэніравацца напаўсілы. Я - добрая, але трымаю іх ... у вожыкавых рукавіцах".
Вярнуўшыся з Алімпіяды, каманда зноў адправілася трэніравацца: у лістападзе батутыстам трэба будзе выступіць на чэмпіянаце свету ў Баку.