Пернік для "перапёлкі", або Аднойчы на Хлебны спас
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЖняя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Канец жніўня багаты на народныя святы, якія ўшаноўваюць працавітую жанчыну. На гэты раз этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра Хлебны спас і вучыць гатаваць пернікі са свежай мукі.
Жнівень - месяц жніва. Ён амаль кожны дзень прыносіць прыемнае хваляванне ад вынікаў працы на зямлі. Не гублячы час, трэба спяшацца толкам спарадкаваць сабранае. І гаспадыня працягвае, як кажуць, "круціцца" каля сваіх агурочкаў, бурачочкаў, капусткі ды цыбулькі. А калі яшчэ і жніво, іншыя гаспадарчыя клопаты. Як тут не стаміцца! Вось і казалі: "Да Багача баба рабача, а па Багачы — хоць за плот валачы". На дапамогу прыходзіў народны каляндар, які падказваў селяніну калі працаваць, а калі і дазволіць сабе адпачынак.
Канец жніўня багаты на прыгожыя народныя святы, якія ўшаноўвалі працавітую жанчыну і давалі ёй магчымасць крыху адпачыць ад гаспадарчых клопатаў. Крыху раней святкавалі Мядовы і Яблычны Спас, у мінулую суботу ухвалялі ніву на Прачыстую або Багача, а сёння, 29 жніўня святкуюць Хлебны Спас — свята новага хлеба. Самы час пячы смачную выпечку са свежай мукі і частаваць ёю не толькі членаў сям'і, суседзяў і гасцей, але і "перапёлку".
"Перапёлка" - птушка або мянушка?
Чаму перапёлка? Непрыкметная, сціплая птушка характарам паводзін нагадвала жанчыну-гаспадыню і яе цяжкую долю: заўсёды ў руху, заклапочана некуды спяшаецца, увесь час у сваёй птушынай працы.
Як дзіцячая гульня да нашага часу захаваўся старажытны карагод "Перапёлка". Калісці ў ім бралі ўдзел толькі жанчыны. Тэкст песні сведчыць, што ў перапёлкі баляць ручкі, ножкі, вочкі і інш, адлюстроўвае яе сямейны стан — мае старога ці маладўга мужа (чалавека). Яна пакутуе і радуецца як звычайная жнейка, а жанчыны, спяваючы, у харэаграфіі імкнуцца імітаваць рухі самой птушкі.
На думку народа, перапёлка - птушка, якая надзелена ў беларусаў міфічнымі ўласцівасцямі і жаночай сімволікай. Фальклорны вобраз гэтай птушкі мае дачыненне да чаргавання пораў года і сімвалічнага рэгулявання працы ў полі.
Жніўнай парой у жыце пачынаюць крычаць перапёлкі. Верылі, што перапёлкі быццам размаўляюць са жнеямі, заклікаюць іх да жніва. Этнограф Чэслаў Пяткевіч пісаў: "Як жытні колас стане налівацца, то перапяліца не можа выцерпець, покуль даспее, да зараней крычыць: "Кінь палоць, пара жаць! Кінь палоць, пара жаць!" Тады весялей робіцца на сэрцы, думаеш — ось-ось скора будзе новы хлеб".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСнапы, складзеныя ў мэтлік
Снапы, складзеныя ў мэтлік
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Лічылася, што падчас жніва перапёлка — першая памочніца жней. Яна быццам лятае над полем, аглядае дабро і спрыяе спору ў цяжкай працы жней.
З цягам часу, імкнучыся залагодзіць міфічную гаспадыню нівы, апошнія каласы, пакінутыя пасля жніва на полі, сталі называць "перапёлкай" або "перэпеліцай". Пачалі ладзіць і аднаіменны абрад, які і цяпер вядомы на поўдні Беларусі.
Захаваўся ён і ў Бельска-Падляшскіх беларусаў. Падчас жніва жнеі пакідалі ў цэнты поля невялікую колькасць каласоў. Калі жыта было зжата, то гэтыя каласы ўверсе звязвалі разам чырвонай стужкай і ўпрыгожвалі кветкамі. У сярэдзіне пука размяшчалі невялікі пляскаты камень, засцілалі кавалачкам чыстага палатна і клалі на яго лусту хлеба або знарок, спечаны для дажынак з новай мукі каравай, пернік. Ля "перапяліцы" чыста выполвалі іржышча і траву, каб у наступным годзе ў жыце не было пустазелля. Аполатае месца абкладалі кругам цэлай, не ламанай саломай. Да "перэпеліцы" запрашалі гаспадароў нівы, якіх жнеі ўшаноўвалі спевамі і карагодам вакол іх. Далей на іржышчы расцілалі абрус на якія выкладалі прынесеныя з хаты прысмакі. Гаспадары дзякавалі жней за працу і таксама шчодра іх частавалі.
Заўвага. На Магілёўшчыне і іншых мясцовасцях Беларусі падобны дажыначны абрад называецца "Барада".
Умелі нашы продкі адпачыць! У гонар руплівай "перапёлкі" і Спасаўкі-ласаўкі прапаную напячы пернікаў.
Пернік вясковы
З чаго гатаваць:
500 г пшанічнай мукі,
300 г мёду,
3 яйкі,
1 шклянка цукру,
1 шклянка смятаны або сыраквашы,
1 ч лыжка соды,
2 ч лыжкі сумесі молатых цынамону(карыцы), гваздзікі, духмянага перцу.
Як гатаваць. Мёд пракіпяціць, затым ахаладзіць. Жаўткі расцерці з цукрам дабяла, дадаць смятану, мёд, прыправы, муку, змешаную з содай і добра выбіць. Узбіць бялкі і ўвесці ў цеста, асцярожна перамяшаць, выкласці на бляху і адразу ж выпечы ў духоўцы. Гатовы пернік астудзіць, нарэзаць кавалкамі.
Пернік з жытняй мукі
З чаго гатаваць:
500 г жытняй мукі,
0,5 шклянкі цукру,
0,5 шклянкі смятаны,
2-3 яйкі,
200 г мёду,
0,5 ч лыжка соды,
1 ч лыжка тлушчу,
1 ст лыжка сухароў,
1 ч лыжка сумесі молатых цынамону(карыцы), гваздзікі, духмянага перцу.
Як гатаваць. Мёд закіпяціць, ахаладзіць. Жаўткі расцерці з цукрам, паступова дадаць мёд, прыправы і смятану. Усыпаць прасеяную муку, змяшаную з содай, выбіць цеста, дадаць узбітыя бялкі, асцярожна перамяшаць. Цеста змазаць тлушчам і пасыпаць сухарамі слоем 1,5-2 см, выкласці на бляху і выпечы ў даволі гарачай духоўцы. Гатовы пернік астудзіць, нарэзаць кавалкамі.
Пернік вараны
З чаго гатаваць:
500 г пшанічнай мукі,
1 ст лыжка цукру,
2 ст лыжкі алею,
4 яйкі.
Для сіропу:
250 г мёду,
1 шклянка цукру,
1,5 шклянкі вады,
1,5 ч лыжкі імбіру.
Як гатаваць. З мукі, яек, алею і цукру замясіць крутое цеста, раскачаць яго на каўбаскі таўшчынёй з палец, разрэзаць на кавалачкі даўжынёй 2 см.
Мёд з цукрам і вадой закіпяціць. У кіпячы сіроп апусціць кавалачкі цеста і варыць да цёмна-залацістага колеру. У канцы варкі ўсыпаць у сіроп імбір.
Гатовую масу класці на дошку, пасыпаную цукрам, акуратна распляскаць паверхню, а калі пернік астыне нарэзаць кавалкамі.
Смачна есці і добра адпачыць!