Пень-калода, чы заўтра будзе пагода? Або ці спраўджваюцца народныя прыкметы
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГараць дровы ў печцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская разважае, ці спраўджваюцца народныя прыкметы і прапануе чарговую страву перадкаляднага посту.
Нарэшце надышоў апошні месяц года і ў паветры пахне навагоднімі святамі. Гарадскія вуліцы зіхацяць рознакаляровымі фарбамі падсветак, а на плошчах, як грыбы пасля дажджу вырастаюць святочна прыбраныя ёлкі.
На вёсцы ж, ціш такая, што гараджаніну з непрывычкі хочацца закрыць далонямі вушы. Зіхаціць на сонцы снег. На яго фоне ў сваёй стрыманай прыгажосці вясковыя хаты выглядаюць маляўніча і ўрачыста. Яны нагадваюць жанчын, якія прыбраліся перад выхадам у царкву. Усё гэта наладжвае на ўзнёслы лад. І не выпадкова, бо гэты месяц поўны значных каляндарных падзей і найвялікшая з іх зімовы Сонцаварот, але да яго яшчэ ёсць крыху часу.
Прыкметы надвор’я і смачныя стравы ў Піліпаўку
Бывае, што снежань называюць змрокам года. Кароткія дні завяршаюцца доўгімі цёмнымі вечарамі, а ў паветры лунае таямніца. Амаль штодня моладзь употай ад бацькоў чаруе на лёс. Не адстаюць ад іх ідзяды, якія па надвор'і ў пэўныя дні спрабуюць вызначыць яго стан далёка наперад. Нават цяпер, назіраючы надвор'е за вакном, лаўлю сябе на думцы аб дакладнасці многіх народных метэаралагічных назіранняў і прыкмет з імі звязанымі, аб якіх чула ў сям'і змалку.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАдліга
Адліга
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Многімі з гэтых прыкмет карыстаюся дагэтуль, не прамінаючы магчымасць паслухаць меркаванні мудрых вяскоўцаў. Пры гэтым вясковыя сіноптыкі ніколі не прызнаюцца ў памылковых прагнозах. Маўляў, чаго вы хочаце? Ракеты ў неба лёталі і дзірак у небе нарабілі, таму і не ведаеш, што цяпер чакаць ці дождж, ці пагоду. Такое вось тлумачэнне перамен у клімаце ад простага чалавека.
Прыстасаванасць да кліматычных умоў у родным краі мела вялікае значэнне для земляпашца, бо ад гэтых ведаў залежыў правільны выбар часу апрацоўкі зямлі і севу. Прыкідваючы, якім можа быць ураджай у новым годзе, разважалі самі і ўважліва слухалі меркаванні старых. Беларускі этнограф Часлаў Пяткевіч больш за сто гадоў таму, апісваючы побыт палешукоў занатаваў падобныя разважанні старога палешука:
"Па-нашаму, то тагды справядлівая зіма, як снег ляжа ў Піліпаўку і марозы стаяць прынамжа хоць да Стрэчання. Тады смела едзь па сено або ў лес. Снег — ета дождж, толькі ідзе снегам затым, што мароз не дае яму да зямлі дайці дажджэм. Снег ідзе — нацца Бог сьцеле пярыну на полі, штоб жыта не памерзло; сцеле дарожку, штоб людзям было добра вазіць сена з балота. Калі ідзе снег, хаць сухі, да хаваецца ў шчылінкі і дзірачкі, або ідзе буйнымі шматкамі, то скора згіне. Калі снег на сцежках чарнее, то будзе адлега". (Ч. Пяткевіч. Рэчыцкае Палессе.)
Пень-муха, чы будзе заўтра суха?
Па надвор'і, якое трымалася напрацягу Піліпаўкі прадказвалі прагноз на будучае лета.
- Калі непагадзь суправаджае калядныя запусты (апошні дзень перад пастом), то лета будзе ўраджайным.
- На Піліпаўку пагода хмарная або снежная - травень будзе мокры.
- Калі струны на скрыпцы вельмі апускаюцца, то на дождж, а зімою адлега.
- На пагоду або на мароз шкура на бубне сама напружаецца.
- Калі на саланіне, павешанай сушыцца, паяўляюцца кроплі расы, то будзе дождж.
- Калі кот скача на прыпек, то будзе мароз.
- Калі свойская гусь стаіць на адной назе і дзюбу хавае пад крыло, то будзе холад.
- Калі добра пагода будзе на Піліпаўку, то добра будзе і на Пятроўку.
- Калі дрова ў печы весела гараць, то будзе мароз.
А яшчэ, калі дровы ў печы весела гараць, то гэта верная прыкмета, што ў ёй хутка згатуецца абед. А паколькі цяпер працягваецца перадкалядны пост, то самы час занатаваць у кулінарны сшытак новы рэцэпт поснай стравы.
Капуста старабеларуская
З чаго гатаваць:
500 г кіслай капусты
40 г сушаных грыбоў
2 цыбуліны
1 морква
1 ст лыжка мукі
2 ст лыжкі тлушчу або алею
1 ч лыжка цукру
2 ст лыжкі яблычнага або іншага павідла
3-4 ягады ядлоўцу
соль
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКапуста старабеларуская
Капуста старабеларуская
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Замочаныя загадзя грыбы адварыць да гатовасці, булён працадзіць, грыбы нашаткаваць. Кіслую капусту патушыць з тлушчам або алеям, абсмажыць натаркаваную моркву разам з цыбуляй і у канцы гатавання дадаць у капусту.
У грыбны булён пакласці тушаную з агароднінай капусту, варыць прыкладна 30 хвілін, дадаць грыбы, павідла, заправіць пасераванай мукой, цукрам, соллю, пакласці ягады ядлоўцу і давесці да гатоўнасці.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКіслая капуста
Кіслая капуста
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Упэўнена, гэтыя простая і смачная страва вам і вашым блізкім прыйдуцца да смаку. Да хуткай сустрэчы і памятайце, што калі "У снежні мароз і снег вышай хаты – год будзе багаты" і "У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха". Дык няхай яно так і будзе. Часцей збірайцеся разам за абедзеным сталом, піце цёплую гарбату і чытайце самі дзецям казкі! А пра чарговую смачную страву беларускай кухні ў пост я раскажу вам наступным разам. Да сустрэчы.
Не сумнай вам Піліпаўкі!