Суверэнная Беларусь умее знаходзіць адказы на любыя выклікі – Лукашэнка
17:59 11.01.2022 (абноўлена: 17:36 28.03.2022)
© Photo : пресс-служба президента БеларусиПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльнай прэміі "Беларускі спартыўны Алімп"
© Photo : пресс-служба президента Беларуси
Падпісацца
Прэзідэнт Беларусі ўручыў спецыяльную прэмію дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спартсменам і трэнерам па выніках мінулага года.
МІНСК, 11 сту – Sputnik. Прайшоўшы праз шматгадовыя войны і нягоды, беларусы здолелі захаваць родную мову, культуру і традыцыі, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльнай прэміі "Беларускі спартыўны Алімп", перадае БелТА.
"Не маючы трывалых духоўных апор, наўрад ці беларусы, прайшоўшы праз шматгадовыя войны і нягоды, здолелі б захаваць родную мову, культуру, традыцыі, якія звязалі стагоддзі і пакаленні, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Здавалася б, простыя ісціны, але давайце зазірнём крыху далей нашых меж. Ці ўсе народы сёння, як мы, жывуць годна, у міры і згодзе? На жаль, не".
Лукашэнка панаракаў, што ў XXI стагоддзі – стагоддзі навукі, прагрэсу і ўнікальных тэхналогій – сотні мільёнаў людзей у свеце пакутуюць ад войнаў, хвароб і голаду.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўручэнне прэмій чвэрць стагоддзя таму невыпадкова было прымеркавана да калядных свят.
"Менавіта гэтае хрысціянскае свята сімвалізуе ўсё самае светлае, чыстае ў нашым жыцці, што нам прыйшлося дзесяцігоддзямі і стагоддзямі абараняць", - заявіў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, на фоне распаду савецкай дзяржавы мутным патокам з Захаду прынесла так званыя дэмакратычныя каштоўнасці, замяшаныя на чужых ідэалах, бездухоўнасці і нізкіх пачуццях.
Усё гэта падавалася пад выглядам нейкай высокай моды і культуры, хоць мэта таго экспарту ўсім зразумелая: "Трэба было ўзрасціць пакаленне без роду і племені. Дыскрэдытаваць паняцце "патрыятызм", прымусіць пагарджаць спадчынай нашых продкаў".
Лукашэнка падкрэсліў, што ўплыву так званых заходніх каштоўнасцей беларусы супрацьпаставілі хрысціянскую мараль, маральнасць і багатую культуру народа, забяспечыўшы падтрымку людзям, якія гэтыя каштоўнасці аберагаюць і развіваюць.
Берагчы памяць народа
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важна берагчы памяць народа, гістарычную праўду, не дапускаць фальсіфікацыі лёсавызначальных для краіны падзей.
"Страта вобраза гераічнага мінулага вядзе дзяржаву да катастрофы і пазбаўляе народ будучыні. Менавіта таму 2022 год мы аб'явілі Годам гістарычнай памяці", - растлумачыў прэзідэнт.
Ён адзначыў, што гэта добрая нагода для ўсіх яшчэ раз асэнсаваць тысячагадовы цярністы шлях народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці.
На думку кіраўніка дзяржавы, ёсць магчымасць скласці разам усе старонкі няпростай гісторыі: і гераічныя, і трагічныя, яшчэ раз паглядзець на падручнікі гісторыі, надаць новы імпульс краязнаўству, прадоўжыць работу па захаванні помнікаў архітэктуры.
Лукашэнка лічыць, што важна "данесці да свету праўду аб генацыдзе беларускага і іншых народаў на тэрыторыі нашай краіны".
Знаходзіць адказы на любыя выклікі
На думку Лукашэнкі, у бурным моры перамен удалося адстаяць незалежнасць Беларусі, вывесці на новы ўзровень эканоміку, захаваць і развіць сацыяльную сферу.
Як заўважыў прэзідэнт, самае галоўнае - удалося "захаваць сябе, менталітэт, годнасць і чыстую душу беларускага народа. Усё тое, што нас аб'ядноўвае і дазваляе з упэўненасцю глядзець у будучыню".
"Час паказаў, што наша маладая суверэнная дзяржава ўмее знаходзіць, калі трэба, эфектыўныя адказы на любыя выклікі", - заявіў Лукашэнка.
У якасці прыкладу ён прывёў эфектыўную барацьбу з пандэміяй каронавіруса.
"За духоўнае адраджэнне"
Штогадовая прэмія прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" прысуджаецца за выдатныя творы мастацкай літаратуры і мастацтва, актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая садзейнічае зберажэнню і памнажэнню нацыянальнага культурнага набытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, зацвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.
Па выніках мінулага года лаўрэатамі прэміі сталі мясцовы дабрачынны фонд імя Аляксея Талая, Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб "Віккру", грамадскае аб'яднанне "Патрыёты Беларусі", вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Громаў, народны ансамбль танца "Крыжачок", Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
"Беларускі спартыўны Алімп"
Спецыяльная прэмія прэзідэнта Беларусі "Беларускі спартыўны Алімп" заснавана ў 2003 годзе і прысуджаецца за актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы.
Яе ўладальнікамі раней станавіліся спартсмены Дар'я Домрачава (біятлон), Аляксей Грышын (фрыстайл), Кацярына Карстэн (акадэмічнае веславанне), Іван Ціхан (лёгкая атлетыка), Наталля Цылінская (веласпорт), Уладзіслаў Ганчароў (скачкі на батуце), трэнеры Уладзімір Шантаровіч (веславанне на байдарках і каноэ), Вольга Уласава (скачкі на батуце), Наталля Шыкаленка (лёгкая атлетыка), спартыўныя журналісты Уладзімір Навіцкі, Барыс Герстэн, Руслан Васільеў, Павел Булацкі, Мікалай Стуло і іншыя.
На гэты раз прэмія ўручана 16-разоваму чэмпіёну Паралімпійскіх гульняў плыўцу Ігару Бокаму, галоўнаму трэнеру нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Ірыне Ляпарскай і старшаму трэнеру нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе Артуру Зайцаву.
Чытайце таксама:
У Вялікім тэатры Беларусі новы дырэктар
Рускі Дом у Мінску прадставіў музычны праект "На языке музыки"
Пад музыку Вівальдзі: у Мінску адзначылі 60 гадоў Беларускаму фонду міру