"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна
Чалавек не ўзнікае так
Чалавек не ўзнікае так –
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.
Трэба дома бываць часцей
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахі.
Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
І адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці.
Мы – беларусы...
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы – народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць –
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы – народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты.
Пра гэта
Не забудуць чужакі!
Неруш
Неруш ранішні –
роднае слова,
Мне шукаць цябе,
покуль гляджу,
Пад зялёным крылом верасовак,
Пад крысом
і спякоты й дажджу.
Слова,
што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі –
стромы вільчак,
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах…
А пашчасціць – натрапіцца неруш, –
Зазвіняць недзе промні наўзбоч.
Неруш свой
панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.
Ад абразы,
ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні –
матчына слова,
Мне, як бору,
цябе засланяць!
* * *
Уцякала зіма ад вясны
Па кустах вербалозаў рагатых, –
Ёй каптан абарвалі яны,
I на голлі матляецца вата.
Уцякала зіма ад вясны,
Уцякала па рэках, азёрах,
Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,
Здрадзіў лёд –
і вада на прасторы.
Толькі звон крыгалому ачах –
Брод шукаюць бярозы-бяглянкі
I трымаюць на ніцых плячах,
Як дзяцей палахлівых,
буслянкі.
А вясна даганяла зіму;
Заяц скочыў у лужу блакіту,
Бо на хвост наступіла яму,
I пралескі распырскаў, раскідаў.
I ўцякала зіма ад вясны,
Пад нагамі ламачча затлела,
Парастрэсла па сцежках лясных
Снег апошні свой
з ландышаў белых.
Уцякала зіма ад вясны –
Уцякала...
Яна адна...
Яна адна,
Зямля вякоў,
Адкуль
Жыццё пачатак брала
Шчырай верай.
Здалёк відна
Зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б’ецца
Перапёлкай шэрай.
У курганах,
Што выраслі з былін,
Спачылі
З поля подзвігу ратаі.
У туманах
Тугі спрадвечны клін
На гнёзды шчасця
Выраі вяртае.
Краса ўзышла
Аднойчы назаўжды,
Закрасавала ў душах
I ў паглядах.
Прамень святла,
Струмень жывой вады
Закаласіўся
На ачахлых лядах.
Світання сцяг
Над цемрывам начы
Расчырванеўся
Радаснаю стомай,
I на губах,
Крамяна пахнучы,
Застаўся яблык
Ранішняй аскомай.
На смерць ішлі
За гэтую зямлю,
За гэтую красу,
За сцяг світання
Сыны зямлі,
Каб засланіць раллю,
З якой нязломнасць
Збажыною ўстане.
Пакуль у нас
Пяшчотаю матуль
I рупнасцю бацькоў
Сагрэты далі,
Не посвіст куль,
А галасы зязюль
Лічыць гадоў чароды
Не прысталі.
* * *
Я выдумаў цябе, ці ёсць
Ты сапраўды на гэтым свеце,
Як ёсць адчай, як ёсць мілосць,
Як ёсць спякота ў кожным леце.
Калі не выдумаў, тады
Чаму цябе няма са мною
Ля абначэлай чарады,
Пад аблачынай праліўною?
Ля абначэлай чарады
Маіх гадоў, што засталіся
Шукаць забытыя сляды
На доле і ў нябеснай высі.
Пад аблачынай праліўной
Маёй гаркоты і маркоты,
Па той адной, па той адной,
Якую ведаеш даўно ты.
Табой назвалася яна –
Чыя мана, чыя віна…
* * *
Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты – з дрэва часу
Кволая галіна.
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой –
З ракі ўсёзабыцця – намерам хвалі.
Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці –
Імгненне.
Босая зорка
Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.
Зорка босая йшла па расе,
і сляды яе не астывалі.
і вятры слугавалі красе.
Халады ад яе адставалі.
Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазніцца баялася дужа.
Дзе ступала, цвілі васількі,
Дзе стаяла, ўсміхалася ружа.
Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою,
Зорка босая йшла да мяне,
Каб аднойчы назвацца табою.
Я – сын зямлі
Я – сын зямлі,
нашчадак хлебаробаў.
Услед за сонцам
доўга мне брысці.
Быў надта б рад,
каб хоць зярняткам дробным
змог на зямлі бацькоўскай
прарасці.
Яе вачмі
гляджу на свет сягоння:
слупы гудуць мне
соснамі ў бары.
He касманаўта бачу ў шлемафоне –
суседа
у пчалярскім каптуры.
Да зорак позіркі і тэлескопы
з сівых вякоў цярэбяць
горды шлях.
Ды толькі па зямлі
спрадвечны клопат,
як сэрца,
б’ецца ў кожнага ў грудзях.
He спіць зямля –
у ёй вулканы дрэмлюць,
планеты-сёстры
пазыўныя шлюць.
Чым цягнецца вышэй
у неба дрэва –
глыбей
ідуць карэнні у зямлю.