"Глядзецца праўдзе ў вочы...": самыя пякучыя байкі Кандрата Крапівы

© Sputnik / Давид Шоломович / Перайсці ў медыябанкКандрат Крапіва, 1951 год
Кандрат Крапіва, 1951 год - Sputnik Беларусь, 1920, 05.03.2024
Падпісацца
Да дня нараджэння знакамітага беларускага літаратурнага дзеяча Sputnik зрабіў падборку цікавых фактаў з яго жыцця і прапануе прачытаць найбольш цікавыя вершаваныя творы сатырыка.
Сёння спаўняецца 128 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага літаратара, байкапісца, майстра сатырычнага жанру.
Кандрат Крапіва нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям'і. Sputnik вырашыў не пераказваць у чарговы раз біяграфію пісьменніка, але прывесці топ-5 літаратурных паданняў, звязаных з іменем знакамітага беларуса.

Лёс пісьменніка вызначылі СМІ

Існуе паданне, што пісаць Крапіва пачаў дзякуючы газеце "Савецкая Беларусь".
Аднойчы будучы літаратар хадзіў па роднай вёсцы і ўбачыў прыбіты на інфармацыйным стэндзе нумар "Савецкай Беларусі". Юнак прыпыніўся і пачаў чытаць. Кажуць, што тэксты ў артыкукалах яму настолькі падабаліся, што ён сам вырашыў паспытаць сябе на літаратурнай ніве.
© Sputnik / В. Китас / Перайсці ў медыябанкБеларускія пісьменнікі (справа налева): Міхась Лінькоў, Якуб Колас, Кандрат Крапіва і Павел Кавалёў
Белорусские писатели (справа налево) : Михась Линьков, Якуб Колас, Кондрат Крапива и Павел Ковалев - Sputnik Беларусь, 1920, 03.03.2023
Беларускія пісьменнікі (справа налева): Міхась Лінькоў, Якуб Колас, Кандрат Крапіва і Павел Кавалёў

Ні дня без радка

Кажуць, што Крапіва вельмі шмат пісаў, быццам жыў па прынцыпе "ні дня без радка". Аднак ён ніколі нікому не казаў, над чым менавіта працуе ў пэўны момант.
Вядомы факт, што людзі творчыя маюць забабоны. Магчыма, і ён баяўся спудзіць яшчэ не народжаную байку. Напрыклад, п'есу "Брама неўміручасці" Крапіва пісаў амаль 6 гадоў, і ўвесь гэты час ніхто не ведаў, над чым ён працуе. Дарэчы, Крапіва ніколі не працаваў над некалькімі творамі адначасова.

Фенаменальная памяць

Крапіва меў фенаменальную памяць – ён ніколі не запісваў адрасы і тэлефоны, не вёў штодзённік. Усё самае важнае захоўвалася ў яго памяці. І калі трэба было знайсці тэлефон нейкага чалавека, то прасцей было адразу пытацца ў Крапівы (калі ён яго ведаў, вядома).
У старасці ў Крапівы сур'ёзна пагоршыўся зрок, што адбівалася на яго прафесійнай рэдактарскай дзейнасці. Але ён рэдактаваў усе слоўнікі проста па памяці. Захоўваў у сваёй памяці ўсе значэнні, дыялектныя варыянты і паходжанне беларускіх слоў са слоўнікаў.

Шмат нататнікаў

Гэты бок жыцця пісьменніка супярэчыць папярэдняму. Але не зусім. Нататнік яму быў патрэбен для цікавых цытат суайчыннікаў, адзнак падчас вандровак. Самае характэрнае тут тое, што ў адрозненне ад сваіх творчых калег па паэтычным цэху, яго почырк быў вельмі акуратны. Ён ніколі не маляваў і не рабіў пазнак на палях.

Шахматы

Акрамя літаратуры быў у Кандрата Крапівы яшчэ адзін запал – шахматы. Па ўспамінах блізкіх, за шахматнай дошкай ён мог праседжваць шмат гадзін запар. У пісьменніка быў нават адмысловы набор шахмат, выразаных з вельмі рэдкай пароды дрэва.
Што з гэтага праўда, а што не, мы ўжо наўрад ці даведаемся. Але тое, што з творамі Крапівы павінен быць знаёмы кожны беларус, – гэта факт.
Творчасць Кандрата Крапівы – з'ява ўнікальная і адметная для беларускай літаратуры. Гэта байкапісец такога ўзроўню, як Эзоп – для антычнай літаратуры, Лафантэн – для французскай і Крылоў – для рускай. Акрамя таго, гэта выдатны драматург і сатырык, які мог як высмеяць чалавечыя заганы ў сваіх п'есах "Хто смяецца апошнім" і "Брама неўміручасці", так і стварыць лірычную камедыю "Пяюць жаваранкі".
Да вашай увагі прапануем некалькі "пякучых" баек і іншых вершаў ад Крапівы.
© Sputnik / Павел Лисицын / Перайсці ў медыябанкІ кажа: – Дзядзечка, твой лыч у брудзе! / Нязграбна гэта й між свіней...
Поросята - Sputnik Беларусь, 1920, 03.03.2023
І кажа: – Дзядзечка, твой лыч у брудзе! / Нязграбна гэта й між свіней...

Ганарысты парсюк

Бывае праўда ў вочы коле...
Раз гнаў пастух свіней у поле.
Адзін вялізарны Парсюк,
Які абегаў вёску ўсю,
За раніцу абшнырыў завуголле,
Цяпер такі меў выгляд важны,
Што носа не дастаць і сажнем –
Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,
А што ў самога на лычы,
Не бачыў гэтага, аднак.
Вось адзін тут Падсвінак,
Які заўважыў бруд раней,
І кажа: – Дзядзечка, твой лыч у брудзе!
Нязграбна гэта й між свіней,
А што ж, калі заўважаць людзі?
Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз’юшан:
– Цераз цябе я чырванець прымушан!
Такое мне сказаць асмеляцца ня многія,
Дык гэта ж – дэмагогія! –
Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:
– І месца мокрага, – крычыць, – не застанецца!
Ты мой свінячы гонар закрануў! –
І так ён Падсвінака грызянуў,
Што той за сажняў пяць адскочыў.
Парсюк не надта быў ахвочы
Глядзецца праўдзе ў вочы.

© Sputnik / Игорь Зарембо / Перайсці ў медыябанкЎ адным сяле (не важна – дзе) / Хадзіў Баран у чарадзе...
Овцы - Sputnik Беларусь, 1920, 03.03.2023
Ў адным сяле (не важна – дзе) / Хадзіў Баран у чарадзе...

Дыпламаваны баран

Ў адным сяле (не важна – дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога –
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая,
А лоб дык вось наадварот –
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену – бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён – нічога,
І вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на смех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету:
– Вось, – кажуць, – і дыплом табе.
Што гэта за "дыплом ",
Баран – ні "мя ", ні "бэ ",
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
– А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
І не раўняйся ты са мною.
Аб гэтым лепей памаўчы,
– Сказала яму Кошка.
– Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.

………

Другі баран – ні "бэ ", ні "мя ",
А любіць гучнае імя.

© Sputnik / Ilya Pitalev / Перайсці ў медыябанкПабеглі па плячах мурашкі, / I сталі валасы дубка...
Суперлуние, наблюдаемое в Москве - Sputnik Беларусь, 1920, 01.03.2022
Пабеглі па плячах мурашкі, / I сталі валасы дубка...

Чорт

На свеце жыў Янук-сынок
У нейкіх Мамы й Таты;
Гадкоў яму было мо пяць.
Вось раз, калі куткі ахутаў змрок,
Бацькі уклалі хлопца спаць,
А самі выйшлі з хаты:
Каровы Матка падаіць,
А Бацька коні напаіць.
Але малому Януку
Вачэй ніяк не зводзіць сон,
Бо нешта чорнае ў кутку
На лаве ля красён
Убачыў раптам ён:
Касматае, з зялёнымі вачыма,
Дым чорны ў страха верне з ляпы
I з кіпцюрамі лапы.
Шавеліцца і крэкча страх, нібы падняцца цяжка.
Абмёр пад коўдраю хлапчына,
Пабеглі па плячах мурашкі,
I сталі валасы дубка
У небаракі Янука,
Аж зуб на зуб не пападзе.
Чуць не памёр наш блазан у бядзе,
Пакуль не ўчуў, што Бацька йдзе.
Тады з пасцелі – скок ды сам бягом адтуль.
– А татачка, вунь чорт! А міленькі, ратуй!
– Дзе чорт? Вось гэта? Ха-ха-ха!
Ну й дурань жа ты, Янка!
Свайго спужаўся кажуха.
А Янку трэсла ліхаманка.

………

Чытач чакае звыклае маралі?
Дык я ж пра тых – "у футарале",
Што ў промнях сонца яснага
Баяцца ценю ўласнага.

© Sputnik / Алексей Витвицкий / Перайсці ў медыябанкА "галава" з мандатам у паўметра / Стаіць над яслямі ў хляве...
Открытие Рождественских ярмарок в Праге - Sputnik Беларусь, 1920, 04.09.2021
А "галава" з мандатам у паўметра / Стаіць над яслямі ў хляве...

Мандат

Аслу раз выдалі мандат, –
Няйначай, памылкова.
(Такія і ў людзей памылкі – не наўда,
Але аб іх пасля размова).
Ад шчасця гэтага ў Асла
Аж галава кругом пайшла,
І вылецеў з яе апошні розум –
Як п’яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым:
Такога ўраз задаў разумнік тону,
Такога шуму нарабіў, такога звону,
Што не спрачаліся жывёлы ані крышку
І палічылі ўсе Асла за шышку.
– Ну й розум! Вось дык галава! –
Яе раз гучалі хвалы словы.
Другі дык ледзь не цалаваў
Капыцікі асловы.
А "галава" з мандатам у паўметра
Стаіць над яслямі ў хляве:
Ніводнай думкі ў галаве –
Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра.
Пры гэтым бедныя жывёлы
І чхнуць баяцца без дазволу.
Адзін вось толькі Лыска,
Калі Асла пабачыць блізка,
Заўсёды брэша: "Гаў-гуў-гуў!
Цярпець я дурня не магу!"
Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.

………

Бывае іншы раз і з нашым братам,
Што галаву заменьваюць мандатам,
Ды мы справаджваем такіх аслоў
Без лішніх слоў.

© Sputnik / Максим Богодвид / Перайсці ў медыябанкДык не адзін заўважан быў распорак, / А ззаду й спераду – па сорак...
Чемпионат профессионального мастерства Парикмахерское искусство - Sputnik Беларусь, 1920, 04.09.2021
Дык не адзін заўважан быў распорак, / А ззаду й спераду – па сорак...

Мода

Якімсьці чынам, невядома,
З вар’яцкага шпіталя ці то дома
Ды збегла раз няшчасная кабета,
Якая з малых год
Была паклонніцаю мод
І розум страціла праз гэта.
Было, між іншым, лета.
Яна тут зараз цераз плот
І скокнула ў гарод
Ды, завязаўшы нек па-свойму хустку,
Давай тут прыбіраць старанна галаву:
Лісцё ўтыкае морквы і капусту,
І кроп, і іншую траву.
Пасля па вуліцы прайшла, як быццам каралева,
Хоць грудзі голыя і цела ўсё свіціцца,
Аж сэрца, гледзячы, сціскаецца ад жалю.
Аднак жа паабапал – справа, злева –
За ёю бегла разявак мо з трыццаць,
Галёкалі, іржалі.
І нават нейкія два франты,
Згубіўшы свой "шляхетны" сорам,
Таксама любаваліся уборам,
Хвалілі, што "пікантны".
А колькі модніцам-кабетам
Іх пахвала абыдзецца і грошай і турбот,
Няшчасныя не думалі аб гэтым.
Назаўтра ўжо ва ўсіх паклонніц мод,
Якія пераймаць заўсёды рады,
Дык не адзін заўважан быў распорак,
А ззаду й спераду – па сорак.
На галаве ж у іх не грады
І нават не гарод,
А проста – цэлае шматполле:
Бульбянік тут развесіў голле,
Там далей – іншы кораньплод;
На самай макаўцы ячмень
Пад вецярком сабе шумеў,
А далей сырадэля
Так міла белым тварыкам глядзела,
І роем навакол гулі
Двухногія чмялі.

………

Якія ж выведу я тут маралі?
Каб на галовах не аралі,
Заводзячы севазварот шматпольны?
Ды не, браткі, зусім
Я клапачуся не аб гэтым,
І байку прысвячаю ўсім,
Хто слепа модзе пакланіцца здольны:
Дзяўчатам ды кабетам,
А больш за ўсіх дык маладым паэтам.

© Sputnik / Альфрэд МікусЗа ручайкаю ручайку грызуць лён...
Беларускі лён - Sputnik Беларусь, 1920, 01.03.2022
За ручайкаю ручайку грызуць лён...

У сушні

За паклонамі б’юць церніцы паклон,
За ручайкаю ручайку грызуць лён,
А з-пад церніцаў кастрыца – быццам снег,
Трэплюць бабы языкамі, дык аж смех,
Перабралі ўжо ўсю вёску мо не раз:
Як пабіўся сёння з жонкаю Тарас,
Як аладак дрэнных Тэкля напякла,
Як учора Манька ўпрочкі уцякла,
Як нядобра накладаюць прадналог,
Як на ўсіх людзей загневаўся ўжо бог,
Бо і людзі ўжо забылі пра яго,
Як Марыля загрубела й ад каго,
Як Тадора шмат нацерла ўчора льну
I як Польшча абвясціла нам вайну...
Так у сушні ў нас вядзецца век-вяком,
Там найболей бабы трэплюць языком,
I пакуль натрэ дзесятак які льну,
Дык абрэша дзесяць раз адна адну.

© Sputnik / Виктор ТолочкоПокуль мой атрад рагаты / Не захоча зноў дахаты...
 На пустыря, который отводили под застройку, теперь пасутся коровы - Sputnik Беларусь, 1920, 01.03.2022
Покуль мой атрад рагаты / Не захоча зноў дахаты...

* * *

"Будзь здарова!" – кажу школе,
Сам – на луг, у лес, у поле.
Там я з пугай-дратаванкай
Аж да вечара ад ранку,
Покуль мой атрад рагаты
Не захоча зноў дахаты...
Мае выпусткі-цялушкі,
Як дзяўчаткі-весялушкі,
А малыя бычаняты –
Нібы тыя хлапчаняты.
Я хаджу за імі ззаду –
Павадыр свайго атраду.
Выйду з імі на паляну –
Люба, гожа, дзе ні гляну...
Жнуць кароўкі, нібы жнейкі,
Чуцен посвіст салавейкі
У дуброве над крыніцай,
Сонца мыецца расіцай,
Залатыя мочыць косы.
Па расе скачу я босы,
I пад спевы птушак мілых
Грае, грае кроў у жылах.
Ўсё, вясна, з табою скача –
Пiянерка ты, няйначай!

© © БГАКФФДІ з выгляду просты, і проста адзет, / Ды гэта не проста, не так сабе дзед...
Белорусский крестьянин, член колхоза, 1934 год - Sputnik Беларусь, 1920, 04.09.2021
І з выгляду просты, і проста адзет, / Ды гэта не проста, не так сабе дзед...

Калгасны дзед

І з выгляду просты, і проста адзет,
Ды гэта не проста, не так сабе дзед,
І шэрая світка зусім ні пры чым, –
У дзеда важнецкі інспектарскі чын.
Інспектар па якасці – гэта ж не жарт!
Патрэбны тут веды, і пільнасць, і гарт,
І чын яму спаць не дае па начах, –
Мільгаюць у дзеда агрэхі ў вачах.
Вясновае сонца вачэй не пратрэ,
А дзеда ўжо клопат, руплівасць бярэ,
А чын ужо штурхае дзеда пад бок:
– Таварыш інспектар! Пара, галубок...
І птушак дасужых звіняць галасы,
І дзедавы ногі шчымяць ад расы.
Ды ногі-то, ўласна, зусім ні пры чым,
І моршчыцца ў дзеда ёсць многа прычын:
Вунь шэрае штосьці на чорнай раллі, –
Няўжо бо нядбайнікі зноў падвялі?
І грозна і гнеўна глядзіць ён на грэх, –
І ўсыпле ж дзед Сцёпку за гэты агрэх!
За тое, што добра дагледзеў вясны,
У прэмію дзеду падносяць штаны.
Штаны як штаны... Мо каб крышку вужэй,
Ды гонар для дзеда за ўсё даражэй.
Дахаты ён прыйдзе, пакажа старой:
– Ты ўсё мяне лаеш, а я вось герой.
Прытуліць старую к сівой барадзе
І горда падарак на стол пакладзе.

© Sputnik / Виктор ДрачевПершы раз, як жыў на свеце, / Быў я ўчора на балеце...
Премьера обновленного балета Лебединое озеро в Большом театре Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 01.03.2022
Першы раз, як жыў на свеце, / Быў я ўчора на балеце...

Балет

Першы раз, як жыў на свеце,
Быў я ўчора на балеце,
Дык няхай яго з балетам!
Нежывога разбярэ там:
Як пакажа штукі ўсе,
Дык аж трасца затрасе.
Сеў я гэта й жду балета.
Тут як выскачыць кабета,
А на ёй дык (вось фасон!)
Не спадніца – парасон,
Ногі голыя і рукі
I – давай паказваць штукі:
Як павернецца бачком,
Як закруціцца ваўчком, –
Без касцей кабета, здэцца,
Як нагнецца ды мігнецца,
Ды пакажа сцегнякі, –
Аж вар'ююцца дзядзькі.
Цётка ж добрая не скупа:
Як заголіцца да пупа,
Як падыме йшчэ нагу,
Дык сказаць я не магу,
Што тут робіцца з дзядзькамі:
Плешчуць, ляскаюць рукамі,
Лямантуюць – "брава"! "біс"! –
Нібы іх кусае гіз.
А кабета – ножку вышай
I ў паветры кола піша
Так прынадна над партнёрам,
Аж... глядзець нек стала сорам.
Тут сусед мой – дзядзька гладкі –
Годзе ўжо даваць у ладкі, –
Ў захапленні выгнуў спіну
I, пусціўшы з рота сліну,
Небарака аж зароў,
Як бугай той да кароў.
Але тая маладзіцца,
Як стрыгунка-жарабіца,
Падбрыкнула ды бягом.
Ёй жа сыплюцца ўздагон
"Біс", і воплескі, і "брава", –
Не на жарты ўсіх забрала.

© Sputnik / Илья ПиталевЯк ворану вышай арла не лятаць, / Так ворагу нашай зямлі не таптаць...
Ястреб - Sputnik Беларусь, 1920, 05.03.2024
Як ворану вышай арла не лятаць, / Так ворагу нашай зямлі не таптаць...

Ворану вышай арла не лятаць

На нас узнімаюцца рыцары ночы,
Іх сочаць у цьме нашы зоркія вочы:
Хай точыць ім сэрца зялёная злосць, –
Па смерць сюды прыйдзе няпрошаны госць.
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць.
Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца,
Скала непрыступная наша граніца,
I пораху хопіць у нас, і свінца,
Каб ворагаў знішчыць усіх да канца.
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць.
Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім,
Мы ворагаў іх жа крывёю напоім,
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць.

Чытайце таксама:
"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна
"У душы адрасце пара крыл…": светлыя згадкі аб жыцці Максіма Багдановіча
"Выходзіць сонца ў свой абход…": вандроўка з лірычным геніем Якуба Коласа
Стужка навiн
0