"Заблудзіў сіні вецер між нівамі…": вершаваная спадчына Максіма Танка

© Sputnik / Егор Еремов / Перайсці ў медыябанкЗаблудзіў сіні вецер між нівамі…
Заблудзіў сіні вецер між нівамі… - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Падпісацца
У юнацтве паэт быў шмат разоў арыштаваны за падпольную дзейнасць, сядзеў у турме, хацеў пайсці на фронт у Вялікую Айчынную, а потым – амаль чвэрць века ўзначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Непадалёк ад Мядзеля, каля ракі Красноўка, побач з маляўнічым борам знаходзіцца вёска Пількаўшчына. У ёй не так шмат жыхароў, і бадай кожны зможа падказаць дарогу да дома, у якім 112 гадоў таму ў сялянскай сям’і нарадзіўся Яўген Скурко – будучы вялікі паэт Максім Танк.

Дзяцінства і польскія школы

Бацькі яго ніколі не былі асабліва заможнымі, але затое вельмі працавітымі. Калі ў 1913 годзе ў сям’і з’явілася магчымасць атрымаць крыху большы кавалак зямлі, яны перасяліліся ў Жукава, але ў 1914 годзе, калі Яўгену было ўсяго два гады, яго бацька Іван Хведаравіч быў мабілізаваны ў армію. Жонка Івана з малым дзіцём на руках накіравалася за ім.
Да 1922 года сям’я Скурко жыве ў Маскве, там праходзяць дзіцячыя гады Яўгена і ён ідзе ў школу. Вучоба давалася хлопчыку лёгка – асабліва ён любіў літаратуру, завучваў на памяць шмат вершаў. Затым яго бацькі вырашылі вярнуцца на радзіму, хоць і бянтэжыліся, што родная Мядзельшчына знаходзілася ў той час пад польскай уладай.
"Мой край азёрны...": шляхамі паэзіі Петруся Броўкі >>>
Школа там таксама была толькі польская – а маленькі Яўген польскай мовы не ведаў, таму яму прыйшлося год прасядзець дома. Але ўжо наступнай восенню хлопчык пайшоў у школу ў Шкленікава, а пазней у 1925 годзе — ужо ў Сваткаўскую школу ў Мядзелі, дзе акрамя вучобы Яўген займаўся ў драматычным гуртку і маляваў.

Юнацтва, спроба пяра, арышты

Восенню 1926 года юнак паспяхова здаў экзамен у трэці клас Вілейскай рускай гімназіі, дзе правучыўся два гады – пакуль польскія ўлады не закрылі яе. Менавіта там ён піша першыя вершы, але тайна, хаваючы сшытак з імі.
У наступнай школе, дзе Яўген правучыўся ўсяго некалькіх месяцаў, ён паспеў пазнаёміцца з камсамольскім падполлем. За ўдзел у адной з вучнёўскіх забастовак супраць ліквідацыі беларускіх школ польскімі ўладамі Яўген Скурко быў выключаны з Радашковіцкай гімназіі – і паехаў у Вільню, дзе адразу паступіў у Віленскую беларускую гімназію, але і там вучыўся нядоўга. Усё паўтарылася па радашковіцкаму сцэнарыю: забастоўка – выдаленне. Яўген правёў лета ў роднай Пількаўшчыне, але вялікі горад вабіў яго, і ўжо восенню юнак зноў паехаў у Вільню, каб паступіць там на курсы тэхнікаў-меліяратараў – нічога дзіўнага ў гэтым выбары не было, толькі там Яўген пасля двух выдаленняў мог вучыцца без паліцэйскага пасведчання аб добранадзейнасці.
Кола жыцця і творчасці Алеся Ставера: "Жураўлі на Палессе ляцяць..." >>>
Пасля, у 1930-1932 гадах, Яўген Скурко вучыўся ў Віленскай рускай гімназіі імя Пушкіна. Там ён працягвае сваю прапагандысцкую і літаратурную дзейнасць, пачынае збіраць фальклор, разам з сябрам Янкам Гарохам выдае рукапісны часопіс "Пралом", дзе ўпершыню з’яўляюцца яго вершы і апавяданні, але пад псеўданімамі – Д. Сівер, А. Граніт.
© Sputnik / ТригубовичМаксім Танк
Белорусский писатель Максим Танк - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Максім Танк
Як карэспандэнта падпольных выданняў яго не аднойчы арыштоўвалі і дапытвалі, сядзеў ён і ў турме – але быў выпушчаны пад залог і зноў вярнуўся на радзіму.
У 1932 годзе па загадзе ЦК камсамола Заходняй Беларусі Яўген накіроўваецца на Наваградчыну, дзе, па сутнасці, жыве ў нелегальным становішчы, пакуль у роднай Пількаўшчыне яго шукае паліцыя. У 1933 годзе Яўген Скурко зноў арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення, і хоць апеляцыйны суд пастанавіў зменьшыць пакаранне да двух гадоў умоўна, у турму юнак неўзабаве ўсё ж такі трапіў – і быў у зняволенні да канца 1934 года.
У 1935 годзе Яўген Скурко, так і не атрымаўшы атэстат сталасці, самастойна рыхтуецца да экзаменаў, каб паступіць ва ўніверсітэт. Прыкладна праз год выходзіць першы зборнік яго вершаў – "На этапах", але кніга амаль адразу была канфіскавана, а юнак – зноў арыштаваны.
Дакладная паэзія жыцця Пімена Панчанкі: "…Людзей ратуе толькі чалавечнасць">>>
У 1937 годзе Яўген, які пэўны час ужо друкуецца пад псеўданімам Максім Танк, скончыў сваю першую паэму "Нарач". За ёй рушылі следам "Сказ пра Вяля" і яшчэ адна паэма – "Журавінавы цвет", якая ўвайшла потым у аднайменны зборнік. Імя Максіма Танка пачынае набываць вядомасць.
Але падзеі 1938 года прымусілі паэта прыпыніць літаратурную дзейнасць і некаторы час зарабляць на жыццё працай на складзе. Аднак і гэтак пражыць у Вільні было немагчыма, і Максім Танк вяртаецца дадому. На першы дзень вызвалення Беларусі ён піша верш "Здарова, таварышы":

Здарова, таварышы! Доўга чакалі
Мы вас і чакала ўся наша зямля.
Не раз мы выходзілі ў сінія далі,
Не раз углядаліся ў сонечны шлях!

Пра вас нашы песні складаліся шчыра,
І колас засмягшы ў полі звінеў,
І кожнай вясною, вітаючы вырай,
Лавілі ўсходняга ветру напеў.

Начамі паўзлі да калючага дроту,
Якім нас хацелі навек раздзяліць,
Мы рвалі яго, звалі Вас на падмогу, –
І вы, дарагія, пачулі, прыйшлі!

Над краем этапных дарог i туманаў,
Над сiнiмi стужкамi блудзячых рэк,
Над хатамi, дзе яшчэ ўчора змярканнем
Зляталася ўсё груганнё на начлег, –

Свабодная песня, парваўшая сiллi,
З напевам арлоў-самалётаў звiнiць.
Здарова, магутныя, зорныя крыллi,
Прынесшыя радасць i шчасныя днi!

Cягоння цымбалы не будуць больш плакаць,
Вясна за сталом загасцiла у нас.
Ад сэрца мы шлём сваё шчырае дзякуй
Сцягам i байцам i паслаўшаму вас.

Вайна і пасляваенныя гады

У 1940-м годзе Максім Танк ажаніўся з Любоўю Асаевіч, з якой пазнаёміўся падчас вучобы ў беларускай гімназіі.
На радзіме Максім Танк працуе ў абласной газеце "Вілейская праўда" – і друкуецца ў ёй жа, але пры першай жа магчымасці з’язджае ў Беласток, дзе яго і застае Вялікая Айчынная вайна. Разам з сям’ёй ён рушыць у Саратаўскую вобласць, дзе спрабуе запісацца на фронт, але разам з іншымі літаратурнымі дзеячамі трапляе на работу ў газету "За Савецкую Беларусь", а потым працуе адказным сакратаром партызанскага сатырычнага агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Вершы, якія Максім Танк напісаў падчас вайны, увайшлі ў зборнік "Вастрыце зброю", які ўбачыў свет у 1945 годзе.
"Як звoняць свiтaльнa кpынiцы…": восеньскія вершы Aнaтoля Гpaчaнiкaва>>>
Пасля вайны Максім Танк займаецца выдавецкай дзейнасцю, працуе ў часопісе "Вожык", а з 1948 года становіцца галоўным рэдактарам часопіса "Полымя". У тым жа годзе выходзіць яго зборнік "Каб ведалі", адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Рэдактарам Максім Танк працуе да 1966 года, а потым – па 1990 год – узначальвае Саюз пісьменнікаў Беларусі. Таксама ён быў дэпутатам Вярхоўных Саветаў СССР і БССР, старшынёй Вярхоўнага савета Рэспублікі VІ-VІІ скліканняў і членам Савецкага камітэта абароны міру. У гэтыя гады паэт напісаў больш сарака кніг і безліч вершаваных твораў.
Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 года – ён толькі на чатыры месяцы перажыў сваю каханую жонку і быў пахаваны на радзіме.
CC BY 4.0 / Vostok uri naroch / Помнік Максіму Танку ў Мядзелі
Помнік Максіму Танку ў Мядзелі - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Помнік Максіму Танку ў Мядзелі
Зборнік "Errata", які выйшаў пасля смерці Максіма Танка, змясціў яго вершы, напісаныя ў апошнія гады. Імя паэта носіць Педагагічны ўніверсітэт і каледж у Мінску, цэнтральная раённая бібліятэка ў Мядзелі, Святкаўская сярэдняя школа і Мядзельская раённая бальніца. Таксама ў яго гонар названы вуліцы ў Мінску і Мядзелі. Нацыянальны банк Беларусі 29 жніўня 2013 года ўвёў у абарачэнне памятную манету "Максім Танк. 100 гадоў".
У дзень нараджэння славутага земляка Sputnik Беларусь падрыхтаваў невялічкую падборку вершаў Максіма Танка. Паглыбляемся ў лірыку народнага песняра разам!

Завушніцы

О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні!

Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.

Але і я – упарты.
I каб свайго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.

На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце –
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.

Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых
Ні ў час, калі смяецца,
Спявае або плача.

Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся, змярканнем, –
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.

© Sputnik / Дзмітрый КарлюкПрасіў я шчыра майстра / Зрабіць ёй завушніцы...
Мінск старажытны - 2015 - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Прасіў я шчыра майстра / Зрабіць ёй завушніцы...

Вырай

Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх
іду, як калісь, у задуме цяпер я,
і ў небе мне звоніць блакітным, высокім
сівое птушынае пер’е.

Лірыкай восені дыхаюць далі.
У кожнага з выраем траціцца многа, –
то дні маладыя, то вуснаў каралі,
то спеў на пясчаных дарогах…

Следам глядзіш – столькі ў крыллях свабоды!
А ўсё-ж нават птушкам без болю не кінуць
чубатыя хаты, шнуры, азяроды,
лясы маёй роднай краіны.

Потную вецер палошча кашулю.
Ну што адлятаючым скажаш такога?
Мо’ крыкнуць ім толькі, каб суму не чулі:
– Ляціце!.. шчаслівай дарогі!

© Sputnik / Виктор Толочко...Мо’ крыкнуць ім толькі, каб суму не чулі: / – Ляціце!.. шчаслівай дарогі!
Узкоколейка, по которой доставляют торф на Житковичский торфобрикетный - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
...Мо’ крыкнуць ім толькі, каб суму не чулі: / – Ляціце!.. шчаслівай дарогі!

Рукі маці

Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.

Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.

Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.

Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
I на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
I ў сэрцы.

© Sputnik / Виктор ТолочкоІх цалавала зямля / Сваімі пясчанымі вуснамі / I каласамі...
Вот так выглядят руки вязальщицы веников - в сезон мозоли не проходят - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Іх цалавала зямля / Сваімі пясчанымі вуснамі / I каласамі...

* * *

Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
– Что самае цяжкае
На гэтым свеце?

І ён адказаў:
– Прайсці праз вернасць.

© Sputnik / Мария Амелина– Что самае цяжкае / На гэтым свеце? / І ён адказаў: / – Прайсці праз вернасць.
Пара черных лебедей  - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
– Что самае цяжкае / На гэтым свеце? / І ён адказаў: / – Прайсці праз вернасць.

Касец

Выйду я ў поле з вострай касою –
сонца не ўстала яшчэ над зямлёю –
трэба яго спатыкаць.
Кіну сталёвыя ўдаль адгалосы,
стану, пачну я касіць у пакосы, –
неба зардзелася гладзь.

Доўга звінеў звон касы сіратлівы,
дзесьці пачуўся, далёка над нівай,
ў цішы калоссяў і ніў.
Быццам ў адказ на прызыў адзінокі,
звон кос пачуўся далёкі, далёкі –
песні магучай прыліў.

Ўдарыла рэхам у межы вузкія,
і зашумелі шнуры залатыя
з песьняй сталёвай касы.
I у пакосы з устаўшай зарою
клаліся цвёрдай мазольнай рукою
горкі палын, каласы.

© Sputnik / Альфред МикусВыйду я ў поле з вострай касою...
Липнишковские сенокосы - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Выйду я ў поле з вострай касою...

Шчасце

Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,

Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,

З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,

З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні… І так мне здаецца:

Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?

© Sputnik / Альфред МикусПростае шчасце людское, / Так, як і наша з табою, / Пэўна, складаецца з солі, / З хлеба, сабранага ў полі...
Кузьміцкі хлеб - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Простае шчасце людское, / Так, як і наша з табою, / Пэўна, складаецца з солі, / З хлеба, сабранага ў полі...

* * *

Сосны, бярозы, імшарнікі, ягады…
I для мяне, хоць сам з гэтага краю,
Мову лясную спрадвечную знаю,
Колькі загадак яшчэ не разгадана,

Тоіцца ў нетрах пад кожнай галінай,
Вывараццю расахатай хваіны,
Папаратнікавымі парасонамі
Ды ядлаўцамі духмянымі, соннымі!

Вось нешта ціха ўздыхнула ў ляшчэўніку.
Раптам разбуджаная сухастоіна
Ціха зайграла на скрыпцы расстроенай,
Сонца чыранкай мільгнула ў мячэўніку

Ды ў хмызняках заблытаўшыхся ніцых,
Быццам падбітае, тоне ў крыніцы.

Цені, расою набракшы, згушчаюцца.
Можа дамоў не вярнуся да раніцы.

Можа зусім не прыйду. Застануся.
З ценямі дрэў назаўсёды зліюся.

© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокВось нешта ціха ўздыхнула ў ляшчэўніку...
Арэшнік - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Вось нешта ціха ўздыхнула ў ляшчэўніку...

Садзіце лясы!

Садзіце лясы! Садзіце лясы
Ва ўсе гадавіны, прыгоды, часы!

I саджанцам, як немаўлятам, зялёным
Давайце на хрэсьбінах гэтых імёны –

Імёны сваіх незабыўных бацькоў,
Імёны каханых, імёны сяброў.

Імёны падзей, што палаюць зарою,
Імёны авеяных славай герояў

I рознапляменных народаў, дзяцей,
Імёны сузор’яў і нашых надзей.

Каб дрэвы і ранняй і позняй парой
Заўсёды шумелі над мірнай зямлёй.

© Sputnik / Станислав ЛобатыйІмёны падзей, што палаюць зарою, / Імёны авеяных славай герояў...
Среди наград - медали За отвагу и За боевые заслуги - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Імёны падзей, што палаюць зарою, / Імёны авеяных славай герояў...

На межах

Заблудзіўся сіні вецер між нівамі,
ткаў узорамі сінія думы,
прабягаў каласістымі грывамі,
прабягаў між калоссямі шумам, –

Шумам тым, што ў цэлі за кратамі
не даваў днём і ноччу спакою;
думы тыя, што вечна аратаму
сняцца над паласой-баразною.

Час настаў, каб загоны шырокія
ты засеяў, а сеяць ўжо можна.
Хай глыбей плуг барозны глыбокія,
хай глыбей рэжа грудзі барознаў.

Даўно бураю хмары развеяла.
Зары струнаў дрыжаць валаконцы.
Выйдзі, сейбіт сусветны, ды весела
выйдзі сеяць, таварыш, да сонца!

Заблудзіў сіні вецер між нівамі,
ткаў узорамі сінія думы,
прабягаў каласістымі грывамі,
прабягаў між калоссямі шумам.

© Sputnik / Илья Наймушин / Перайсці ў медыябанкПрабягаў каласістымі грывамі, / прабягаў між калоссямі шумам...
Колосья созревающей пшеницы - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
Прабягаў каласістымі грывамі, / прабягаў між калоссямі шумам...

Лісце каштанаў

За шэрым схіленым парканам
Скрыпіць пясок сырых дарог,
Спадае медны ліст каштанаў
На жоўты стоптаны мурог.

Ідзеш, яго рукамі ловіш, –
Злавіўшы, пусціш, хай ляціць, –
Зноў не шумець яму ў дуброве,
Вясенніх шолахаў не піць.

I сумаваць яшчэ так рана,
Калі ўдаль маніць сцежак гладзь,
Калі на шум лясны ў тумане
Умееш песняй адказаць,

Калі так хочацца смяяцца,
Што бачыш ты і чуеш ты,
Як ціха сыплюцца праз пальцы
Каштанаў звонкія лісты.

© Sputnik / Виктор Толочко...Як ціха сыплюцца праз пальцы / Каштанаў звонкія лісты.
Листья каштанов - Sputnik Беларусь, 1920, 17.09.2024
...Як ціха сыплюцца праз пальцы / Каштанаў звонкія лісты.
Чытайце таксама:
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
"Добра ў лузе ў час палудны…": вершы пра малую радзіму
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
Стужка навiн
0