Конан выводзіць усіх на агароды, або Час сеяць капусту

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрада капусты
Града капусты - Sputnik Беларусь, 1920, 19.03.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае, калі трэба сеяць расаду і нагадвае пра посныя стравы з капусты.
Нарэшце пачалі вяртацца з выраю птушкі, нагадваючы сваім прылётам, што вясне дарога. Ясным і крыху марозным ранкам гараджан і вяскоўцаў будзяць сваімі развагамі аб надзённых справах гракі.
Згодна з Народным календаром іх "прыгнаў" Герасім Гракоўнік, прысвятак якога прынята адзначаць 17 сакавіка. Назіраць за паводзінамі гракоў радасна і цікава, бо згодна з народным досведам гэта птушка сапраўдны "метэаролаг". Па паводзінах гракоў зараз можна спрагназаваць надвор’е на ўсю вясну.
Народныя прыкметы сведчаць, што, калі гракі па прылёце адразу сядаюць на гнёзды, то гэта на дружную вясну, калі ж лётаюць бязмэтна, то вясна будзе павольнай або позняй.
Птушыныя прагнозы падштурхоўваюць гаспадынь варушыцца і дбаць пра будучы ўраджай капусты. Да яе вырошчвання ставіліся з усёй адказнасцю, высяваючы насенне ў скрыні або ў адмысловыя "расаднікі". Народны каляндар падказваў найбольш спрыяльныя для гэтага дні – 14 сакавіка на Аўдакея і 18 сакавіка на Конагародніка. Прысвятак Конагароднік або Конан Агароднік быў прысвечаны агароднай справе, а дакладней, з яго яна пачыналася. Казалі, што "Конан выводзіць усіх на агароды". Ну, трэба дык трэба!

"Без капусты жываты пусты"

Колькасць страў, якія гатуюць з капусты ў нашай нацыянальнай кухні вялікае мноства і гэта не выпадкова. Гэтую каштоўную, вітамінную гародніну можна ўжываць круглы год. Да ўсяго расліна цудоўна пачувае сябе на нашых не вельмі ўрадлівых землях.
З гістарычнай і мемуарнай літаратуры вядома, што ў Беларусі з даўніх часоў вырошчвалі і спажывалі яе розныя гатункі. Так пры дварах беларускай шляхты вырошчвалі квяцістую, белакачанную (белую), ліставую, чырвоную, савойскую, кальрабі, брусельскую капусты. У белакачаннай капусты выкарыстоўвалі не толькі белае, але і шэрае лісце.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКапуста кальрабі
Капуста кальрабі - Sputnik Беларусь, 1920, 17.03.2022
Капуста кальрабі
Просты ж люд на сваіх сціплых агародах аддаваў перавагу белакачаннай капусце, з якой гаспадыні рабілі нарыхтоўкі на зіму, захоўваючы яе квашанай і свежай напрацягу доўгага часу.

Капусныя забабоны

Не было гаспадыні, якая б ні жадала атрымаць добры ўраджай капусты і таму верыла, што пэўныя яе словы і дзеянні мусяць паспрыяць гэтаму. Так, сеючы расліну трэба было нашоптваць: “Сею, сею капусту, сею, паліваю. Расці, капуста вялікая, на зіму схаваю”.
Далей, каб галоўкі капусты добра закруціліся і былі цвёрдымі, трэба было перад пасадкай расады каля першага каліва закапаць у зямлю маленькі каменчык, загорнуты ў белую анучку. Пры гэтым, садзячы капусту, жанчыны хапаліся за галаву і за сцёгны прыгаворваючы: "Каб была такая крэпкая, як галава і тоўстая, як ср..ка".
Каб капусту ўлетку не псавалі вусені, яе пасыпалі попелам, сабраным з печы ў Чысты чацвер або на купальскім вогнішчы. Паданне аб тым, што немаўлят знаходзяць у капусце паходзіць з таго, што бусел з выраю быццам прыносіць душу і падкідае яе ў капусту.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКвашаная капуста з журавінамі
Квашаная капуста з журавінамі - Sputnik Беларусь, 1920, 17.03.2022
Квашаная капуста з журавінамі

"Густа, тлуста наша капуста"!

Стравы з капусты нахвальвалі і тыя хто еў, і тыя хто гатаваў. Вось некалькі цікавых страў з капусты па-беларуску.
Галубцы з грыбамі (посная)
З чаго гатаваць:
1 качан капусты
500 г свежых грыбоў
2-3 цыбуліны
80 г алею
150-200 г смятаны
адвар капусты і грыбоў
соль па смаку
0,5 ч лыжкі спецый (каляндра, кроп, кмен)
1-2 лаўровых ліста
зеляніна кропу
Як гатаваць. Абабраць качан капусты ад верхніх лістоў, выдаліць храпку. Адварыць яе ў падсоленай вадзе так каб лісце стала мяккім, але не пераварылася. Дастаць капусту з адвару і крыху астудзіць, аддзяліць капусныя лісты.
Прыгатаваць фарш са свежых грыбоў. Грыбы адварыць, адцадзіць і нашаткаваць саломкай, дадаць у іх дробна пасечаную цыбулю, крыху змолатых спецый, падсмажыць на алеі, у канцы дадаць жменю здробненай зеляніны кропу. Фарш закруціць у капусныя лісты, скласці галубцы ў глыбокую патэльню альбо каструлю, заліць смятанным соўсам, накрыць крышкай і патушыць пакуль лісце капусты крыху не памякчэе і не напітаецца соусам.
Соус: у адвар капусты і грыбоў дадаць смятану, соль па смаку і лаўровыя лісты. Калі не дадаваць у соус смятану, атрымаецца цудоўная посная страва.
Капуста ў палуйках (палавінках)
Для нарыхтоўкі капусты ў палуйках увосені бяруць крэпкія качаны (галоўкі) сярэдняга і невялікага памераў. Капусту чысцяць ад верхняга лісця і разразаюць напалам уздоўж качарыжкі (храпкі), складаюць у кадку ці бочку, заліваюць чыстай вадой і накрываюць накрыўкай. Так трымаюць у кладоўцы (варыўні) пакуль не закісне 4-5 месяцаў. Невялікія галоўкі капусты кладуць цэлымі.
Часам паміж радамі капусты сыпалі невялікую колькасць буйна тоўчанай кукурузы, што надавала капусце прыемны жоўты колер і далікатны смак расолу. Дарэчы, так робяць і балгары. Каб капуста была крохкай пры квашанні, у расол дадавалі і скрылікі кораня хрэну.
Есці такую капусту пачынаюць ад красавіка і пакуль не скончыцца. У расоле ў склепе яна можа захоўвацца да новага ўраджаю. Менавіта з такой капусты гатуюць цікавую страву ў Любанскім р-не Мінскай вобласці. Жыхарка вёскі Пласток Соф’я Міхайлаўна Каток пачаставала тушанай капустай у палуйках. Вось вам рэцэпт і не перажывайце, калі ў вас няма такой капусты. Проста схадзіце на кірмаш, паколькі самы гандаль ёю пачынаецца менавіта ўвесну, або "патрасіце" сваякоў на вёсцы. Глядзіш і капусту знойдзеце!
Капуста тушаная ў палуйках
З чаго гатаваць:
галоўка квашанай капусты,
1-2 цыбуліны,
соль да смаку,
1 ст лыжка свінога тлушчу (туку) або алею,
заправа з насення каляндры і кропу.
Як гатаваць. Капусту разрэзаць на 4 часткі, пакласці ў гаршчок разам з ачышчанай цыбуляй, пасаліць, дадаць заправу і свіны тук, уліць крыху вады, уставіць у печ або духоўку на 1 гадзіну.
Капуста стане мяккай, набярэцца водарам цыбулі, кмену і каляндры. Страву можна есці з хлебам як самастойную або падаць як гарнір да запечанага мяса. Смаката!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКвашаная капуста ў палуйках
Квашаная капуста ў палуйках  - Sputnik Беларусь, 1920, 17.03.2022
Квашаная капуста ў палуйках
Ну а калі не знойдзеце такой капусты, то смела ідзіце ў краму па звычайную, белую і прыгатуйце галубцы. Толькі замест мяснога фаршу, укладзіце ў сярэдзіну смажаныя з цыбулькай грыбы і атрымаецца цудоўная посная страва. І гэта ўжо страва не вясковай, а старадаўняй шляхецкай кухні!
Дарагія сябры, адчуйце непаўторны смак беларускай вясковай кухні ў сваёй хаце!
Чытайце таксама:
Яўдоха, які трымае ў руцэ лета, або Гаспадарскія клопаты і стравы ў пост
Дзеруновыя рэцэпты з бабулінай печы, або Набліжаемся да вясны
Грамніцы, Агата і Вакула ў дапамогу: як зберагалі здароўе і гаспадарку нашы продкі
Стужка навiн
0