Бог ня роўна дзеле: вершы Францішка Багушэвіча


Бог ня роўна дзеле
Чым-то дзеіцца на сьвеце,
Што ня роўна дзеле Бог?
Адзін ходзе у саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай, – велькі труд;
Весь, як рэшата, сьвіціцца,
Адны латы, адзін бруд!
Адзін мае хатаў многа,
А вялікіх – касьцёл моў;
Увясьці б туды хоць Бога,
I той бы зь іх не пайшоў.
У другога ў сьцяне дзюры,
Вецер ходзе, дым і сьнег;
Тут карова, сьвіньні, куры...
Тут пакута, тут і грэх!
Гэты едзе у вагоне –
Цёпла, мякка, толькі жыць!
А ляціць, як віхар гоне,
А ён сабе толькі сьпіць!
Той ў мяцеліцу, ў марозе,
Што аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе,
У сьнягу увесь па брух!
Гэты хлеба і ня знае,
Толькі мяса ды пірог,
I сабакам выкідае
Усё тое, што ня змог.
А той хлеб жуе зь мякінкай,
Хлёбча квас ды лебяду,
Разам жывець і есьць зь сьвінкай,
З канём разам п’ець ваду!
Аднаму дзесяткі-служкі
Зарабляюць сотні сот;
Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель, дрыжыць жывот!
Другі ж сам, аж на дзесятак
Працуючы, лье свой пот.
А высахшы, як аплатак,
Цянюсенькі, як той кнот.
Гора
Каб мне голас добры мець,
Каб мне гора куды дзець,
Каб жа гора Бог ня даў, –
Я б вясёла засьпяваў:
Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у аклунак,
Склаў бяду сваю, фрасунак,
Кінуў ў рэчку аж да дна, –
Прыйшло гора, як штодня.
Ой, гора ж маё!
Ўзяў я гора ды ў анучу,
Кінуў ў полымя-агонь,
Ніяк гора не замучу:
Гора горам, як штодзён.
Ой, гора ж маё!
Ўзяў я гора – ды на вожжы,
Завёў ў лес, скруціў да пня,
Заўтра гора, як сьвет Божы,
Ўлезла ў хату, як штодня.
Ой, гора ж маё!
Склаў я гора ды у дошкі,
Закапаў у велькі роў,
Адышоў ад ямы трошкі,
Аж у хаце гора зноў.
Ой, гора ж маё!
Завярнуўшы у салому,
Гора ў лапаць палажыў,
Абуў лапаць, сышоў з дому:
Гора горам, – лапаць згніў.
Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у тарбіну,
Аж у Мэрыку адвёз, –
Думаў: тут або я згіну,
Або з гора будзе лёс.
Ой, гора ж маё!
Дык і тут няма пакою:
З горам лёг і з горам ўстаў;
Мусіць, Бог яго з душою
Разам возьме, разам даў!
Ой, гора ж маё!
Калыханка
Люлі, сынок, люлі, люлі!
Усе курачкі паснулі,
Ой, паснулі і курчаткі
Пад скрыдэлкам сваей маткі;
А ты чаго ня сьпіш, сынку,
Як бы чуў ліху гадзінку?
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
А як матка прыйдзе ў госьці,
Ой, то будзе ёй радосьці...
Сядзе матка ў кут на лаве,
Сын хлеб-соль прад ёй паставе,
Ручкі, ножкі пацалуе,
Памілуе, пажалуе;
Пачастуе мядком сытным,
Блінком мякенькім падсітным,
Піражочкам і з начынкай,
Верашчачкай гарачынкай...
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Ой, то будзе рада матка,
Хоць і простая салдатка,
А ўсякі шапку здыме,
Як дазнаецца аб сыне.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
Людцоў Божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў сьвеце жыці,
Будуць клясьці, як ліхога,
Прасіць сьмертанькі ад Бога.
Люлі, сынок, люлі, лголі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Тагды матка прыйдзе ў госьці,
Сын выкіне стары косьці,
Жабруючы, пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць Матку Боску,
Каб забыцца ей аб сыне,
Каб ня ведаць, гдзе ён згіне.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Ой, ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала...
Люлі, сынок, люлі, люлі.
Усе курачкі паснулі,
Ой, паснулі і курчаткі
Пад скрыдэлкам сваей маткі...

Смык
Ох, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я зьнік,
Абы голас даў;
Каб той голас чуць
Па усей зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі!
Выйшаў бы я ў гай, –
Чык-чырык дуба,
Аж ён граў бы, знай,
Як тая труба,
Што пазьве на суд
У астатні час
Увесь Божы люд...
Пазаве і нас.
Хвойку б пацягнуў,
Каб аж бор прылёг,
Увесь лес сагнуў
У барані рог;
I завыў бы ён,
Каб усё пачуў,
І наш енк і стон
У бары б лунуў!
Каб бярозку раз
Пацягнуў смыком,
Яна вечны б час
Раўла б з мужыком!
Каб аж зёлачкі
Заігралі бы,
Як шчыголачкі,
Засьпявалі бы!
Як смычком бы тым
Камень зачапіць,
Дык пайшоў бы дым...
"Камень не сьцярпіць!"
У жарству, пясок,
Каб рассыпаўся,
Каб даў галасок,
Аж захліпаўся!
Каб пачуў усяк
Ды каб літасьць меў:
Каб цьвёрды разьмяк,
Каб мяккі аж млеў!
Ох, каб мне той смык,
Каб на сэрцах граў, –
З радасьцяй бы зьнік,
Абы голас даў!..