Паўлюк Багрым: драматычная спадчына ў адным вершы

© Гістарычныя асобы Беларусі, Варэца В.I.,Варэца Л.А., 1995, Мiнск, Iнсолiк"Паўлюк Багрым", Валянцін і Ляіля Варэцы
Паўлюк Багрым, Валянцін і Ляіля Варэцы - Sputnik Беларусь, 1920, 14.11.2022
Падпісацца
14 лістапада спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага каваля і першага "сялянскага" паэта.
Невялічкая вуліца беларускага горада Баранавічы названа ў гонар першапраходца вершаванай сялянскай думкі. На жаль, да сённяшняга часу да нас дайшлі адзіны верш і адзіная люстра знакамітага беларуса. Пра тое, як звычайны хлопчык з прыгоннай вёскі быў забраны ў рэкруты, стаў кавалём і ператварыўся ў легенду, чытайце ў матэрыяле Sputnik.

Ад бацькоўскага парога

Рэшткі войск Напалеона яшчэ пакідалі беларускую зямлю, аб’яднаная расійская армія гнала іх усё далей на захад, а народныя мсціўцы, робячы партызанскія засады, марылі аб сваёй свабоднай зямлі і лепшай долі для сябе і сваіх дзяцей. Менавіта ў гэты няпросты час у сям’і вясковага рамесніка нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Паўлікам.
Няпростыя абставіны першых пасляваенных гадоў, цяжар сялянскага жыцця ў прыгоннай вёсцы, незвычайнасць бацькоўскай кавальскай працы і прываблівасць прыроднага наваколля – напэўна, усё гэта разам паўплывала на свядомасць хлопчыка, вызначаючы яго лёс і будучы творчы шлях.
Розум Паўліка Багрыма цягнуўся да навукі, душа – да волі, сэрца – да справядлівасці, а рукі – да вершаў і таямніцы кавальскай справы.
Подзвіг грамадзянскасці ў лёсе і вершах Цішкі Гартнага: "Я аддаў бы усё старане…" >>>
Нягледзячы на бацькоўскія таленты, сям’ю Багрымаў нельга было назваць заможнай. Таму сродкаў бацькі на многае хапіць не магло. Вёска Крошын у тагачасным Навагрудскім павеце (сёння Баранавіцкі раён Брэстчыны) была невялікай, але мела пачатковую школу, куды хлопчыка і прывёў бацькоўскі клопат.
Падчас навучання ў Крошынскай рымска-каталіцкай парафіяльнай школе Павел прызвычаіўся да чытання мастацкай літаратуры, у асаблівасці яму падабаліся творы старажытных грэкаў Гамера ды Эзопа. Паэтычная трапнасць рыфм і пякучая грэчаская сатыра простых да ўяўлення вобразаў абуджалі ў юнаку творчае натхненне, да якога пакрысе прымешвалася цяга да фальклору і свабодалюбства. Знаёмства ж з творамі Адама Нарушэвіча і Юльяна Нямцэвіча, прасякнутымі думкамі аб свабодным існаванні чалавека і антыфеадальнымі настроямі, моцна паўплывала на асобу юнага Багрыма.
Ад прыроды цікаўны, хлопец больш за ўсё меў ласку да спасціжэння моўнага скарбу, ды неўзабаве такая ж прыродная даверлівасць згуляла з ім нядобрую ролю.

"Зайграй, зайграй, хлопча малы…"

У 1828 годзе на малой радзіме Паўла Багрыма падняліся народныя хваляванні. Цяжка сказаць, які ўдзел прымаў у іх малады хлопец, але дакладна вядома, што ён знаёміў насельніцтва з вальнадумнымі вершамі – зачытваў свае радкі і творы іншых паэтаў.
Аднойчы маладога Багрыма выклікаў ксёндз Магнушэўскі, які кіраваў парафіяльнай школай, каб юнак выступіў са сваімі вершамі ў школе, бо лічыў, што хлопец можа стаць знакамітым паэтам, а "сенатар і рэктар хвалілі поспехі вучняў".
Вандроўка з лірычным геніем Якуба Коласа: "Выходзіць сонца ў свой абход…" >>>
Паводле ўспамінаў навагрудскага адваката Ігнація Яцкоўскага, якія той выклаў у кнізе "Аповесць майго часу" (выдадзена ў Лондане ў 1854 годзе):

"Багрым дастаў сшытак і, не прадбачачы, што можа быць пакараны за тое, за што прастадушны ксёндз столькі разоў хваліў яго, пачаў чытаць свае журботныя элегіі, з якіх толькі некалькі строф засталося ў памяці аўтара, і якія тут прыводзім: "Зайграй, зайграй, хлопча малы, І ў скрыпачку, і ў цымбалы, А я зайграю ў дуду, Бо ў Крошыне жыць не буду, Бо ў Крошыне пан сярдзіты, Бацька кіямі забіты, Маці тужыць, сястра плача: "Дзе ж ты пойдзеш, небарача?"… Пасля прачытання сенатар загадаў аддаць яму сшытак, і абодва з’ехалі з абяцаннем, што падумаюць аб лёсе гэтага незвычайнага паэта. Ксёндз з радасці пагладзіў яго і запэўніў, што гэта яму прынясе карысць".

Як пазней пісаў пра Магнушэўскага вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль у мініяцюры "Пераход":
"Вясковы ксёндз Магнушэўскі – добраахвотны настаўнік Багрыма, нашага Шаўчэнкі, задушанага ў зародку."
Ды здарылася непапраўнае: праз некалькі дзён да бацькоўскай хаты завіталі жандары, якія знайшлі і канфіскавалі іншыя "непатрэбныя радкі" Багрыма. Пасля было праведзена следчае "апытанне" мясцовага насельніцтва, якое пацвердзіла, што юнак распаўсюджваў верш "Бунт хлопаў". Пакаранне было неадкладным – хлопца са школьнай лаўкі прымусова забралі ў рэкруты.

"…Ды ад бацькавых калёс"

Такім чынам у імператарскай арміі з’явіўся новы салдат, а ў гісторыю беларускай літаратуры незнарок увайшло новае паэтычнае імя – Паўлюк Багрым. Пісаў малады рэкрут пасля таго ці не? Адказ, пэўна, будзе адмоўны. Салдацкая служба таго часу займала не адзін і не пяць гадоў, а была вельмі працяглай і цяжкай.

Так, спраўдзілася юнацкае прадбачанне свайго жыццёвага шляху, якое Багрым згадаў у сваім вершы, што адзіны і дайшоў да нас: "Пайду ў свет, у бездарожжа… Каб я каршуном радзіўся, …У рэкруты б не забралі…".

Пасля доўгай салдацкай справы Паўлюк Багрым зноў апынуўся ў родных мясцінах, каб ужо назаўсёды вярнуцца да справы бацькоўскай – кавальскай. Падужэўшы ў салдатах, але не забыўшыся працы з металам, ён хутка стаў знакамітым кавалём.
Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…" >>>
Па ўспамінах вяскоўцаў і, крыху пазней, асобных даследчыкаў Паўлюк Багрым ствараў сапраўдныя кавальскія шэдэўры. Асабліва гэта датычылася люстраў, адна з якіх да гэтага часу захоўваецца ў Крошынскім касцёле Божага Цела.
© Public DomainФрагмент люстры з інскрыпцыяй Паўлюка Багрыма
Фрагмент люстры з інскрыпцыяй Паўлюка Багрыма - Sputnik Беларусь, 1920, 14.11.2022
Фрагмент люстры з інскрыпцыяй Паўлюка Багрыма
Пайшоў паэт-каваль у іншы свет каля 1891 года – больш дакладнай даты, на жаль, няма. Пахаваны Паўлюк Багрым у сваёй роднай вёсцы каля касцёла.
Драма жыцця… Ды ці ж магло здарыцца іначай?
Калісьці з гэтай нагоды знакаміты беларускі паэт Уладзімір Караткевіч узрушана напісаў пра самотны лёс Багрыма:

"Мог бы славай грымець
Сярод годных паэтаў Еўропы, –
Гвалтам спуталі ногі,
Трымалі ўвесь час за руку.
Што пакіне ён?
Вершык у памяці хлопаў,
Кандэлябру у касцёле
Ды кроў на гаручым пяску…".

Сапраўды, засталася люстра, якая і сёння ззяе далёкім ды цёплым святлом як напамін аб чалавеку. Бо кожнае жыццё – нават напаўзабытага творцы – гэта маленькая незгасаючая лампада ў храме народнай памяці.
На роднай зямлі Паўлюк Багрым, бясспрэчна, лічыцца першым сялянскім паэтам. І адзіны верш, што захаваўся з яго паэтычнай спадчыны, бо ўсё астатнія, ёсць меркаванне, былі знішчаны, ужо стаў літаратурнай легендай.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗайграй, зайграй, хлопча малы. / І ў скрыпачку і ў цымбалы...
Запрашаем на вячоркі - Sputnik Беларусь, 1920, 14.11.2022
Зайграй, зайграй, хлопча малы. / І ў скрыпачку і ў цымбалы...

* * *

Зайграй, зайграй, хлопча малы.
І ў скрыпачку і ў цымбалы.

А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача:
"Дзе ж ты пойдзеш, небарача?.."

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,

У ваўкалака абярнуся,
З шчасцем на вас азірнуся.

Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не нарадзіла,

Каб ты мяне не карміла,
Шчасліўшая ты б была!

Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:

У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі…

А я і расці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся?

Ой, кажа́не, кажанé!
Чаму ж не сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.

Чытайце таксама:
Жыццё і творчасць Янкі Купалы: "Мне засталася спадчына…"
Лёс і творчая спадчына Ніла Гілевіча: "Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!.."
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
"Мой край азёрны...": шляхамі паэзіі Петруся Броўкі
Стужка навiн
0