Бацька, маці і родная мова: 5 лепшых вершаў пра сям'ю


Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
I на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
I ў сэрцы.

* * *
Вярнуўшыся ў родную хату,
На родны прысеўшы парог,
Ты скажаш: "Дзень добры, мой тата!
Падумаць, прайшло столькі год…"
Маршчыністы твар усміхнецца
І скажа: "Мінаюць гады,
Але застаюцца навечна
Святымі – сям’я, дом, бацькі!"
Вярнуўшыся ў родную хату,
З сям’ёй за святочным сталом,
Сустрэўшы з аплаткай Каляды,
Успомніш дзяцінства сваё…
І рэха малітвы сумеснай
Гучыць, як бацькоўскі наказ:
"Вас можа раскідаць па свеце,
Але прылятайце да нас!"
Вярнуўшыся ў родную хату,
Адкуль б’е крыніца твая,
Цяпер дзе адно маці з татам
Стаяць ля пустога двара
І вуліцай зноў выглядаюць,
Калі ў дом вярнуцца сыны…
А дзеці лісты дасылаюць:
"Вам дзякуй, што ў свеце ёсць Вы!"
І робішся зноўку багатым
Ад шчырых усмешак і слоў,
Вярнуўшыся ў родную хату –
Да родных, любімых бацькоў!!!

"Радня – працяг твайго зямнога дня..."
Радня – працяг твайго зямнога дня.
Маліся, каб не скора вечарэла,
Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла,
Каб ля цябе не зябла дабрыня.
Ваўком завые злосці ваўчаня,
Зірне чужая зайздрасць анямела.
Каб дрэва радаводнае шумела,
Таіць карэнне мусіць глыбіня.
Рыдлёўка далакопава ў знямозе
Жвір сыпле раўнадушнай даланёй
На сон, што йдзе па незямной дарозе.
Трывожна кожнай верачы прыкмеце,
Расстаўшыся з апошняю раднёй,
Адчуеш, як сцюдзёна ў гэтым свеце.

Сынок і маці
Пакуль яшчэ зялёная зямля
Трымае нас па міласці закона,
Сынок і Маці – зерне і ралля.
Сынок і Маці – мудрая ікона.
I спеюць хай удзячныя гады,
Бяжыць удаль дарога палявая.
Ён для яе маленькі назаўжды,
Нявопытны, пакуль яна жывая.
Крывавы час, адкінь свой грозны меч.
Прыслухайся да сцішанага слова.
З кароткіх, як само жыцьцё, сустрэч
Саткана іх нявечная размова.

Як бацька чакае сыноў
Ноч разгарнула бяззорны плашч,
стукае голлем аб стрэху вішня.
Вецер і холад.
I дождж, як плач,
звоніць у вокны хаты зацішнай.
Нехта спазніўся, нехта прамок.
Сушыцца хустка.
Варыцца страва.
У хаце не ўсе, яшчэ сына здалёк
бацька чакае, прысеўшы на лаву.
Пэўна што прыйдзе, абы толькі змог,
ветру насупраць, на злосць непагодзе.
Калі бацька стары чакае ў дзвярох,
нанач дахаты сыны папрыходзяць.
Бо бацька і маці і родная мова,
узнятая к славе амаль з небыцця,
паэтаў натхнёным і велічным словам,
для беларусаў – пытанне жыцця.