Што зменіцца для веласіпедыстаў у Беларусі з 27 кастрычніка
© Sputnik / Наталья Селиверстова
/ Падпісацца
Не спешвацца на пераходах, выкарыстоўваць люстэрка па жаданні, за горадам абавязкова абазначаць сябе флікерамі – гэта новыя палажэнні ПДР, якія запрацуюць для веласіпедыстаў зусім хутка.
МІНСК, 25 кас – Sputnik. Цэлы шэраг новаўвядзенняў чакае веласіпедыстаў і карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці з 27 кастрычніка, паведаміў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Аляксандр Занімон падчас анлайн-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Новыя нормы ўводзяцца па ўказе №145 "Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху".
Не спешвацца на пераходах
Веласіпедыстам зараз не абавязкова пешшу пераходзіць па "зебрах" – можна праехаць, але абавязкова трэба прытармазіць да заезду на пераход, а затым рухацца з хуткасцю пешахода.
Як растлумачыў Занімон, гэта неабходна для таго, каб вадзіцель меў магчымасць загадзя ўбачыць веласіпедыста.
Уводзіцца і паняцце "веласіпедны пераезд". Фактычна яны былі і да прыняцця новых правіл. У старой рэдакцыі гаворыцца аб пункцірнай разметцы з "квадрацікаў" (1.15), якой абазначаюць "прадаўжэнне веладарожкі", як правіла, паралельнае пешаходнаму пераходу.
© ГАИНовыя знакі
Новыя знакі
© ГАИ
Часам пешаходы памылкова прымаюць гэтую разметку як "сваю", замінаючы веласіпедыстам. Але зараз у правілах дакладна прапісана, што ёсць менавіта велапераезды. Іх абазначаюць вышэйзгаданым пункцірам, а часам яшчэ зялёнай фарбай і белым трафарэтам веласіпеда. У Мінску такіх пераездаў дастаткова шмат.
Новы пункт ПДР кажа, што гэтыя пераезды прызначаны для веласіпедыстаў і толькі тых пешаходаў, якія выкарыстоўваюць сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ), гэта значыць электрасамакаты, гіраскутары і іншыя падобныя прыстасаванні. Такім чынам, пешага чалавека там у прынцыпе не павінна быць. Гэта зроблена для бяспекі, найперш пешаходаў.
З’явіўся і новы знак, які папярэджвае вадзіцеляў (5.16.3, 5.16.4.) – "Веласіпедны пераезд".
Акрамя яго ўводзяць знак "Дарога з веласіпеднай дарожкай" (дарога, па якой веласіпеды едуць насустрач агульнаму патоку транспартных сродкаў).
Ёсць у правілах і невялікі акцэнт для тых, хто любіць хадзіць па веладарожках пешшу, падвяргаючы сябе небяспецы. Прапісана, што гэтая дарожка – для веласіпедыстаў і, зноў жа, менавіта тых пешаходаў, якія едуць на СПМ.
© Sputnik / Сергей ПушкинПешаходы ўпэўнена адчуваюць сябе на веладарожцы
Пешаходы ўпэўнена адчуваюць сябе на веладарожцы
© Sputnik / Сергей Пушкин
"Веладарожка прызначана для веласіпедыстаў, і там галоўны веласіпедыст… Напэўна, пытанне тут не ў Правілах дарожнага руху, а ў данясенні патрабаванняў (да насельніцтва - Sputnik)", - адзначыў, у прыватнасці, Занімон.
Ён дадаў, што пешаходам трэба паступова прыходзіць да разумення: веладарожка – гэта для веласіпедыстаў. Роўна як тратуар – месца, дзе вяршэнствуюць пешаходы.
Без люстэрка, але ў камізэльцы
У старых правілах ёсць супярэчнасць. З аднаго боку, у пункце 200 адназначна напісана, што на веласіпедзе павінна быць люстэрка задняга віду. З іншага боку, нельга змяняць габарыты, у тым ліку, веласіпеда. Значыць, язда без люстэрка парушэнне, але і ўстаноўка люстэрка, не прадугледжанага вытворцам, таксама супраць ПДР.
Калізію ліквідавалі, і зараз люстэрка задняга віду на веласіпед ставіць не абавязкова. Засталіся патрабаванні аб катафотах (ззаду чырвоны, збоку аранжавы, спераду белы), ліхтарах у цёмны час сутак (спераду звычайны, ззаду чырвоны). Таксама абавязковы спраўныя званок, тармазы і рулявое кіраванне.
CC BY 2.0 / Viktar Palstsiuk / Bikeway in MinskВеладарожка ў Мінску
Веладарожка ў Мінску
Цяпер да абавязковага набору, калі веласіпедыст за горадам, дадалі адзенне са святлоадбіўнымі элементамі. Фармальна гэта не абавязкова яркая камізэлька з палосамі-флікерамі, але лепш апранаць нешта падобнае, каб днём не злівацца з пейзажам, як гэта бывае вясной ці восенню.
Норму ўводзяць дзеля бяспекі. Па даных ДАІ, большасць ПДР з веласіпедыстамі адбываецца за горадам і, як правіла, у цёмны час сутак – калі на веласіпедзе няма ліхтароў, а на веласіпедысце няма флікераў. Нават аднаго флікера мала, бо на дарозе яго можа банальна запырскаць граззю.
Асобная норма бяспекі датычыцца перавозкі дзяцей на веласіпедах: гэта можна рабіць толькі на велакрэсле з фіксацыяй ног і толькі ў велашлеме, пры гэтым дзіця павінна быць не старэйшае за сем гадоў.
Часам можна і па дарозе
У Беларусі для веласіпедаў язда па аўтадарозе дазволена далёка не заўсёды. Калі ехаць можна, то не далей за адзін метр ад правага краю (калі толькі не трэба аб’ехаць перашкоду, павярнуць або разгарнуцца). Такое дазваляецца, калі няма веладарожкі ці тратуара. У горадзе гэта амаль выключана.
Могуць быць і велапалосы, але ў нас гэта пакуль рэдкая з’ява. У Мінску яны ёсць пакуль што толькі ў раёне Камароўскага рынку.
Новыя ПДР дазволяць выязджаць на дарогу, калі гэта "зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху". Яе пачатак абазначаюць знакам 3.33, а канец 3.34.
Як растлумачыў Аляксандр Занімон, у першую чаргу такія зоны могуць быць у месцах шчыльнай жылой забудовы. Хуткасць для аўто там абмяжуюць да 20 км/г, 30 км/г ці 40 км/г. Гэта будзе пазначана на знаку.
Быў веласіпед, стаў мапед
У ПДР дадзена новае азначэнне веласіпеда. Па-першае, дададзены варыянт "веламабіль". Такіх сродкаў перамяшчэння пакуль няшмат у Беларусі, але яны ёсць. Па-другое, улічан і электравеласіпед. І калі ў яго намінальная максімальная магутнасць у рэжыме працяглай нагрузкі больш за 0,25 кВт, а максімальная хуткасць звыш 25 км/ч, ён будзе афіцыйна лічыцца мапедам.
Гэта значыць, што ездзіць на такім транспарце па тратуарах і веладарожках нельга. Трэба мець правы кіроўцы, апранаць шлем і рухацца па дарозе.
Усе віды СПМ таксама абмежаваны хуткасцю 25 км/г.
Таму, пачынаючы з 27 кастрычніка, электрычны "харлей" на тратуары – гэта ўжо парушэнне, а адносна ціхаходны электрасамакат або электравеласіпед – не.
Таксама зараз дзецям да 14 гадоў адназначна забаронена ездзіць на электрасамакатах, манаколах і іншай падобнай тэхніцы. Рабіць гэта можна толькі ў двары.
І яшчэ нюанс: нельга будзе катацца ўдваіх на СПМ, калі тэхніка разлічана на аднаго чалавека.
Занімон пры гэтым звярнуў увагу, што карыстальнікі СПМ шмат у чым прыраўнаваны да пешаходаў.
"Гэта не транспарт, а пэўныя прыстасаванні, прызначаныя для больш мабільнага перамяшчэння", - сказаў ён.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Як беларусы будуць атрымліваць вадзіцельскае пасведчанне, расказалі ў ДАІ
Парушэнняў больш, чым машын: Мінтранс праверыў работу таксі