Вандроўка з лірычным геніем Якуба Коласа: "Выходзіць сонца ў свой абход…"

© Sputnik / Михаил Озерский / Перайсці ў медыябанкЯкуб Колас
Якуб Колас - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Падпісацца на
НовостиTelegram
3 лістапада 1882 года спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага паэта і пісьменніка. Да юбілею славутага песняра Беларускай зямлі Sputnik падрыхтаваў сціплую падборку цудоўнейшых вершаў творцы.
Якуб Колас, творчасць якога склала цэлую эпоху гісторыі нацыянальнай і сусветнай літаратуры, з’явіўся на свет 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы. Сапраўднае імя класіка беларускай літаратуры – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
Бацька песняра, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, працаваў лесніком у радзівілаўскіх уладаннях, а маці, Ганна Юр'еўна Лёсік, была хатняй гаспадыняй. Цікавасць да літаратуры Костусю – так звалі будучага пісьменніка ў сям'і – прывіў яго дзядзька Антось.
Ад самага першага верша, які Костусь напісаў яшчэ падлетакам у 12-гадовым узросце і атрымаў за тое сярэбраны рубель ад бацькі, да зборніка апавяданняў "Казкі жыцця", паэмы "Новая зямля" і трылогіі "На ростанях", дзе паўстае веліч літаратурнай постаці Якуба Коласа, і надалей – шлях песняра адметны, на якім сплятаюцца любоў да Радзімы і самабытнасці Беларусі.
© Sputnik / Михаил Озерский / Перайсці ў медыябанкЯкуб Колас за працай
Поэт Якуб Колас - Народный поэт Белорусской ССР (1926 - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Якуб Колас за працай
Якуб Колас пражыў амаль 74 гады багатага на падзеі, сумленнага жыцця, якое было пранізана высокай творчасцю і імкненнем абудзіць чалавека да лепшай долі, да разумення сябе і свайго прызначэння.
Сам паэт лічыў сваім галоўным творам паэму "Новая зямля", якая, безумоўна, з’яўляецца вяршыняй коласаўскай творчасці. Гэта паэма праслаўляе чалавека-гаспадара, раскрывае яго духоўную прыгажосць, знаёміць чытача з маляўнічымі беларускімі краявідамі.
Неверагодна знакавым тварэннем песняра стала і паэма "Сымон-музыка", дзе Колас падымае важныя філасофскія пытанні: дзеліцца думкамі аб духоўным адраджэнні беларусаў, народным лёсе і, наогул, вытоках мастацтва.
© Sputnik / В. Китас / Перайсці ў медыябанкБеларускія пісьменнікі (справа налева): Міхась Лінькоў, Якуб Колас, Кандрат Крапіва і Павел Кавалёў
Белорусские писатели (справа налево) : Михась Линьков, Якуб Колас, Кондрат Крапива и Павел Ковалев - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Беларускія пісьменнікі (справа налева): Міхась Лінькоў, Якуб Колас, Кандрат Крапіва і Павел Кавалёў
Грамадзянская і паэтычная моц песняра адучвалася многімі. Так, яшчэ больш за сто гадоў таму, у далёкім 1920 годзе, беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі ў сваёй "Гісторыі беларускай літаратуры" ўпершыню назваў Якуба Коласа яе класікам. Прайшло яшчэ колькі гадоў, і англійская паэтэса і перакладчык Вера Рыч вельмі высока ацаніла "Новую зямлю", паставіўшы яе на адну кніжную паліцу з п’есамі Шэкспіра.
Але ж творчасць Якуба Коласа нашмат шырэй, чым можна сабе ўявіць. Акрамя цудоўнейшых паэм, з-пад коласаўскага пяра выходзілі апавяданні, п’есы, аповесці, вялікая проза… і шматлікія вершы.
Паэтычныя радкі прасякнуты такой прыродна беларускай і шчыра лірычнай глыбінёй, якая часам здаецца недасягальнай. Менавіта таму, што крыніца творчасці Коласа была і застаецца невычэрпнай. Народ, зямля, праца, сумленне, мужнасць, спадчына, чалавечнасць – вось сапраўднае вымярэнне вялікай творчасці Коласа.
© Sputnik / Виктор ТолочкоПомнік Якубу Коласу на Вайсковых могілках
Белорусские поэты Якуб Колас и Янка Купала похоронены на Военном кладбище - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Помнік Якубу Коласу на Вайсковых могілках
У дзень нараджэння Якуба Коласа Sputnik прапануе падборку вершаваных шэдэўраў беларускага песняра.
Апускаемся ў прыгажосць лірычнага генія разам!

Вандроўнікі

Выходзіць сонца ў свой абход
Дарогаю спрадвечнай.
За днямі дні, за годам год
Плывуць у бесканечнасць.

Нясуць яны з сабой і нас,
Як шчэпкі ў хвалях сініх.
Пытаем мы сябе не раз,
Дзе плынь сваю запынім?

Бягуць жа хутка-хутка дні,
Праходзяць нашы весны,
I меркнуць ясныя агні –
Юнацтву не ўваскрэснуць!

У сонца свой абход і шлях,
I той шлях цяжка змераць.
Што наш? – Вайшоў праз дзверы ў гмах,
Ў другія выйшаў дзверы.

Ідзеш з развагай. Ціхі жаль
Атуліць недарэчы:
Не вечна ты на ўлонні хваль
Вандруеш, чалавеча!

© Sputnik / Илья Наймушин / Перайсці ў медыябанкВыходзіць сонца ў свой абход / Дарогаю спрадвечнай...
Рапсовые поля - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Выходзіць сонца ў свой абход / Дарогаю спрадвечнай...

Водгулле

Ці коска зазвоніць у час касавіцы,
Ці песню дзяўчо запяе,
Ці неба заззяе ў агнях бліскавіцы,
Ці вецер задзьме-зазлуе,

Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
Ці грукне над лесам пярун, –
Усё адклікаецца ў вольных абшарах,
Ўсё іх дакранаецца струн.

А ты, калі гора каго напаткае,
Ці жальба пачуецца, плач,
Або запануе дзе крыўда ліхая –
На ўсё адгукніся, адзнач.

А радасць пачуеш, надзеі ўзаўюцца,
Каб добрыя весткі падаць,
Няхай тады струны твае засмяюцца
I песняю шчасця гучаць.

© Sputnik / Альфред МикусЦі коска зазвоніць у час касавіцы...
Липнишковские сенокосы - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Ці коска зазвоніць у час касавіцы...

Вусце

Я зноў жыву ад горада ўдалі,
Дзе я знайшоў куток у сваім гусце.
I весела мне робіцца, калі
Я ў мыслях зноў прайдуся па зямлі,
Дзе туліцца закінутае Вусце.

Няхай сабе пясчаны гэты кут,
Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай.
Ды мілы ён, прыветны яго люд,
Так ласкава глядзяць узгоркі, груд
У вопратках расліны адмысловай.

А гэтыя бародкі-хвайнякі
I жоўць пяскоў на сонечным угрэве!
У летнія гарачыя дзянькі
Смалісты пах разносіцца такі,
Што п'еш яго у ветраным павеве.

Якія там чароўныя лясы
З дарожкамі і сцежкамі між сосен!
I колькі ў іх спакою і красы!
I колькі там наткалі верасы,
Гваздзіка белая дыванаў сваіх, кросен!

Прыпынішся у зацішку адзін,
Ваколіцы акідваеш вачамі:
Струменіцца цяплынь з лясоў, з далін,
I тонкая смуга свой лёгкі тын
За Свіслаччу стаўляе над палямі.

Жыве, дрыжыць, хвалюецца прастор,
I кожнае стварэнне робіць штосьці:
Капошацца мурашкі каля нор,
Дзе коўрыкі развешвае чабор
Ды пчол к сабе заваблівае ў госці.

Пад горкаю, бы срэбраны равок,
Паблісквае на сонцы Балачанка.
I хіліць так утульны беражок,
Так добра там, прылёгшы на пясок,
Папесціцца ружовым летнім ранкам!

Як волаты, за рэчкаю дубы
Шатры свае раскінулі над долам.
Зірнеш на іх – гвардзеец з іх любы!
А гордыя вяршаліны-чубы
Не кланяюцца непагадзі чолам.

За Балачанкаю, дзе Блужскі бор
Вясёлую пазіцыю займае,
Адна сасна вартуе касагор,
Над хвойнікам схіліўшы свой убор,
Бы тоіць сум, журбу ў сабе старая.

Нацягнутыя струны цішыні
Разносяць звон крылатага стварэння.
А вось матор загуў у глыбіні,
Блакітнага прастору: нашы дні
У сонечным купаюцца праменні.

Гудзе, імкне над доламі крылан,
Над хатамі вусцянскага пасёлка.
А хаты ўсе –стары, даўнейшы план:
Трухлявая салома і паркан –
Далёкае мінуўшчыны асколкі.

I марам я сваім тут волю дам,
I думаю, што будзе ў нашым краі:
Змятуць калгаснікі драўляны хлам,
Я новыя катэджы ўбачу сам,
I Вусця я на Бадэн не змяняю.

© Sputnik / Альфред МикусI колькі там наткалі верасы, / Гваздзіка белая дыванаў сваіх, кросен!..
Весна на  Ислочи - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
I колькі там наткалі верасы, / Гваздзіка белая дыванаў сваіх, кросен!..

Дуб

Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
I здалёк відаць
Пышны верх яго.

А ўнізе пад ім
Нёман коціцца,
Срэбрам-стужкаю
Павіваецца.

У нагах трава
Нізка сцелецца,
А вакол ляжыць
Травяністы луг.

Ў глыб зямлі ўвайшлі
Карані яго.
Крэпка дуб стаіць,
Не варушыцца!

Так размашыста
Параскіданы
Ва ўсе стораны
Лапы крэпкія.

Комель – слуп-скала,
Дыша сілаю,
А ўгару зірнеш –
Шапка валіцца.

Дуж ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Многа бур ты знёс
На вяку сваім!

Налятаў віхор
З навальніцаю,
Ды не гнуўся ты
Перад бураю!..

Гэй ты, дуб стары,
Вартаўнік лугоў!
Аддае твой шум
Спевам-музыкай.

А пра што шуміш
I аб чым пяеш,
Пра то ведаюць
Ветры вольныя,

Што з табой вядуць
Мову сталую
Ў летні добры час
Або восенню.

Я падслухаю
Гэты шум лістоў,
А з іх гутаркі
Песня зложыцца.

© PixabayГэй ты, дуб стары, / Вартаўнік лугоў! / Аддае твой шум / Спевам-музыкай...
Дуб, архивное фото - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Гэй ты, дуб стары, / Вартаўнік лугоў! / Аддае твой шум / Спевам-музыкай...

Жураўліны вырай

Крылаты вандроўнік, стары журавель,
Сяброў у дарогу таропіць, –
Пад холадам моўкнуць прасторы зямель
I стынуць утульныя топі.

З патайных зацішкаў, з бязлюдных балот
Злятаюцца вольныя птахі.
На поўдзень, у вырай, імкне іх палёт
Пад ясным бяскроквавым дахам.

Завісае над імі бяздонны абшар,
Дзе свецяцца вечныя зоры,
Пад імі гуляе, бушуе пажар,
У цемры свідруе пячоры.

У бляску крывавым руіны тырчаць,
Як чорныя цені-манахі.
Крылатыя госці пужліва крычаць,
Трывожацца вольныя птахі.

–Эй, чуеш? Спыніся, спыніся, стары!
Ці тою вядзеш ты дарогай?
Глядзі –агнявыя там круцяць віры,
Іскрыстым падняўшыся стогам.

Ніколі на нашай дарозе раней
Такой не бывала праявы,
I ночы, глянь, сталі цямней і страшней,
Патоптаны нівы і травы.

Жахаюць зарніцы агнёў на зямлі,
I сыплюцца дрэвы пад громам,
Без голек, як трупы, маячаць камлі –
Спыніся, бо край невядомы.

–Не бойцеся, птахі! Наперад за мной!
Стары журавель ім гукае:
– Вяду вас пуцінаю вернай адной,
Што Млечны мне Шлях асвятляе.

Не мы, гэта людзі з дарогі сышлі,
Не мы, а яны заблудзілі.
Разбойніку цесна заўжды на зямлі –
Старыя спрадвечныя былі.

Наперад, наперад у вырай, за мной,
Ды крыллі ямчэй разгарнеце!
Свой кут прывітаем мы новай вясной –
Для вольных і воля на свеце.

I далей на поўдзень ляцяць жураўлі,
Над імі калышуцца зоры,
Пад імі – пажары, пакуты зямлі
I гора, вялікае гора.

© Sputnik / Юрий Кавер / Перайсці ў медыябанкЗ патайных зацішкаў, з бязлюдных балот / Злятаюцца вольныя птахі...
Журавли летят над полем - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
З патайных зацішкаў, з бязлюдных балот / Злятаюцца вольныя птахі...

Лес

Глуха шэпча лес зялёны,
I шуміць ён, і шуміць,
Гоман доўгі, несканчоны
Цэлы дзень над ім стаіць.

Пераблытаны галіны
У адзін салаш жывы...
Лес! Аб чым шумяць вяршыны?
Лес! Што шэпчаш, векавы?

Толькі ж лес гудзе-ракоча
Цёмнай шапкай верхавін,
Толькі ж лес сказаць не хоча,
Што ён ведае адзін.

© Sputnik / Виктор ДрачевЛес! Аб чым шумяць вяршыны? / Лес! Што шэпчаш, векавы?..
Осень на Полесье - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Лес! Аб чым шумяць вяршыны? / Лес! Што шэпчаш, векавы?..

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, –
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Не раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыллях сонца дойдзе к хмарам

Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе –
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
З законаў, жыццем напісаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой ці снегам ляжа?
Не вернешся, як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая!..

Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.

І бачу лес я каля хаты,
Дзе колісь весела дзяўчаты
Спявалі песні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясліся зыкі песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбівалісь,
І ім узгоркі адклікалісь,
І радасць біла ў песнях вольных.
А хвоі, елкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.

(урывак з паэмы "Новая зямля")

© SputnikВось як цяпер, перада мною / Ўстае куточак той прыгожа, / Крынічкі вузенькая ложа...
Речка Россь, из-за которой возникли проблемы - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Вось як цяпер, перада мною / Ўстае куточак той прыгожа, / Крынічкі вузенькая ложа...

На новай зямлі

Ляжыць шырокая дарога,
Вакол прастор, і я іду,
Іду, нясу пачуццяў многа
I ясных думак чараду.

Уздоўж дарогі чынна з краю
Слупы стаяць у два рады,
I, нібы гуслі-самаграі,
Звіняць іх струны-правады.

Куды ні гляну – шыр і воля,
Дзе лес ды неба ставяць тын,
Нідзе мяжы не згледзіш болей,
I зніклі быльнік і палын.

Цвітуць палі ў адзенні новым,
Гадуюць новыя сады,
I нават вецер з-пад дубровы
Шуміць на новыя лады,

Глядзіш – узносяцца будынкі
То з той, то з гэтай стараны,
I цешаць вочы мне навінкі,
I сэрца радуюць яны.

Унь там, высока па-над долам,
Развесіў хвост купчасты дым,
I лічыць час калгасным сёлам
Гудок напевам маладым.

Па ўзгор'ю поля, па раўніне
Паўзуць сталёвыя валы.
Вядзе іх бойкая дзяўчына
Ці камсамолец удалы.

А тут, дзе ўчора багна прэла,
Гнілі век векам балаты,
Збажынка сёння зарунела
I спее колас залаты.

На тых жа багнах, дзікіх, сумных,
Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт.
На ім стаяць, бы тыя гумны,
Грамады чорных пірамід.

Ідуць калгасныя падводы,
Дабро вязуць грузавікі, –
I дзед стары, сівабароды
Падацца хоча ў юнакі.

Шумяць па-новаму дубровы –
На край свой любы мне зірнуць.
Цябе, зямля ў адзенні новым,
Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць!

© Sputnik / Альфред МикусЛяжыць шырокая дарога, / Вакол прастор, і я іду...
Дорога в усадебно-парковый комплекс Рейтанов в деревне Грушевка Ляховичского района - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Ляжыць шырокая дарога, / Вакол прастор, і я іду...

На полі вясною

Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў.

I вузкія стужкі
Сялянскіх палос –
Люблю цябе, поле,
Люблю я твой плёс.

Ігрушы старыя,
Што ў жыце шумяць,
Зялёныя межы,
Далёкую гладзь.

Люблю я дарогі,
Што леглі між гор,
Ўнізе пад гарою
Ручча разгавор.

Люблю я узгоркі,
I насып-курган,
I сіняй далечы
Празрысты туман...

Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартліва
Плыве збажыной.

Калышацца жыта,
Радамі бяжыць,
А хваля паветра
Дрыжыць і дрыжыць...

Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Буйных каласоў.

© Sputnik / Виталий Тимкив / Перайсці ў медыябанкРассыпаны зоры брыльянтавым пухам, / I Млечнага Шляху ляжаць абрусы...
Звездное небо, архивное фото - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2021
Рассыпаны зоры брыльянтавым пухам, / I Млечнага Шляху ляжаць абрусы...

Наперад!

Грымяць мнагаспеўнасцю гукаў супольных.
Як гімн перамогі, вясной ручаі,
I мары аб сонцы струменяць гаі,
I тоіцца мудрасць у далечах вольных.

Ёсць чары-прывабы прастораў наддольных
Што лучаць бязмежным блакітам краі,
Як родных яшчэ не сабранай сям'і,
Каб дружба гучала у песнях застольных.

I хто засумуе па новай радзіме?
Ці прыйдзе вялікі той час і калі?
I як яго людскасць раскутая ўспрыме?

Праслаўлена будзе цудоўнае імя
Таго, хто рассуне граніцы зямлі
I мудрасцю праўды краіны абніме.

*

Рассыпаны зоры брыльянтавым пухам,
I Млечнага Шляху ляжаць абрусы
Таемным акордам спрадвечнай красы,
Як водгулле змоўкшай даўно завірухі.

У калавароце няспыннага руху,
У сонцавым ззянні, у бляску расы –
Усюды разліты жыцця галасы,
I многа ў іх сэнсу для чуткага слуху.

Раджаюцца, гаснуць заранкі і ночы,
Мяняюцца ходы прыліваў і рэк,
I ў часах губляецца голас прарочы,

Адзначан для кожнай істоты свой век.
Жыццё ж безупынна ўсё крочыць і крочыць
А разам з ім – вечны юнак-чалавек.

*

Наперад, вандроўнік! А шлях так багаты.
Якія разлогі навокал, зірні!
Усходняе сонца запаліць агні,
Рассее праменні, як сейбіт зярняты.

Сустрэнецца вецер з табою крылаты,
I гром табе голас падасць з вышыні,
Пачуеш ты скаргі і сум цішыні,
Ты праўду пазнаеш у мроку зацятым.

Вітай жа дарогі і новыя далі,
I вечнага руху святыя скрыжалі,
I юнасць людскую, і мудрае слова,

I ясную радасць дабра, перамог,
I гэты шырокі, чароўны разлог,
Дзе заўжды прыгожа ўсё, молада, нова.

Таксама на Sputnik:
Ваенныя, ратавальнікі і дыпламаты прачыталі верш Якуба Коласа
Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…"
Бульба з кіслым малаком і бланманжэ: якім было меню Якуба Коласа
Жыццё і творчасць Янкі Купалы: "Мне засталася спадчына…"
Помнік Якубу Коласу з'явіўся ў Кітаі
Стужка навiн
0