Агатуха-рагатуха, або Сакрэты "Куццявой вячэры"
09:03 13.01.2023 (абноўлена: 12:30 01.03.2023)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалядная зорка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дае містычныя парады, як пакуццяваць у гуморы, каб спраўдзілася самае запаветнае, і звяртае ўвагу, якія стравы ўпадабаюцца Святому Козліку.
Вось ужо другі тыдзень у снежнай віхуры круціцца святочны настрой. Такі цяпер час, бо нарадзіўся Хрыстос і Каляды ў самай моцы. Ізноў на парозе сустрэча Новага года, які ў ноч з 13 на 14 студзеня святкуюць па старым стылі.
Шчадрэц, Васілле, Васіль, Васілей, Святы Козлік – адно з самых яркіх і любімых народных свят узімку.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДзе каза ходзiць – там жыта родзiць
Дзе каза ходзiць – там жыта родзiць
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Асабліва ж вылучаюць Святочны вечар або Куццявую вячэру. Да яе пачыналі рыхтавацца загадзя і святкавалі з размахам. У чым асаблівасці? Ды ў разнастайных калядных гульнях моладзі, варажбе на лёс, ураджай, здароў’е, а таксама вельмі пышнай і багатай на стравы вячэры.
Як тут не ўзгадаць старадаўнюю прымаўку:
"На тое Бог даў Коляды, каб людзі весяліліся".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалядоўшчыкі
Калядоўшчыкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Святое Васілля людзям красілля"
13 студзеня пачынаўся Шчодры тыдзень. У Заходнім Палессі вечар гэтага дня меў не адно найменне: Куготы, Гаготы, Агатуха. Ёсць меркаванне, што гэтыя назвы паходзяць ад дзеясловаў "гагатаць", "рагатаць".
Адметнасць гэтага вечара яшчэ і ў тым, што з ім звязана шмат забарон, павер’яў і варажбы. Перш за ўсё гаспадары імкнуліся да гэтага дня дагледзець гаспадарку і мець парадак у хаце, бо лічылася:
"Якое безладдзе ў хадзяйстві на Васілля, такое будзе ўвесь год, і нічога не зробіш, як ні старайся".
Што ж да варажбы, то гэтая патаемная справа тычылася не толькі моладзі, але і старэйшага пакалення. У кожнага быў свой метад яе правядзення і свой "інтарэс".
Варажба – справа патаемная
© Sputnik / Сергей Мальгавко
/ Так, старыя ўглядаюцца ў неба, мяркуючы: якім будзе надвор’е ўлетку, ці будуць багатыя палеткі, у які час будуць раіцца пчолы, ды і іншыя важныя для гаспадаркі і жыцця рэчы.
У дарослай моладзі свае клопаты – хлопцы і дзяўчаты варожаць на лёс, спрабуючы даведацца пра замужжа ці жаніцьбу: носяцца каля дрывотні з бярэмям дроў, кормяць блінамі сабаку, кідаюць за вароты боты і шмат чаго іншага робяць. Бацькі пазіраюць на гэта з лагоднай усмешкай і ўздыхаюць, узгадваючы тыя часы, калі самі рабілі тое ж.
Варажба на куцці
Зразумела, шмат магічных забабонаў звязана і з галоўнай абрадавай ежай – куццёй, частку якой бы ахвяруюць духам продкаў, чакаючы ад іх падказкі на пастаўленыя пытанні.
Варажба – справа не з лёгкіх і да ўсяго вельмі адказная. Тут трэба мець спрыт, цярплівасць і вынаходлівасць. Так, падчас святочнай вячэры дзяўчаты імкнуліся незаўважна для астатніх узяць першую лыжку кашы, каб надалей загарнуць яе або ў мужчынскія порткі, або ў сваю хустку, і схаваць усё гэта пад сваю падушку. Далей нельга было ні з кім размаўляць і замест вясёлай гулянкі з сяброўкамі трэба было класціся спаць. Тады, можа, і пашчасціць пабачыць у сне суджанага.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКуцця з хвастом
Куцця з хвастом
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Мэтай варажбы старэйшых на куцці былі дабрабыт, ураджай, прыплод. Часцей за ўсё куццёвыя рытуалы адбываліся наступным чынам. Калі вымалі куццю з печы, гаршчок з ёй ставілі на покуць і накрывалі боханам хлеба, або накрыўкай, ці дубовым лісцем. Далей, падчас святочнай вячэры, накрыўку здымалі і глядзелі: з якога боку больш вільгатна – з поўначы, поўдня, захаду або ўсходу – з таго боку і чакай улетку дажджоў. Калі накрыўка сухая, то лета будзе гарачае, калі ўся мокрая, то наадварот. Калі ж вільгаці палова – палова лета будзе ліць з неба дождж.
Таксама мокрае дубовае лісце або накрыўка пчалярам прадракала добры ўзятак мёду. Спадзеючыся на гэта, куццю елі з мёдам і ім жа частавалі суседзяў і калядоўшчыкаў.
Наогул, каб мець добры ўраджай, гаспадыня, несучы гаршчок на покуць, прыгаворвала ў адвольнай форме:
"Ідзі, Куцця,
на покуцця!
Радзі цэлы год і пшаніцу, і жыта,
і бульбу, і буракі,
і капусту, і агуркі –
усё што мы маем.
А Гасподзь каб нам спрыяў,
а та Куцця нас ратавала, бараніла
і дабром надзяліла!
І так, як Куцця ў гаршчку расце,
каб у нас усё расло і ў полі, і ў хляве!".
Варажба на куцці працягвалася і пасля вячэры. Кожны з сямейнікаў утыкаў у гаршчок з рэшткамі куцці сваю лыжку. Гаршчок ставілі на покуць, і калі чыясьці лыжка за ноч падала, то гэта азначала яго смерць у гэтым годзе.
"Куццявая вячэра"
Найвялікшая радасць гэтага вечара, пэўна ж, "куццявая вячэра". Напярэдадні свята гаспадыня не мела часу для адпачынку і шчыравала над гатаваннем найсмачнейшых страў.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКаўбасы вясковыя
Каўбасы вясковыя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
А як жа інакш! Гатуюць столькі, каб хапіла – гасцей прыняць, калядоўшчыкаў пачаставаць і самім частавацца ажно да Вадохрышчаў.
Што было на стале? Пірагі, каўбасы, мёд, сыр і масла, салёныя грыбкі і агуркі, тлустая капуста, піва, квас ды гарэлка! Як кажуць "усяго даволі, а бяда ніколі!".
Пакуццявалі ў гуморы, бо на стале ўсяго было столькі, што не сорамна ні перад людзьмі, ні перад Богам.
© Sputnik / Альфред МикусГатуюць столькі – каб хапіла!
Гатуюць столькі – каб хапіла!
© Sputnik / Альфред Микус
Вось некалькі добрых рэцэптаў народных страў да "куццявой вячэры".
Кменавы суп
З чаго гатаваць:
200 г мяса,
250 г агародніны (морква, корань пятрушкі, сельдэрэю),
1 цыбуліна,
40 г тлушчу,
1,5 ст. л. мукі,
1 ч. л. кмену,
соль.
Як гатаваць. З мяса, агародніны і пражанага кмену зварыць булён, працадзіць яго. Спражыць у духоўцы муку да залацістага колеру, дадаць яе ў растоплены тлушч, перамяшаць, развесці часткай ахалоджанага булёну, пракіпяціць і ўвесці ў гарачы булён.
Падаць з грэнкамі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПеч – найпершая памочніца!
Печ – найпершая памочніца!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Рабрынкі ў вопратцы
З чаго гатаваць:
1,5 кг свіных рабрынак (мясныя),
1 сярэдні качан капусты,
500 г морквы,
300 г цыбулі (рэпка),
100 г сала (ці 50 г алею),
3 ст. л. смятаны,
100-150 г мукі,
300 мл вады,
спецыі па смаку (каляндра, кроп, перац),
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Рабрынкі раздзяліць па адной костачцы і пасекчы на скрылікі даўжынёй па 5-6 см. Капусныя лісты варыць у кіпені да мяккасці 2 хв., або цэлы качан апусціць у кіпень і варыць 15-20 хв. да таго часу, пакуль лісты не будуць добра аддзяляцца ад качана. Моркву і цыбулю спасераваць на вытапленым з сала тлушчы або выкарыстаць алей. Рабрынкі пасаліць, дадаць перац і абкачаць у муцэ, абсмажыць на тлушчы да залацістай скарынкі. Пакласці рабрынку на загадзя падрыхтаваны капусны ліст, дадаць лыжку спасераванай агародніны, соль і шчопаць спецый, загарнуць і пакласці ў чыгунок.
Дадаць ваду, змазаць зверху смятанай і тушыць у печы або духоўцы да мяккасці прыкладна 1,5 гадзіны.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРабрынкі ў вопратцы
Рабрынкі ў вопратцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Буракі з часнаком
З чаго гатаваць:
5-6 буракоў,
2 галоўкі часнаку,
3-4 ст. л. яблычнага воцату,
3 ст. л. алею,
перац,
соль.
Як гатаваць. Буракі зварыць, ахаладзіць, абабраць, нарэзаць скрылікамі, перасыпаць дробна пасечаным часнаком, соллю, чорным молатым перцам. Апырскаць воцатам, дадаць алей, паставіць на суткі ў халоднае месца для марынавання.
Падаць у якасці гарніру або як салату.
Як у народзе кажуць:
"Калядкі – добрыя святкі:
наеўся, напіўся ды й на палаткі!".
Смачна есці і вясёлых свят!
Чытайце таксама:
"Шчодрык" у Пагосце: дзе каза рогам, там жыта стогам
Стары Новы год: смачна паесці, паваражыць і ўсім дараваць
Шчадрэц у Семежава: святкуем смачна