Каралеўскія інтэр’еры: што паглядзець у новых залах Старога замка ў Гродне
14:44 28.01.2023 (абноўлена: 15:14 01.03.2023)
© Sputnik / Инна ГришукМузей Старога замка ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Падпісацца
Эксклюзіў
Новыя экспазіцыі паказваюць, як выглядала рэзідэнцыя караля Стэфана Баторыя ў канцы XVI стагоддзя.
ГРОДНА, 28 сту – Sputnik, Іна Грышук. У Старым замку Гродна адкрыліся тры новыя выставачныя залы, якія паказваюць замкавыя інтэр’еры часоў караля Стэфана Баторыя. Гэта каралеўская капліца, размешчаная над аркай ва ўваходнай вежы замка, а таксама каралеўская лазня і пакой каралеўскага сакратара. Журналістка Sputnik падрыхтавала кароткі гайд па новых экспазіцыях і раіць, на што варта звярнуць увагу падчас прагулкі па каралеўскіх залах.
Як знайсці?
Новыя залы Старога замка з’яўляюцца інтэр’ернымі – паказваюць, як мог выглядаць замак знутры ў часы Стэфана Баторыя ў XVI – пачатку XVII стагоддзя, тлумачыць загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Марыя Усманава.
Над іх стварэннем гісторыкі і рэстаўратары працавалі больш за год. Сцены і столі ўпрыгожваюць роспісы, драўляныя элементы, можна ўбачыць вітражы, копіі старадаўніх пячэй і масіўнай мэблі.
Інтэр’ерныя залы размясціліся ў розных частках замка і на розных паверхах. У Старым замку працуе яшчэ 10 экспазіцый. Але яны археалагічныя і паказваюць старажытныя прадметы і артэфакты, якія знаходзілі на тэрыторыі гродзенскай замкавай гары падчас археалагічных раскопак.
Пакоі каралеўскага сакратара і каралеўская лазня размяшчаюцца на розных узроўнях у новай – пабудаванай пасля рэканструкцыі вежы. Каб патрапіць у каралеўскую капліцу, трэба прайсці па галерэі замкавай сцяны ў старую ўваходную вежу.
Пакой для малітвы караля
Каралеўская капліца ўражвае сваім убраннем. Аднаўленнем інтэр’ераў займаліся спецыялісты Белрэстаўрацыі. У гэтым памяшканні праводзіліся богаслужэнні, тут здзяйснялі малітвы кароль Стэфан Баторый і яго прыбліжаныя.
Першае, на чым спыніцца позірк наведвальніка – гэта яркія аконныя вітражы. Два з іх выходзяць на вуліцу, адзін – упіраецца ў сцяну суседняй залы. Вітражы паказваюць зямное жыццё Ісуса Хрыста. Размешчаныя ўздоўж сцен алтары выкананы з пясчаніку, інкруставаны мармурам. З мармуру зроблена і падлога капліцы.
© Sputnik / Инна ГришукУ інтэр'еры капліцы пераважаюць блакітныя тоны, якія маюць сакральнае значэнне ў хрысціянстве
У інтэр'еры капліцы пераважаюць блакітныя тоны, якія маюць сакральнае значэнне ў хрысціянстве
© Sputnik / Инна Гришук
Мэбля – гэта аўтэнтычныя прадметы XVII – пачатку XVIII стагоддзяў. Гэта шафа для захоўвання рытуальных прылад, лаўка для малітвы, падстаўкі пад кнігі.
Варта звярнуць увагу на печ, якая з’яўляецца копіяй печы таго часу. А бела-блакітныя кафлі паўтараюць малюнкі тых, якія былі знойдзены падчас археалагічных раскопак на замкавай гары ў Гродне.
Столь каралеўскай капліцы ўпрыгожана роспісамі і драўлянымі элементамі. У цэнтры сярод аблокаў намаляваны Бог Айцец, Сын і Дух святы ў выяве голуба. Сцены пад столлю ўпрыгожаны роспісамі з хрысціянскімі сюжэтамі.
Самы каштоўны экспанат у зале капліцы – гэта старажытная аўтэнтычная фрэска XVI стагоддзя. Яе фрагмент адкрылі падчас дэмантажных і будаўнічых прац. А потым аднавілі і вярнулі на ранейшае месца. Яна знаходзіцца ў арцы акна з правага боку. На фрэсцы намалявана чаша, расліны, садавіна, малюнак пераклікаецца з тэматыкай райскага саду. Ён выкананы ў прыглушаных танах і не адразу кідаецца ў вочы. У арках двух іншых вокнаў – копіі малюнка старадаўняй фрэскі.
© Sputnik / Инна ГришукАсаблівым аздабленнем капліцы з'яўляюцца шматлікія вітражы
Асаблівым аздабленнем капліцы з'яўляюцца шматлікія вітражы
© Sputnik / Инна Гришук
Лазневая печ і дубовыя венікі
У зале каралеўскай лазні можна даведацца, у якіх умовах прымалі гігіенічныя працэдуры каралеўскія асобы. Па словах экскурсаводаў, няма дакладнай інфармацыі, ці любіў лазню кароль Стэфан Баторый і як часта яе наведваў. Але памяшканне сапраўды не пуставала, бо кароль быў заўзятым паляўнічым і пасля конных паездак па лесе сапраўды павінен быў прымаць ванны.
"Па інвентарах XVII стагоддзя, лазня ў замку сапраўды была. Займала тры памяшканні – сенцы, топка і сама лазня", - адзначыла Усманава.
Лазня ў Старым замку больш нагадвае прасторную памывачную залу з двума вялікімі драўлянымі чанамі для купання. Напрыклад, няма класічнай рускай парылкі. Вышыня памяшкання тут – больш за пяць метраў. Захоўваць цяпло і натуральную вентыляцыю, як запэўніваюць музейныя работнікі, тут дазваляла драўлянае аздабленне падлогі і столі.
Драўляныя панэлі сцен упрыгожаны малюнкамі ў выглядзе вазы з букетамі аканта. Такія малюнкі таксама знаходзілі падчас раскопак на тэрыторыі замка. Столі выкананы ў выглядзе аб’ёмных разетак з разьбой і каляровымі элементамі.
© Sputnik / Инна ГришукДраўлянае аздабленне сцен і столі дазваляла даўжэй захоўваць цеплыню
Драўлянае аздабленне сцен і столі дазваляла даўжэй захоўваць цеплыню
© Sputnik / Инна Гришук
Падчас лазневых працэдур кароль мог выкарыстоўваць адмысловую лаўку, якая змяшчалася ў чан. А запоўнены чан маглі пакрываць кавалкамі тоўстай тканіны, каб вада павольней астывала. Прадстаўлены і ўсе неабходныя для купання прадметы – дубовыя і драўляныя венікі, мачалка, збаны.
Асобную цікавасць можа выклікаць лазневая печ з медным воданагравальнікам. У яе ўбудаваны тры медныя пасудзіны, у якіх знаходзілася вада. Дровы ў печ падкладалі ў асобным памяшканні – так званай топачнай. Печка дэкарыравана паліванымі кафлямі з раслінным арнаментам, гэта дакладная копія кафлі, знойдзенай на тэрыторыі замкавай гары. У топачнай можна ўбачыць медны рукамыйнік і барэльеф казы над ім.
Шкура ваўка, шэсць кіло пярыны і лапы льва
Трэцяя з адноўленых інтэр’ерных залаў – гэта два пакоі Рэйнгольда Гейдэнштэйна, які быў сакратаром і фактычна асабістым гістарыографам каралёў Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя і Жыгімонта III. У адным быў працоўны кабінет і адначасова спальня самога сакратара, а ў іншым – яго памочніка.
Тут няма такога яркага і багатага аздаблення, як у каралеўскіх пакоях. Напрыклад, столь выканана больш сціпла, хоць упрыгожана роспісамі. Мэбля выканана з масіву дуба ў лепшых традыцыях моды эпохі Рэнесансу. Калі звярнуць увагу на ножкі камоды і стала, яны зроблены ў форме лап жывёл.
Звяртаюць на сябе ўвагу і масіўныя ложкі. Яны засланыя пярынамі. Адна пярына выкарыстоўвалася як матрац, другая як коўдра. Напрыклад, толькі на адзін ложак сакратара пайшло шэсць кілаграмаў пёраў.
© Sputnik / Инна ГришукМэбля зроблена з дуба, які быў у модзе ў тыя часы
Мэбля зроблена з дуба, які быў у модзе ў тыя часы
© Sputnik / Инна Гришук
На падлозе пакоя – шкура ваўка. Па запэўненні музейных працаўнікоў, ёсць інфармацыя, што пры жыцці каралеўскага сакратара ўся падлога пакоя была выслана шкурамі жывёл. Шкуры жывёл таксама выкарыстоўвалі замест коўдраў.
Наведвальнікі могуць убачыць узор кабінетнай печы. Яна на ножках, адрозніваецца па форме ад іншых узораў, прадстаўленых у замку. На кафлях прадстаўлены партрэты вядомых еўрапейскіх асветнікаў і каралёў.
Сцены пакоя дэкарыраваны шпалерамі, выкананымі з суцэльнага кавалка італьянскай тканіны. Яны рабіліся на заказ менавіта для музейных залаў Старога замка.
На падыходзе – зала адпачынку караля
Інтэр’ерныя залы аднаўлялі ў рамках першай чаргі рэканструкцыі Старога замка ў Гродне. Вясной абяцаюць адкрыць яшчэ адну экспазіцыю – пакой адпачынку караля ці алебастравую залу. Абяцаюць, што яна будзе самай яркай і пышнай па аздабленні. Цяпер там завяршаюцца рэстаўрацыйныя работы.
Музей Старога замка адчыніўся для наведвальнікаў у лістападзе 2021 года пасля амаль трохгадовага перапынку. Новыя экспазіцыі размясціліся ў пабудаваных з нуля двух збудаваннях. Таксама для наведвання была адкрыта частка ўнутранага дворыка замкавай гары і аглядная пляцоўка. Тут можна разгледзець ляпніну і знешнія дэкарацыі новых пабудоў. Новыя экспазіцыі дапоўнены інтэрактыўнымі элементамі, відэа- і 3D-праекцыямі, інфармацыйнымі кіёскамі. Толькі ў 2022 годзе Стары замак наведала 200 тысяч чалавек, праведзена больш за дзве тысячы экскурсій.
Работы па аднаўленні Старога замка ў Гродне вядуцца з 2017 года па праекце Уладзіміра Бачкова. У працэсе будаўнічых работ першай чаргі рэканструкцыі выявіліся сур’ёзныя памылкі, якія паўплывалі на гістарычную дакладнасць каралеўскай рэзідэнцыі. Так, вежа і ўязная брама маюць лішні паверх, а на месцы масіўнага будынка камяніцы, як пацвярджаюць археалагічныя даныя, былі прыбудаваны лесвіцы.
У бліжэйшы час пачнецца другая чарга рэканструкцыі, яна закране будынкі самога палаца Стэфана Баторыя, які лічыцца ўнікальным помнікам архітэктуры Усходняй Еўропы. Праект рэканструкцыі яшчэ распрацоўваецца.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Як прасоўваецца будоўля ў цэнтры Гродна, дзе знайшлі артэфакты XV стагоддзя
Палац Баторыя ў Гродне: чаго нам гэта будзе каштаваць?
Прыродная прыгажосць і палацавыя ансамблі: што паглядзець у Беларусі