Вясна з вяснушкамі на твары, або Аўдуськін дзень
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГуканне вясны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, што такое "сакавіцкая вада", і дае старажытныя парады, як адбяліць твар па-шляхецку ды прыгатаваць знакамітую ракагу.
Наракаць на надвор’е – любімая людская справа. Паўсюдна толькі і чуваць: вясна пачалася рана – дрэнна, спазнілася – таксама нядобра, сухі сакавік – няма травы ў красавіку, сакавік зялёны – ураджай благі, сакавік мокры – хлеб горкі… і таму падобнае.
"Аўдакеі дровы сякуць…"
Неўзабаве сярэдзіна сакавіка, а навокал – снягі! Але не трэба журыцца, бо ў народным календары 14 сакавіка святкуюць Аўдоццю Вясноўку або Яўдоху, на якую продкі заўсёды прыкмячалі:
"На Яўдохі – снегу па бокі".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСакавіцкі снег хутка растане
Сакавіцкі снег хутка растане
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Так што няма чаго хвалявацца, бо ў прыродзе ўсё ідзе па сваім натуральным плане.
Дзень гэты ў гонар памяці пакутніцы Еўдакіі адметны з усіх бакоў і мае розныя назвы: Аўдакея, Аўдоння, Аўдуська, Яўдокі і нават Галдакей. І хоць у народнай спадчыне гэтае свята асацыіруецца са снегам, аднак калісьці менавіта з Яўдохі і пачыналася вясна, а з ёй наступаў і новы аграрны год.
Цікава, што гэты дзень больш за сто гадоў таму чамусьці лічылі нешчаслівым і стараліся нічога не рабіць з ільнавалакном. Цяпер жа ніхто ўжо не займаецца апрацоўкай лёну, бо гэта – справа льнокамбінатаў. Калі ўжо моцна трэба, то пайшоў у краму і набыў льнянога палатна, або вырабаў з яго.
Тым не менш, у гэты дзень працягвалі парадкаваць дровы:
"Аўдакеі дровы сякуць,
У клады кладуць".
© Pixabay / LUM3NНа Яўдоху працягвалі парадкаваць дровы
На Яўдоху працягвалі парадкаваць дровы
© Pixabay / LUM3N
Таксама пачыналі дбаць пра агароды, і некаторыя культуры высявалі на расаду. Дарэчы, у Лельчыцкім раёне казалі:
"Оўдокый помідоры на расаду саджалі
І на окне дзержалі".
Знаёмая карціна! Жывучы ў горадзе, дастаткова глянуць на вокны суседзяў і пабачыш, як зацятыя агароднікі асвятляюць адмысловымі лямпамі свае падваконні. Там на радасць рупліўцаў падымаецца будучы ўраджай разнастайнай гародніны.
Дбалі пра ўраджай і продкі, і менавіта таму цэлы дзень народныя метэаролагі пільна назіралі за надвор’ем. Лічылася, што наступныя чатыры дні сакавіка адлюстроўваюць стан надвор’я ўсяго года. Так, 14 сакавіка адпавядала вясне, 15-га – лету, 16-га – восені, а 17-га – зіме. Калі на Аўдоццю Вясноўку будзе цёпла і сонечна, то вясна і лета надарацца цёплымі. Што ж, ёсць магчымасць запісаць свае назіранні ў сшытак.
А пакуль дзяды, седзячы на прызбе, сачылі за надвор’ем, дзяўчаты, падставіўшы тварыкі сонцу, клікалі вясну.
© Sputnik / Альфрэд МікусДзяўчаты, падставіўшы тварыкі сонцу, клікалі вясну
Дзяўчаты, падставіўшы тварыкі сонцу, клікалі вясну
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Нябеснае свяціла лашчыла твары спяваючых дзяўчат, пакідаючы на іх след у выглядзе вяснушак.
Ох, ужо гэтыя вяснушкі!
У юнацкім узросце амаль няма дзяўчынкі, якая, гледзючыся штодня ў люстэрка, была б задаволеная сабою.
Энцыклапедычныя даведнікі кажуць, што "вяснушкі – рудыя плямкі на скуры твару, якія з’яўляюцца ранняй вясной у некаторых людзей".
Колькім прыгажунькам гэтыя сімпатычныя плямкі сапсавалі настрой! Цяпер смешна, але калісьці мець вяснушкі на твары лічылася непрыгожым. Пра такую дзяўчыну казалі, што яна "веснаватая", "рабая", "з рабаціннем на твары".
Сярод рускіх гаворак Беларусі, якія сустракаюцца ў Веткаўскім і Добрушскім раёнах Гомельскай вобласці, можна пачуць і такія тлумачэнні:
"Поковыряный – рябой с рябинами на лице".
А яшчэ такіх дзяўчат і маладых жанчын клікалі "аўсянкамі". І гэта зусім не таму, што яны любілі аўсяную кашу, бо аўсянкай называлі веснаватую бабу і разам з ёй яе дачок. На думку Даля, гэта мянушка паходзіць ад персанажа ўсходнеславянскай міфалогі Аўсеня, звязанага са святкаваннямі старажытнага Новага года, які да каляндарнай рэформы ладзіўся ўвесну. Мяркуецца, што Аўсень паходзіць ад слова "овесень" – вясна ці слова "обвесень" – час, блізкі да вясны.
З’яўляючыся на твары ў светлавалосых людзей, вяснушкі атаясамліваюцца з маладосцю і, калі іх у меру, то яны выглядаюць прывабна, а з узростам знікаюць увогуле. Калі ж рудыя плямкі густа пакрывалі твар, то ў нашых бабуль існавала немала спосабаў іх асвятлення.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗ’яўляючыся на твары ў светлавалосых людзей, вяснушкі атаясамліваюцца з маладосцю
З’яўляючыся на твары ў светлавалосых людзей, вяснушкі атаясамліваюцца з маладосцю
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Эталонам хараства – як для шляхцянкі, так і для вясковай дзяўчыны – быў светлы, адбелены твар. За станам скуры на твары і руках пільна сачылі. Нашы бабулі не ведалі крэмаў, якія цяпер у арсенале па доглядзе ў цяперашніх жанчын. Большасць з іх утрымліваюць у сабе ўсялякія кансерванты і іншыя хімічныя рэчывы. Даўнейшыя ж касметычныя сродкі былі скрозь натуральныя.
Вядома ж, вясковая жанчына не мела лімонаў і зярнят міндалю, але ведала, што зрабіць скуру мякчэйшай дапаможа смятана, масла, тук, алей, а адбеліць яе кіслае малако. Да ўсяго ж памяталі, што раніцай на Вялікдзень трэба мыць твар сцюдзёнай вадой. Сялянкі верылі, што тады ўлетку сонца не будзе брацца за твар.
Даглядаем твар па-шляхецку
У маёнтках панавалі свае завядзёнкі, хоць і некаторымі вясковымі прыёмамі, сярод якіх, напрыклад, мыццё кіслым малаком, часта карысталіся.
Шляхцянкі рабілі "сакавіцкую ваду", для чаго збіралі чысты снег, які выпаў менавіта ў сакавіку. Вытапленую пры пакаёвай тэмпературы ваду злівалі ў бутэлькі і захоўвалі ўвесь год у склепе. Гэта вада была вельмі мяккай і найлепей падыходзіла для касметычных працэдур. З гэтай нагоды ў ХІХ стагоддзі Ганна Цюндзявіцкая, аўтарка гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня", пісала:
"Я ведала адну элегантную даму, што мела больш за пяцьдзесят гадоў, але выглядала на дваццаць. Яна ніколі не мыла твар іншай вадой, акрамя як вытапленай з сакавіцкага снегу, а калі такой не было, скарыстоўвала дажджавую, згатаваную з каранямі пятрушкі".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГалоўнае – паспець сабраць "сакавіцкую ваду"
Галоўнае – паспець сабраць "сакавіцкую ваду"
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Да таго ж, жадаючы мець прыгожы колер твару – асабліва ўвесну ад сярэдзіны лютага да сярэдзіны красавіка – пані і паненкі засцерагаліся "сакавіцкага ветру", які бывае менавіта ў гэты вясенні перыяд. Лічылі, што ад яго скура робіцца смуглай і загарэлай.
Акрамя рэкамендацый па выкарыстанні "сакавіцкай вады" аўтарка "Літоўскай гаспадыні" пакінула немала іншых добрых парад для жанчын, якія актуальныя і цяпер.
Так, для чысткі твару замест мыла яна прапаноўвала карыстацца мякішам пшанічнай булкі, выпечанай без яек і масла, а дзённы і вячэрні крэм замянялі жаваныя зярняткі міндальных арэхаў. Магчыма жаваць арэшкі і наносіць іх на твар і не элегантна, але дзейсна, бо сліна мае пэўныя лекавыя якасці.
Важным касметычным сродкам таксама лічылі тлустае свіное малако. Не ўяўляю, як гаспадыням удавалася падаіць свінню, але мабыць і ў часы нашай слыннай зямлячкі Цюндзявіцкай, якая жыла на Лагойшчыне, гэта было нялёгка. Яна пісала:
"Вельмі разгладжвае і змякчае скуру свіное малако. Аднак свіння – істота настолькі супрацьлеглая элегантнасці, што я не асмелілася аб ёй успомніць інакш, як у заўвазе".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМіндаль можна выкарыстоўваць і як касметычны сродак
Міндаль можна выкарыстоўваць і як касметычны сродак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
А вось найлепшы спосаб хутка адбяліць твар – гэта нанач абмыцца кіслым малаком, пакінуць яго на 15-20 хвілін, пасля змыць "сакавіцкай вадой" і нанесці разжаваны міндальны арэх. Раніцай паўтарыць працэдуру.
Існаваў і яшчэ адзін спосаб барацьбы з вяснушкамі. Так, трэба было 7-9 горкіх міндальных арэхаў, ачышчаных ад шалупіння, растаўчы ў мязгу і змяшаць з невялікай колькасцю вады. Асобна расцерці на талерцы бялок з аднаго яйка кавалачкам нягашанага галыну (солевыя крышталі прыроднага паходжання, што здабываюць з вулканічнай пароды, набываюць яго ў аптэцы), пакуль усё не ператворыцца ў жэлепадобную белую масу. Тады выкласці яе ў бутэльку, куды ўжо наліта поўная шклянка "сакавіцкай вады", добра разбаўтаць, дадаць тоўчаны міндаль. У атрыманую сумесь мачалі чысты ручнік і абціралі твар уранку і ўвечары пасля таго, як памылі ўжо мяккай вадой.
Песцімся кубачкам ракагі
Сёлетні сакавік насыпаў снегу, але хутка ён растане, ператварыўшыся ў вясёлыя ручаі. Таму трэба паспяшацца растапіць з яго чыстай "сакавіцкай вады", забегчы ў краму па міндаль ды паспрабаваць зварыць сабе кубачак ракагі па рэцэпце усё той жа Ганны Цюндзявіцкай.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяІнгрэдыенты да ракагі
Інгрэдыенты да ракагі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ракага
З чаго гатаваць:
25 г какавы,
75 г крухмалу,
75 г рысавай мукі,
280 г цукру,
6 г карыцы,
3 г ванілі,
1 шк. малака.
Як гатаваць. Змяшаць усе сыпучыя інгрэдіенты. Ад адной да трох ч.л. сумесі заліць адной шк. халоднага малака і, увесь час мяшаючы, варыць да загусцення рысу на малым агні. Дарэчы, замест бабоў какавы ў рондаль, дзе варыцца ракага, можна дадаць крыху алею какавы з кандытарскай крамы. Падчас гатавання неабходна сачыць за стравай, каб не прыгарэла! Як закіпіць, то ўліць у філіжанкі (маленькі кубачак для напояў накшталт ракагі, кавы ці гарачага шакаладу).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРакага – смачны шляхецкі напой
Ракага – смачны шляхецкі напой
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падаваць з печывам.
Добрага, сонечнага дня!
Чытайце таксама:
Час не хварэць, або Поснае смакоцце супраць ліхаманкі
Глог – лекі і старадаўнія ласункі, або Гісторыя на смак
Вясна на кухні, або Малачай – лекі, ласунак і ежа