Такаеў абазначыў прыярытэты старшынства Казахстана ў АДКБ

© Sputnik / Илья Питалев / Перайсці ў медыябанкПрэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў - Sputnik Беларусь, 1920, 23.11.2023
Падпісацца
Астана прапануе больш пільна адсочваць грамадзян краін АДКБ, якія едуць за мяжу, каб далучыцца да тэрарыстычных груповак.
МІНСК, 23 ліс – Sputnik. Казахстан гатоў унесці свой пасільны ўклад у далейшае ўмацаванне сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ, заявіў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на саміце Арганізацыі ў Мінску.
"Хацеў бы зноў выказаць падзяку (за арганізацыю саміту - Sputnik) беларускаму боку і, вядома ж, асабіста паважанаму Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнке", - таксама падкрэсліў Такаеў.
Казахстан у 2024 годзе становіцца краінай-старшынёй у АДКБ, пераймаючы эстафету ад Беларусі. Касым-Жамарт Такаеў пералічыў прыярытэты на гэты перыяд, якія прапануе Астана.

ААН, СНД і ШАС

Адзін з іх – супрацоўніцтва АДКБ з зацікаўленымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі ў сферы бяспекі. У тым ліку прапануецца засяродзіцца на ўзаемадзеянні з ААН і яе структурамі. Такаеў нагадаў, што 18 сакавіка 2010 года была падпісана Сумесная дэкларацыя аб супрацоўніцтве паміж сакратарыятамі АДКБ і ААН. Плануецца паглыбляць і ўзаемадзеянне з ААН і ШАС.

Агульны кантынгент

Іншы прыярытэт – дапрацоўка нарматыўна-прававой базы па пытанні аператыўнага разгортвання Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР).
"У прыватнасці, гэта датычыцца бесперашкоднага і беспасадачнага транзіту кантынгентаў, палётаў ваеннай авіяцыі і іншых аспектаў", - адзначыў Такаеў.
У студзені 2022 года Казахстан стаў краінай, якая прыняла дапамогу іншых краін-членаў АДКБ. Туды быў перакінуты сумесны кантынгент у сувязі з масавымі беспарадкамі. Ваенныя з іншых дзяржавы блока бралі пад ахову важныя аб’екты. Перакідкай войск у асноўным займалася ваенна-транспартная авіяцыя Расіі.
Акрамя ўдасканалення "нарматыўкі" па КСАР, Казахстан прапануе таксама звярнуць увагу на падрыхтоўку ваенных кадраў. Асаблівы акцэнт, як мяркуюць у Астане, трэба зрабіць на раскрыцці патэнцыялу міратворчага кантынгенту.

Тэрарызм і наркатрафік

Казахстан лічыць, што трэба развіваць супрацоўніцтва ў процідзеянне міжнароднаму тэрарызму і экстрэмізму.
"Варта працягнуць сумесную работу, каб не дапускаць выезду грамадзян нашых краін, якія плануюць далучыцца да тэрарыстычных груп. Важна задзейнічаць механізм па вышуку, затрыманні і экстрадыцыі асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму і экстрэмізму", - падкрэсліў прэзідэнт Казахстана.
На яго думку, трэба павышаць і эфектыўнасць барацьбы з наркатрафікам. Такаеў звярнуў увагу на рост распаўсюджвання сінтэтычных наркотыкаў.
Акрамя таго, Астана прапануе паглыбляць супрацоўніцтва ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Тут у аснову асноў, як падкрэсліў Такаеў, трэба ставіць адпрацоўку практычнага ўзаемадзеяння.
Яшчэ адзін прыярытэт – гэта процідзеянне злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій. Гэтыя і іншыя прапановы казахстанскі бок у бліжэйшы час накіруе ў пісьмовай форме іншым краінам Арганізацыі. Генеральны сакратар АДКБ падрыхтуе план мерапрыемстваў. Як чакаецца, план зацвердзіць прэзідэнт Казахстана, як кіраўнік краіны, якая старшынствуе, пры згодзе іншых бакоў у пачатку 2024 года.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Вальфовіч: Арменія не блакіравала рашэнні саміту АДКБ у Мінску
Пяскоў: не Расія ўяўляе пагрозу для Еўропы, а наадварот
Лукашэнка: краінам АДКБ патрэбны новыя рашэнні па ўмацаванні бяспекі
Стужка навiн
0