Валерый Дайнека: "Песняры" не былі падобныя ні да каго
© Photo : из личного архива Валерия ДайнекоВыступленне ансамбля "Песняры"
© Photo : из личного архива Валерия Дайнеко
Падпісацца
Эксклюзіў
Мулявін расстаўляў галасы не так, як выконваюць класічны рок іншыя папулярныя ансамблі. Чыстыя, высокія галасы і прамое, адкрытае гучанне сталі візітнай карткай "Песняроў", расказаў артыст.
Валерый Дайнека – заслужаны артыст БССР, саліст легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры", адзначае сёння дзень нараджэння. Менавіта ў яго выкананні "Беловежская пуща" – адна з самых яркіх песень музычнага калектыву –атрымала ўсенародную любоў і прызнанне.
У інтэрв’ю Sputnik знакаміты беларускі спявак расказаў аб сваім творчым шляху, знаёмстве з Уладзімірам Мулявіным, любімых дочках, а таксама пра тое, што лічыць сапраўдным шчасцем.
– Валерый Сяргеевіч, вы нарадзіліся ў музычнай сям’і. Гэта абумовіла ваш выбар у прафесіі?
– Мой бацька быў харавіком-дырыжорам і працаваў дырэктарам музычнай школы №5 горада Мінска. Да таго ж ён валодаў ігрой на фартэпіяна і баяне. Маці была вельмі музычнай жанчынай з цудоўным слыхам, нядрэнна спявала. Бацькі вельмі хацелі, каб мы з братам звязалі сваё жыццё з музыкай.
Трэба сказаць, што першы клас знакамітай "адзінаццацігодкі" пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе па класе фартэпіяна ўжо вучыўся мой старэйшы брат Генадзь, не быў набраны ў той год і ў першы клас я пайшоў у школу бацькі, асвойваючы такі складаны інструмент, як скрыпка. На наступны год я ўжо вучыўся ў ССМШ, якую пасля паспяхова скончыў па класе альта.
© Photo : из личного архива Валерия ДайнекоБацькі Валерыя Дайнекі – Сяргей Васільевіч і Дора Яфімаўна
Бацькі Валерыя Дайнекі – Сяргей Васільевіч і Дора Яфімаўна
© Photo : из личного архива Валерия Дайнеко
У нашым доме ўвесь час гучала музыка, і ў нас з братам нарадзіўся творчы дуэт: я граў на скрыпцы, а ён – на фартэпіяна. Мы часта выконвалі розныя музычныя нумары, калі да нас прыходзілі госці. Акрамя таго, я ўжо тады захапіўся вакалам і ў нашым хатнім канцэрце сталі з’яўляцца песні, сярод якіх мы з братам уключалі хіты неверагодна папулярнага тады Раберціна Ларэці і Даменіка Мадуньё.
Пасля 7-га класа я перайшоў на альт і на той перыяд быў адзіным у школе, хто іграў на гэтым інструменце. Звязана гэта было з захапленнем мной папулярнай музыкай, і мне здавалася, што да адзінага альтыста не будзе такой пільнай увагі і строгасці з боку педагогаў.
У старэйшых класах, калі ва ўсім свеце ўжо панавалі "Бітлз", у нас таксама з’явіўся ансамбль, які мы назвалі "Менестрэлі". У нашым рэпертуары пераважалі творы ў стылі рок-н-рол і рытм-энд-блюз. У складзе нашага ансамбля, акрамя аднакласнікаў, былі і звычайныя рабяты, практычна з аднаго двара, дзе ў падвальчыку на плошчы Перамогі ў нас быў свой біт-клаб.
Паралельна з гэтым мы з братам ужо захапіліся джазам і па начах перапісвалі з усіх папулярных радыёстанцый музычныя праграмы на ўнікальны магнітафон "Эльфа", які бацька аднекуль прынёс. Вось так, па начах, мы самаадукаваліся ў джазе і папулярнай музыцы.
– Чаму вы не паступілі ў кансерваторыю?
– Пры паступленні я заваліў перадапошні экзамен па гісторыі (заставалася замежная мова). Усё б нічога, але ў экзаменацыйную аўдыторыю зайшоў рэктар Уладзімір Алоўнікаў і пачаў задаваць дадатковыя пытанні, і тут я "паплыў".
Калі сапраўды, то я не зусім гарэў жаданнем паступаць туды. Па словах хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўжо вучыліся ў кансерваторыі, гэтую навучальную ўстанову называлі няйначай як "партыйнай школай з музычным ухілам" (усміхаецца). Але бацька настаяў, і я літаральна за дзесяць дзён самастойна падрыхтаваўся.
Дарэчы сказаць, па спецыяльнасці (ігра на альце) мне б паставілі выдатна, але да мяне бліскуча згуляла дзяўчынка з Ленінграда, і экзаменацыйнай камісіі прыйшлося неяк вылучыць мяне на яе фоне, і я атрымаў 4+.
© Photo : из личного архива Валерия ДайнекоВалерый Дайнека з братам Генадзем
Валерый Дайнека з братам Генадзем
© Photo : из личного архива Валерия Дайнеко
Аднак паступіць у вядучую музычную ВНУ краіны мне было не наканавана (гісторыя з "гісторыяй"). Бацькі сталі галасіць, што хоць нейкі дыплом мне патрэбен для таго, каб у далейшым мець магчымасць выкладаць ці хаця б іграць у аркестры.
Так мяне без экзаменаў прынялі ў Мінскае музычнае вучылішча на трэці курс, пасля якога я ўжо меў дыплом – у простанароддзі яго назвалі "кавалкам хлеба" (так мне часта казаў бацька).
Ужо падчас вучобы ў ММВ я падзарабляў у вядомым сталічным рэстаране "Каменная кветка", дзе спяваў два аддзяленні папулярныя савецкія і сусветныя хіты, а таксама наведваў аркестр Беларускага дзяржаўнага радыё пад кіраваннем Барыса Райскага. Там быў выдатны эстрадна-джазавы квартэт, і я атрымаў першыя навыкі ансамблевага спеву. Увогуле праблем з тым, каб сябе заняць, не было.
– Ваша першая сустрэча з Уладзімірам Мулявіным адбылася менавіта ў тыя гады, калі вы спявалі ў "Каменной кветцы". Як гэта адбылося?
– Сапраўды, падчас маіх выступленняў у гэты рэстаран часта па вечарах пасля канцэртаў і гастролей любіў заходзіць Уладзімір Мулявін – кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры", які грымеў тады на ўсю краіну.
Там мы пазнаёміліся бліжэй, і аднойчы падчас чарговай сустрэчы Мулявін прапанаваў мне і яшчэ, як ён тады сказаў, аднаму хлопцу з ансамбля "Залатыя яблыкі", прыйсці праслухацца.
Гэтым хлопцам аказаўся Леанід Барткевіч, якога да таго часу я добра ведаў. Мы з Лёняй стэлефанаваліся і сустрэліся на Круглай плошчы: я ўзяў з сабой альт, а ён чамусьці прыйшоў з трубой, і мы адправіліся на праслухоўванне ў філармонію.
Памятаю, што, хоць я і быў знаёмы з Мулявіным і рабятамі, якія ігралі ў "Песнярах", усё роўна хваляваўся. Мы зайшлі ў аўдыторыю на другім паверсе. Першым нешта праспяваў Лёня, а потым зайшоў я і таксама праспяваў пару нот. Інструменты мы так і не расчахлялі!
© Photo : из личного архива Валерия ДайнекоУладзімір Мулявін (на пярэднім плане) і Валерый Дайнека
Уладзімір Мулявін (на пярэднім плане) і Валерый Дайнека
© Photo : из личного архива Валерия Дайнеко
Праслухоўванне прайшло паспяхова, пасля Мулявін нас абодвух запрасіў у знакаміты калектыў. Але трэці курс вучылішча, якое ўсё ж трэба было скончыць, і жаданне стварыць нешта сваё ўзялі верх. Я адмовіўся ад прапановы Уладзіміра Мулявіна, хаця, шмат пазней злёгку пра гэта шкадаваў.
Пасля вучылішча я працаваў у двух ансамблях – "Равесніку" Віктара Скугарэўскага і групе Валянціна Бадзьярава. У гэтыя гады мы не раз перасякаліся з "Песнярамі", але я ніколі не быў на іх канцэрце, хоць чуў іх выступленні ў запісах, якасць якіх у той час была недастаткова добрай. Гэта былі магнітафонныя запісы тэлетрансляцыі "Песняроў", але іх трэба слухаць жыўцом.
Я гэта зразумеў празь некалькі гадоў, калі пабываў на іх канцэрце ў Палацы спорту. І мяне проста ўразіла, наколькі яскрава гучаў ансамбль на сцэне. Гэта было нешта неверагоднае, не падобнае ні на што іншае.
У перапынку я падышоў да Мулявіна і распавёў аб сваім жаданні працаваць у калектыве. Аднак свабодных вакансій у "Песнярах" на той момант не аказалася. І неўзабаве мне паступіла прапанова ад "Чырвонай руты".
– Якім вам запомнілася супрацоўніцтва з Сафіяй Ратару?
– Я цэлы год прапрацаваў у ансамблі "Чырвоная рута", з якім мы аб’ездзілі амаль усю Украіну, і не толькі. Гэта быў дзіўна насычаны ў творчым плане час. Менавіта тады мы запісалі з Сафіяй Ратару канцэрт у Чэхаславакіі, фрагменты якога захавалася ў YouTube.
Чатыры песні – гэта маленькі блок, дзе мы спяваем ансамблем (куды выпадкова ўвайшлі і дзве мае першыя аранжыроўкі), сталі ўжо папулярнымі хітамі (калі можна так сказаць). Цікава, што якраз у той час, калі я іграў у ансамблі з Ратару, у "Песнярах" працаваў хлопец з Украіны – Юра Дзянісаў. Менавіта ён першым у "Песнярах" выканаў знакамітую "Белавежскую пушчу".
У 1977 году ў Туле я адыграў свой апошні канцэрт з "Чырвонай рутой". Да гэтага часу Дзянісаў ужо сышоў з ансамбля, і я прыйшоў на яго месца.
– Як вы лічыце, у чым заключаецца феномен "Песняроў"?
– "Песняры" валодалі самабытнасцю, яны не былі ні на каго падобныя. "Песняры" не былі ў чыстым выглядзе кантры-ансамблем, таму што ў іх рэпертуары было вельмі шмат песень грамадзянскага зместу, а таксама песень, напісаных удзельнікамі ансамбля, у прыватнасці, самім Мулявіным, які ўвесь гэты груз узваліў на свае плечы.
Валерый Дайнека
© Sputnik / Константин Михальчевский
/ Можна пералічваць бясконца доўга рэпертуар ансамбля, але самае галоўнае – гэта вакал, які незвычайна гучыць… Мулявін расстаўляў галасы не так, як спяваюць класічны рок іншыя папулярныя ансамблі. Чыстыя, высокія галасы і прамое, адкрытае гучанне – візітная картка "Песняроў".
Дарэчы, з маім прыходам у калектыў галасы ў ансамблі загучалі мякчэй, тым больш, што чацвёра з нас ужо вучыліся ў "кульку" на харавым народным аддзяленні. Уладзімір Мулявін даверыў мне займацца вакалам, і, трэба сказаць, што мне гэта ў нейкай ступені ўдалося. Ёсць некалькі работ ("Ой, ты дубе, дубе", "Ой, дзе ж мы ходзім", "Ты мне песню спей, дзяучына", "А ў полі бяроза" і інш.), якімі я вельмі ганаруся.
– Песня "Беловежская пуща" ў вашым выкананні – самая вядомая і любімая слухачамі, але запісана яна была толькі з дзесятага разу…
– Я слухаў "Беловежскую пущу" ў выкананні тых, хто праспяваў яе да мяне – дзіцячага хору, Бэлы Рудэнка, Юрыя Дзянісава. Я настолькі яе вывучыў, "пражыў" і зразумеў усе памылкі, якія былі ў Юры. Гэтую песню нельга крычаць, нельга ціснуць на ноты. Досыць удумацца ў тэкст і ўсё становіцца зразумелым.
Як толькі я праспяваў "Беловежскую пущу", Аляксандра Пахмутава сказала, што вельмі хоча хутчэй запісаць песню ў музычны фонд. Мы пазнаёміліся з Аляксандрай Мікалаеўнай у маскоўскай студыі (дзе быў гукарэжысёр вялікі Бабушкін) – гэта была зусім унікальная сустрэча.
Мая задача была – праспяваць песню пад ужо запісаную інструментальную фанаграму з самага пачатку і да канца, без прыпынку. Так раней (у сярэдзіне 70-х гадоў) пісалі ўсё. І толькі дзесьці з дзесятага разу я з палёгкай уздыхнуў, скончыўшы запіс. Прычым у адным месцы: "Где трава высока…" – я злёгку кіксануў, гэта значыць не ўзялася нота.
Сіл спяваць зноў у мяне ўжо не было, і тады я прапанаваў пераспяваць пасля адпачынку, але Пахмутава пагладзіла мяне па плячы і сказала: "Валера, пакінем так. Самае галоўнае і патаемнае ў гэтай песні – гэта існасць". Аляксандра Мікалаеўна ўгаварыла мяне не перапісваць "Беловежскую пущу" зноў.
© Photo : из личного архива Валерия ДайнекоВалерый Дайнека з "Новымі Самацветамі"
Валерый Дайнека з "Новымі Самацветамі"
© Photo : из личного архива Валерия Дайнеко
– Сёлета ў пракат выйшаў серыял "За полчаса до весны" аб лёсе заснавальніка і кіраўніка легендарнага ВІА "Песняры" Уладзіміра Мулявіна, у стварэнні якога вы прынялі ўдзел як кансультант. Што, на вашу думку, з'яўляецца ў ім самым цікавым для гледача?
– Ну, я не зусім магу быць кансультантам таго часу, калі я яшчэ там не працаваў, але нейкія звесткі аб ансамблі вядома ж магу падказаць, але толькі ў будучыні. Першы сезон зняты да 76-га года.
Мне здаецца, самае цікавае заключаецца ў тым перыядзе, які апавядае пра дзяцінства і юнацтва Мулявіна, калі ён жыў у Свярдлоўску і яшчэ нікому не быў вядомы.
Проста ўсё, што было пасля – вядома шматлікім, а вось гэты час, у якой сям’і, асяроддзі фарміраваўся будучы стваральнік "Песняроў", не ведае ніхто.
Дарэчы, зараз ідуць здымкі дакументальнага фільма пра Леаніда Барткевіча.
– Валерый Сяргеевіч, можна сказаць, што ў вашай сям’і склалася сапраўдная музычная дынастыя, бо абедзве вашы дачкі – Яна і Вікторыя – сталі спявачкамі…
– Старэйшая дачка Яна вучылася ў маскоўскай школе з музычным ухілам, дзе канцэртную залу арандаваў знакаміты хор імя Папова. Так здарылася, што Яна апынулася ў ліку тых шчасліўчыкаў, якія паспяхова прайшлі праслухоўванне, і яе залічылі.
Я браў яе на ўсе нашыя запісы, тэлепраграмы, на вялікія канцэрты і бачыў, як гарэлі яе вочкі. Пазней Яна паспрабавала свае сілы ў расійскім музычным праекце, арганізаваным унукам знакамітага савецкага лётчыка Мікалая Гастэлы "Поющие вместе", самым вядомым хітом якога стала песня "Такого как Путин". Гэта было амаль 20 гадоў таму.
© Photo : из личного архива Валерия ДайнекоВалерый Дайнека з дочкамі Янай і Вікторыяй
Валерый Дайнека з дочкамі Янай і Вікторыяй
© Photo : из личного архива Валерия Дайнеко
Праз нейкі час яе запрасілі ў групу "Новые Самоцветы". Зразумела, што жадаючых трапіць туды было вельмі шмат, але выбралі менавіта Яну, і вось ужо больш за пятнаццаць гадоў яна спявае ў гэтым ансамблі.
Малодшая Вікторыя пачынала сваю кар’еру ў Маскве як балерына, але таксама захаплялася і вакалам. І ў яе нядрэнна атрымлівалася, асабліва ў Амерыцы, дзе на студыі "Hit Factory" яна нават запісала цэлы руска-англійскі альбом. Да таго ж, Віка сама піша музыку і тэксты да песень. Некаторыя з яе песень, напрыклад "Гордость", выконвае папулярная спявачка Наталля Падольская.
Цяпер Вікторыя жыве ў Амерыцы і большую частку свайго часу прысвячае сям'і і бізнесу, але і пра любімае захапленне не забывае – пару разоў на тыдзень у сваё задавальненне яна спявае ў невялікіх рэстаранчыках, выконваючы сусветныя хіты і тым самым удасканальваючы свой вопыт.
– Што неабходна вам для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым?
– Вялікае шчасце для мяне – гэта свабода, калі ўсё спланаванае ў жыцці ўжо адбылося, і, вядома тое, што ў мяне ёсць любімыя дочкі, поспехам якіх я не перастаю радавацца.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"