Беларускі этнограф па народных прыкметах разлічыў, якая будзе зіма
© Sputnik / Альфред МикусЗімовы лес
© Sputnik / Альфред Микус
Падпісацца
Эксклюзіў
Народныя "сіноптыкі" стагоддзямі рабілі доўгатэрміновы прагноз на зіму па тым, як увосень выглядаюць дрэвы і паводзяць сябе птушкі.
Народныя прыкметы сведчаць аб тым, што сёлета будзе дастаткова мяккая зіма, і на Новы год моцных маразоў не прадбачыцца, расказаў вядомы беларускі этнограф Іван Крук.
Прадказанні надвор’я па народных прыкметах існавалі ў розных народнасцей. У беларусаў таксама былі свае прыкметы, якія стагоддзямі перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Аб тым, якім будзе лета ці зіма, вызначалі па паводзінах жывёл, па раслінах.
Вядомы беларускі этнограф Крук расказаў, як вызначыць па дрэвах і птушках, якой будзе зіма.
"У гэтым годзе бярозы былі вельмі доўга зялёнымі. (…) адсюль я раблю выснову – што зіма 2023/24 будзе мяккая і ў цэлым роўнаградусная. Яна будуць прыкладна такой як першыя дні снежня, маразы ў сярэднім не будуць больш –10°С", - распавёў Sputnik Крук.
Бярозавы гай, архіўнае фота
© Sputnik / Игорь Подгорный
/ Ён адзначыў, што старажытных беларусаў, якія ў асноўным займаліся земляробствам, у меншай ступені цікавіў прагноз па снезе, хаця і існавала прыкмета: шмат снегу – шмат хлеба.
"Галоўная цікавасць была ў тым, марозная або мяккая чакае зіма. Бо менавіта ад гэтага залежаў будучы ўраджай", - расказаў этнограф.
"Я спытаў у ясеня"
Крук расказаў, што народныя "сіноптыкі" рабілі доўгатэрміновы прагноз на зіму па тым, як восенню паводзяць сябе дрэвы.
Напрыклад, надвор’е на зіму вызначалі па чатырох дрэвах: двух садовых – вішні і чарэшні, і двух дзікіх дрэвах – ясені і бярозе. Трэба было ўважліва глядзець на тое, як паводзіць сябе лісце на гэтых дрэвах.
"Ясень, да прыкладу, дае прагноз аб тым, як доўга не будзе снегу. Пакуль на ясені трымаецца лісце – снег не ляжа. І вясной сапраўды таксама – не прыйдзе сапраўднае цяпло, калі на ясені няма пупышак. Як толькі пачынае на ясені распускацца лісце, значыць замаразкаў больш не будзе", - сказаў ён.
Таксама калі з чарэшні і вішні рэзка абсыпалася лістота, гэта дакладная прыкмета таго, што ў пачатку зімы будзе шмат снегу.
Лістота на бярозе
Крук расказаў, што стан лістоты на бярозе восенню – гэта правільны паказчык таго, якой будзе зіма.
"Мяне вучылі так: глядзі, адкуль пачне жоўкнуць ліст на бярозах – знізу ці зверху", - распавёў Крук.
Калі зверху – то першы месяц зімы будзе халодны, калі з сярэдзіны – то другі, і, адпаведна, калі знізу – то халодным будзе люты.
"У гэтым годзе падчас паездак на дачу мы на працягу трох тыдняў назіралі за старой алеяй бяроз. Сёлета бярозы былі вельмі доўга зялёнымі, потым пачалі паціху жоўкнуць. І нейкіх кантрастаў паміж верхам і нізам не было, адсюль я і раблю выснову, што зіма сёлета будзе мяккая", - сказаў этнограф.
Паводле яго слоў, толькі ў канцы студзеня, прыкладна 20-21 чысла, "зіма дадасць марозу, будзе і да –25°С".
Крук, грунтуючыся на народным вопыце вызначэння надвор’я, зрабіў прагноз і на Новы год. На яго думку, будзе снег, але без моцных маразоў.
Шпакі паляцелі
Ёсць яшчэ адзін прыродны індыкатар, па якім можна вызначаць надвор’е – калі птушкі ляцяць на поўдзень.
CC BY 2.0 / Jevgēnijs Šlihto / Common starlingШпак
Шпак
"У гэтым годзе пачыналіся ўжо замаразкі, калі я апошні раз размаўляў са сваімі шпакамі на дачы. Яны пасядзелі на правадах і рэзка паляцелі. Вось і зіма прыйшла рана ў гэтым годзе", - сказаў этнограф.
Ён таксама назваў некалькі дат, паводле якіх можна вызначаць зімовае надвор’е. Так, 28 лістапада паказвае, якое будзе надвор’е на Міколу Зімняга (19 снежня).
"А па 19 снежня вызначалі надвор’е на Вадохрышча. Калі на Міколу Зімняга будзе цёплае надвор’е, то і халоднага Вадохрышча не чакалі", - адзначыў Крук.
Беларускія этнографы з экспедыцый прывезлі яшчэ адзін народны спосаб вызначыць прагноз на зіму. Так, 9 снежня трэба было зазірнуць у студню – калі там вада ціхая, то і зіма будзе мяккая, а калі яна неспакойная, чуюцца нейкія гукі – то трэба было чакаць суровай і з завеямі зімы.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"