"Ой, ладачкі-ладкі, надышлі Калядкі...": найлепшыя вершы ў святочнай чытанцы
![Гульні на Каляды Гульні на Каляды - Sputnik Беларусь, 1920, 12.01.2024](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102692/11/1026921159_0:300:2048:1452_1920x0_80_0_0_68a1074991d1cbf4b78335649e7eee3e.jpg)
Дзе каза ходзiць – там жыта родзiць.
Дзе каза хвастом – там жыта кустом.
Дзе каза нагою – там жыта капною.
Дзе каза рогам – там жыта стогам.
Будзь ваша здароў,
Як рыжык з бароў.
Гэй, Каляда-калядзіца!
Гэй, Каляда-калядзіца!
Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы.
Гэй, Каляда-калядзіца!
Гэй, Каляда-калядзіца!
![Рождество Христово. Патриаршая литургия в храме Христа Спасителя Рождество Христово. Патриаршая литургия в храме Христа Спасителя - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e5/01/07/1046581210_0:0:3151:2047_1920x0_80_0_0_bea8ce77f6bf2ee1de0d33a77d93e40e.jpg)
Песня на Каляды
Пастушкі гулялі,
Каляду ігралі:
Бог нам аб’явіўся,
Хрыстус нарадзіўся
– Каляда-Каляда, гэй.
Не ў пышных харомах,
Ані ў панскіх домах:
У маленькай хаце
Яго туліць Маці
– Каляда-Каляда, гэй.
Трэба несці дары,
Трэба даць ахвяры:
Як мы і Ён кволы,
Хоць кругом анёлы
– Каляда-Каляда, гэй.
Гукнём нашу песню,
Як бы на прадвесні:
Хрыстус свет адменіць,
Голаў злу прышчэміць
– Каляда-Каляда, гэй.
Чэсць Табе, Марыя,
Чыстая лілія:
Цябе Божай Маці
Будзем называці
– Каляда-Каляда, гэй.
І Язэпу слава
Няхай бы паўстала:
Бо ў яго ж прынятку
Марыя з Дзіцяткам
– Каляда-Каляда, гэй.
А волікам тутка,
Што стаяць ціхутка,
І гэтай асліцы
Прынясём травіцы
– Каляда-Каляда, гэй.
Хвалім вельмі Бога,
Бо нам дарагога,
Спаслаў Сына з неба,
Каб душы даць хлеба
– Каляда-Каляда, гэй.
Браточкі гукніце,
На ўвесь свет пяіце,
Што Бог чалавеку
Спагадаў ад веку
– Каляда-Каляда, гэй.
![Колядный обряд Щедрец в Осово Солигорского района Колядный обряд Щедрец в Осово Солигорского района - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e5/01/0f/1046646843_0:0:1600:1066_1920x0_80_0_0_3ff7dfc6db5ed595e834622ccbf74f4c.jpg)
Калядная вячэра
Гэткай смачнае куцці
вы не елі ў жыцці.
I блінцы калядныя
дужа-дужа ладныя.
А кісель ды аўсяны
яшчэ лепшы за бліны.
А згатуеце гароху –
з'ясце многа й яшчэ троху.
Селядцы ёсць і грыбкі –
пах ідзе ва ўсе бакі.
Пернікі ды булкі з макам
будуць, пэўна, ўсім да смаку.
Журавінавы напітак
будзе піцца з апетытам.
Усе стравы сытныя,
надта апетытныя!
![Колядный обряд Щедрец в Осово Солигорского района Колядный обряд Щедрец в Осово Солигорского района - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e5/01/0f/1046646886_0:0:1600:1067_1920x0_80_0_0_db08d9227510fedcd428d32d1902993c.jpg)
Калядкі
Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Мы дзеля Калядак
Напяклі аладак.
Дралі дробнай таркаю
Дранікі духмяныя.
Хочаш – еш са скваркаю,
Хочаш – са смятанаю.
Вось вам, калі ласка,
З жэрдачкі каўбаска.
Вось кавалак пірага,
Каб не брала вас туга.
Ой, ладачкі-ладкі!
І мядок салодкі
Да лясной гарбаткі
Наліем у сподкі.
І запахне рутай,
Верасам, чаборам,
Каб зімою лютай
Нам не знацца з горам.
Бярыце з талеркі
Лізунцы, цукеркі!
Ешце ўволю, ешце,
Ды не псуйце зубкі…
Песняй нас пацешце,
Галубкі, галубкі!
Бохан – поўняй яснаю,
Яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё – з уласнае
Нашай гаспадаркі.
Калі вам прысмакі
Прыйдуцца да смаку,
Прынясіце Богу
Шчырую падзяку.
Ой, ладачкі-ладкі –
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі –
Святкуем Калядкі!
![Каляды Каляды - Sputnik Беларусь, 1920, 05.01.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/103929/20/1039292022_0:0:1600:1067_1920x0_80_0_0_f995bd28044af17b834c9d58a0fbe551.jpg)