Сведчанні відавочцаў: як ратаваліся людзі падчас тэракта ў "Крокусе"
© Sputnik / Максим Блинов
/ Падпісацца
Нябачаная па маштабах тэрарыстычная атака ў канцэртнай зале ў Падмаскоўі ўзрушыла ўвесь свет. Sputnik сабраў інфармацыю аб тым, як ратаваліся наведвальнікі канцэртнай залы.
Канцэртная зала "Крокус Сити Холл" – частка вялікага комплексу з гандлёвымі і выставачнымі плошчамі. Будынкі знаходзяцца каля МКАД і станцыі метро "Мякинино". Фармальна гэта падмаскоўны горад Краснагорск, а фактычна – ускраіна Масквы.
22 сакавіка 2024 года ў комплексе павінен быў прайсці канцэрт групы "Пикник". Перад яго пачаткам, каля 20:00 па маскоўскім часе, у канцэртную залу ўварваліся некалькі тэрарыстаў у камуфляжы, узброеных агнястрэльнай зброяй. Яны адкрылі агонь па наведвальніках канцэрта, у працэсе атакі ў будынку пачаўся пажар, прагучалі выбухі. Частка канструкцый будынка абрынулася.
У выніку гэтага нападзення ад агнястрэльных раненняў, а таксама з-за пажару і абвальванні канструкцый загінулі не менш за 139 чалавек, трое з якіх – дзеці. Колькасць пацярпелых – больш за 150.
Выратавацца змаглі больш за пяць тысяч чалавек. Пры гэтым сярод загінулых апазнаны яшчэ не ўсе. Па некалькіх дзесятках цел пакуль што няма дакладных звестак, асобы некаторых ахвяр трэба ўстанавіць праз экспертызу ДНК, якая зойме два тыдні.
На жаль, не да канца зразумелы лёс некаторых людзей, якія апынуліся ў "Крокусе" вечарам 22 сакавіка. Па гэтай прычыне пошукавая аперацыя на месцы тэракта прадоўжана да 17:00 26 сакавіка.
Зразумеў не адразу
Як распавёў пятнаццацігадовы школьнік Іслам Халілаў, які падзарабляў гардэробшчыкам у "Крокусе", у момант тэракта ён разумеў: калі нешта не зрабіць, можна страціць і сваё жыццё, і жыццё многіх іншых людзей.
"Рабіў усё па максімуме. Асабліва было страшна, калі я быў з натоўпам людзей, калі адчыняў дзверы праз электронны пропуск, было страшна, што яны (тэрарысты - Sputnik) могуць гранату кінуць або агонь на паражэнне адкрыць", - распавёў Халілаў.
Паводле яго слоў, ён усё рабіў "на рэакцыі" і "па інструкцыі". Хлопец рухаўся максімальна хутка і стараўся неяк дапамагчы людзям.
"Усвядоміў я ўсё на наступны дзень. Мне ўсе пісалі ў Telegram, "ВКонтакте", дзякавалі. Казалі: "Калі патрэбна дапамога, пішы", - падзяліўся ён.
Юнак адзначыў, што яго бацькі, калі даведаліся пра здарэнне, спачатку былі засмучаныя і ледзь не заплакалі з-за таго, што Іслам так рызыкаваў сваім жыццём. Але потым сталі ганарыцца сынам і сказалі, што ён усё правільна зрабіў.
Тэракт у "Крокус Сити Холл"
© Sputnik / Максим Блинов
/ Не ўсе з’ехалі дадому
Іншы школьнік, які вызначыўся пры выратаванні людзей, Арцём Данскоў распавёў журналістам, што яму 14 гадоў. І ён, і Халілаў вучацца ў школе №19 Краснагорска.
У "Крокусе" Арцём падзарабляў у вольны час, каб не прасіць у бацькоў кішэнныя грошы. Яго сям’я нядаўна пераехала ў Краснагорск з Валгаграда. У хлопчыка ёсць дзве малодшыя сястры.
Паводле яго слоў, у той дзень усё пачыналася як звычайна, заставалася зусім няшмат да трэцяга званка і пачатку канцэрта. У гэты час Арцём быў з іншымі супрацоўнікамі гардэроба на мінус першым паверсе.
"І з першага паверха да нас пачынае спускацца вялізны натоўп людзей, услед за імі спускаецца наша работніца і кажа, што там страляюць. А мы нічога не чуем, нічога не бачым, нічога не зразумела. І якраз у той момант, калі вялізны натоўп людзей убег у фае, прагучала некалькі стрэлаў. Пасля чаго ўвесь натоўп пабег да службовага памяшкання праз дзверы. Але там знаходзіўся тупік, і з астатнімі мы гэта разумелі. Але калі ўся сотня чалавек спынілася, не ведала, што рабіць, мы вырашылі ўзяць эвакуацыю у свае рукі", - успомніў Арцём.
Школьнік распавёў, што самае складанае было – усіх скаапераваць і ўсім растлумачыць, што трэба выходзіць, ісці як мага хутчэй. Бо тады не было вядома, што адбудзецца праз хвіліну ці нават некалькі секунд.
Ён дадаў, што пасля эвакуацыі некаторыя людзі з’ехалі дадому, а іншыя засталіся на месцы, каб сачыць за тым, што адбываецца. Сам Арцём таксама з’ехаў і ўжо потым са СМІ атрымаў больш поўную карціну здарэння.
Тэракт у "Крокус Сити Холл"
© Sputnik / Сергей Бобылев
/ Ахоўнікі-беларусы
Грамадзяне Беларусі таксама знаходзіліся ў "Крокусе" падчас тэракта. Вядома як мінімум пра двух ахоўнікаў-беларусаў, якія знаходзіліся на працоўным месцы ў момант нападзення.
Беларускі грамадзянін Алім Кашавараў працаваў у "Крокусе" ахоўнікам, тэракт прыпаў якраз на яго змену. З ім працаваў калега, які таксама мае пашпарт Беларусі, Вадзім Кулік. На дадзены момант няма інфармацыі аб тым, што адбылося з ім.
Сябар згаданага вышэй беларуса Аліма Кашаварава Міхаіл Шукайла распавёў журналістам пра свайго таварыша. Кашавараў, паводле яго звестак, працаваў вахтавым метадам, і павінен быў вярнуцца дадому, але застаўся, каб падпрацаваць на канцэрце 22 сакавіка.
Кашавараў быў адным з ахоўнікаў у ачапленні ў зале. Ён атрымаў тры раненні ў жывот. Бацька пацярпелага Іосіф Кашавараў расказаў, што сын знаходзіцца ў рэанімацыі ў крытычным стане, у яго перасталі дзейнічаць ныркі з-за шматлікіх пашкоджанняў. Урачы змагаюцца за яго жыццё.
Загінула беларуска
24 сакавіка стала дакладна вядома пра гібель жанчыны 1978 года нараджэння.
"З жалем паведамляем, што ў спісках загінулых у выніку тэракта ў Краснагорску 22 сакавіка 2024 года значыцца грамадзянка Рэспублікі Беларусь", - заявіла пасольства Беларусі ў Расіі.
Спазненне выратавала
Некаторыя людзі, якія ўратаваліся ад тэрарыстаў, падзяліліся з журналістамі сваімі гісторыямі. Сярод іх крымчанка Людміла Кіпрына. Яна расказала РІА Навіны, што спазненне на канцэрт у "Крокусе" фактычна захавала ёй з сынам жыццё.
"Прыехалі за дзесяць хвілін да канцэрта і не паспелі толкам прайсці ў залу, як пачулі першыя стрэлы, пасля чаго выбеглі на вуліцу... Было страшна і жудасна. Мужчыны змаглі выбіць дзверы запаснога выхаду", - адзначыла яна.
На наступны дзень пасля тэракта яна здала кроў, каб дапамагчы пацярпелым.
"Калі яны (тэрарысты - Sputnik) стаялі каля выхаду, яны нас бачылі. Нехта з іх назад пабег і пачаў страляць па людзях. Я ўпала на падлогу і зрабіла выгляд, што (памерла - Sputnik) – мяне закранула. А дзяўчыну побач са мной забілі, напэўна, не ведаю", - распавяла РІА Навіны адна з пацярпелых, якая была шпіталізавана.
Паводле яе слоў, пасля гэтага пажар узмацніўся. Тэрарысты закрылі ўваход у памяшканне, але не на замок. Праз нейкі час ёй удалося выбрацца, дым быў усюды. Калі яна зразумела, што нікога навокал няма, выйшла на вуліцу.
Моўчкі расстрэльваў
Іншы відавочца Аляксандр распавёў журналістам, што падчас нападзення бачыў высокага чалавека з аўтаматам. Тэрарыст моўчкі расстрэльваў людзей.
"Я не ведаю, як гэта ўдалося (выратавацца - Sputnik). Я быў у самой канцэртнай зале. І бачыў, і чуў (стрэлы - Sputnik). Наогул незразумела, як атрымалася выбрацца, куды ўсе беглі, туды і я бег. Я аднаго бачыў з аўтаматам, высокі, у камуфляжы, з павязкай", - распавёў ён.
Іншы выратаваны, Павел, адзначыў, што ахоўнікі заставаліся на месцах.
"Яны паказвалі, куды ісці, адказвалі на пытанні і дапамагалі ратавацца", - успомніў ён.
Ірына, якая прыйшла ў "Крокус" з сябрамі, была на балконе. Канцэрт павінен быў вось-вось пачацца, і раптам пачуліся стрэлы.
"Спачатку ўдалечыні, потым усё бліжэй і бліжэй. Людзі пабеглі прама да сцэны, а мы ўпалі паміж радоў і закрылі галовы. Хтосьці з мужчын выкрыкнуў, каб мы рухаліся ў бок выхаду… І натоўп панёс", - распавяла Ірына.
Паводле яе слоў, тэрарысты крычалі ў зале: "Ляжаць!", а ў холе раздаваліся крыкі "Стаяць!". Тыя, хто нападаў, стралялі ў спіны.
Іншая жанчына, якая была на месцы тэрарыстычнага нападзення, паведаміла СМІ, што тэрарысты былі без масак, у чорных шапачках і камуфляжных касцюмах.
"Крычалі. Стралялі ў спіны і крычалі: "Усім ляжаць, усім не рухацца". Не ведаю, як нам удалося выбрацца, мы сядзелі не вельмі далёка ад дзвярэй, добра што дзверы былі адчыненыя", - растлумачыла яна.
Адны з дзвярэй на выхад былі заблакіраваныя, і мужчыны яе ўзломвалі. Па словах відавочцаў, ужо па-за "Крокусам" у адной з кавярань тым, хто выратаваўся, прапаноўвалі гарбату і дапамогу. Некаторых бясплатна падвозілі дадому.
Героі "Крокуса"
Нягледзячы на тое, што наведвальнікі і супрацоўнікі "Крокуса", у адрозненне ад тых, хто нападаў, не былі ўзброены агнястрэльнай зброяй, многія не разгубіліся і паводзілі сябе мужна. Акрамя Іслама Халілава і Арцёма Данскова былі іншыя, у тым ліку моладзь. Напрыклад, Мікіта Іваноў і Сафія Маер.
Яны дапамагалі людзям выйсці з будынка, нягледзячы на небяспеку. Старшыня Духоўнага ўпраўлення мусульман Расіі муфтый Равіль Гайнутдзін паабяцаў узнагародзіць Іслама Халілава ордэнам расійскіх мусульман "За заслуги".
У сваю чаргу кіраўнік Камітэта Дзярждумы па абароне сям’і, пытаннях бацькоўства, мацярынства і дзяцінства Ніна Астаніна паведаміла, што ўсіх маладых людзей, якія праславіліся пры выратаванні ў "Крокусе", запросяць у ніжнюю палату парламента разам з бацькамі. У расійскім парламенце лічаць, што моладзь трэба ўзнагародзіць.
Халілаву і Данскому Упаўнаважаная пры прэзідэнце Расіі па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова ўжо ўручыла ноўтбукі.
Вызначыліся і іншыя людзі, якія апынуліся ў "Крокусе" падчас тэракта. Напрыклад, адзін мужчына здолеў абясшкодзіць узброенага тэрарыста. Кіраўнік Следчага камітэта Аляксандр Бастрыкін даручыў прадставіць гэтага чалавека да ведамаснай узнагароды.
Акрамя таго, кампанія "Крокус интернешнл", якая валодае "Крокус Сити Холл", выказала падзяку камандзе, якая працавала ў дзень тэракта за тое, што большасць людзей былі выратаваны. Быў адзначаны прафесіяналізм і гераізм супрацоўнікаў.
Усе тэрарысты злоўлены
Паводле звестак ФСБ, зброя для тэрарыстаў у "Крокусе" была загадзя прыгатавана ў тайніку. Неўзабаве пасля тэракта злачынцы ўцяклі на аўтамабілі Renault Symbol. Машына рухалася ў бок мяжы з Украінай, дзе для тэрарыстаў з украінскага боку было падрыхтавана "акно".
Уцячы ад пагоні яны не змаглі. Усяго праваахоўнікамі затрыманы 11 чалавек, у тым ліку чацвёра, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў тэракце. Менавіта апошнія і рухаліся ў бок Украіны спачатку на згаданай машыне, а потым пешшу.
Іх злавілі ў Бранскай вобласці з розніцай некалькі гадзін. Яны аказаліся грамадзянамі Таджыкістана: Шамсідзін Фарыдуні, Мухамадсабір Файзаў, Далерджон Мірзоеў, Мурадалі Рачабалізада. У Фарыдуні, ёсць рэгістрацыя на тэрыторыі РФ у Краснагорску, а ў Мурадалі – у Падольску. У Мірзоева была часовая рэгістрацыя на тры месяцы ў Новасібірску, якая скончылася.
Адзін з гэтых людзей распавёў на допыце неўзабаве пасля затрымання, што на тэракт пайшоў за грошы, а зрабіць гэта яго папрасіў "памочнік прапаведніка", з якім ён меў зносіны ў Telegram. За атаку, паводле слоў затрыманага, абяцалі 500 000 расійскіх рублёў (17,5 тыс рублёў).
24 сакавіка ўсіх чацвярых даставілі ў Басманны суд Масквы, дзе быў санкцыянаваны іх арышт.
Жалоба і салідарнасць
З-за тэракта прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аб’явіў 24 сакавіка днём агульнанацыянальнай жалобы. Ён заявіў, што Расія сутыкнулася не проста са старанна, цынічна спланаваным тэрактам, а з падрыхтаваным і арганізаваным масавым забойствам мірных людзей. Пуцін падкрэсліў, што ўсе выканаўцы, арганізатары і заказчыкі атакі панясуць справядлівае і непазбежнае пакаранне.
Жыхары і ўлады Беларусі выказалі салідарнасць з Расіяй. Неўзабаве пасля тэракта, вечарам 22 сакавіка, у Мінску пачалося стыхійнае ўскладанне кветак да пасольства Расіі ў Беларусі. Аналагічныя акцыі прайшлі ў абласных цэнтрах, у тым ліку каля Рускага дома ў Гомелі.
На працягу як мінімум трох дзён у сталіцы і іншых гарадах кветкі і лампадкі неслі як радавыя грамадзяне, так і вышэйшыя службовыя асобы, іншыя прадстаўнікі дзяржорганаў, грамадскіх і рэлігійных арганізацый.
У пасольстве Расіі ў Мінску 25 сакавіка была адкрыта Кніга спачуванняў, у якой пакінулі запісы прадстаўнікі дыпкорпуса, беларускіх улад, міжнародных арганізацый.
Акрамя таго, адным з першых спачуванні прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну і расіянам прынёс прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць у тым, што ўсе, хто браў удзел у арганізацыі гэтага тэрарыстычнага акта, будуць устаноўлены, а пасля панясуць заслужанае пакаранне.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"