Інфаграфіка

Беларусы ў космасе – інфаграфіка

Падпісацца
За ўсю гісторыю асваення космасу ў ім пабывалі чацвёра беларусаў – Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі, Марына Васілеўская, а таксама Валянціна Церашкова, якая мае беларускія карані. Больш падрабязна – у інфаграфіцы Sputnik.
Многія не ведаюць, але Валянціну Церашкову можна лічыць беларускай: яе бацька нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці, а маці родам з Віцебскай. Сама ж будучая жанчына-касманаўт нарадзілася ў Яраслаўскай вобласці.
Да залічэння ў атрад касманаўтаў Церашкова працавала на заводзе – спачатку закройшчыцай на Яраслаўскім шынным, потым роўнічніцай на камбінаце тэхнічных тканін. У 1959 годзе дзяўчына занялася парашутным спортам і да моманту залічэння ў касманаўты ў сакавіку 1962-га ўжо выканала 163 скачкі.
Церашкова стала першай жанчынай-касманаўтам у свеце, здзейсніўшы свой адзіны палёт на караблі "Восток-6" у чэрвені 1963 года. Яе місія заняла амаль трое сутак – касмічны апарат выканаў 48 віткоў вакол Зямлі.
Пётр Клімук афіцыйна лічыцца першым беларускім касманаўтам. У атрад ЦПК ён быў залічаны ўжо пасля палёту Гагарына, Цітова, Церашковай – у 1965 годзе. Але на тое, каб здзейсніць свой першы касмічны палёт, Клімуку спатрэбілася яшчэ восем гадоў.
Першая яго экспедыцыя адбылася ў снежні 1973 года і заняла крыху менш за 8 сутак. Другая "камандзіроўка" – да арбітальнай станцыі "Салют-4" у 1975 годзе – працягвалася два месяцы. А трэці палёт у 1978-м быў такой жа працягласці, як і першы – амаль восем дзён. Усе тры місіі Клімук здзейсніў у якасці камандзіра карабля.
Уладзімір Кавалёнак, якога называлі "беларускім касманаўтам №2", таксама здзейсніў тры палёты – у 1977, 1978 і 1981 гадах. Падчас сваёй другой экспедыцыі Кавалёнак прымаў на борце арбітальнай станцыі "Салют-6" свайго калегу Клімука, які тады здзяйсняў трэці палёт. Абодва касманаўта ўдастоены вышэйшага дзяржаўнага звання – Герой Савецкага Саюза (двойчы).
У сучаснай гісторыі Беларусі космас пакарыўся ўраджэнцу нашай краіны Алегу Навіцкаму. Ён здзейсніў чатыры палёты на Міжнародную касмічную станцыю, а падчас трэцяй місіі ў якасці акцёра прыняў удзел у здымках расійскага фільма "Вызов" – першай у гісторыі стужкі, знятай у космасе. Сярод беларусаў Навіцкі больш за ўсіх прабыў на арбіце – 545 сутак. Удастоены звання Героя Расіі.
"Навічок" сярод касманаўтаў з Беларусі – Марына Васілеўская. Яна стала ўдзельніцай палёту на МКС у выніку конкурснага адбору, які праходзіў у рэспубліцы ў 2022 годзе. Запуск карабля "Союз МС-25" з экіпажам з трох чалавек (Алег Навіцкі, Марына Васілеўская, Трэйсі Дайсан), адбыўся на касмадроме Байканур 23 сакавіка 2024 года. Васілеўская правяла на борце Міжнароднай касмічнай станцыі 12 сутак, дзе здзейсніла шэраг навуковых даследаванняў, і вярнулася на Зямлю 6 красавіка.
Напярэдадні Дня касманаўтыкі прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў Васілеўскую звання Герой Беларусі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Стужка навiн
0