Запаволеная міна: Літва хоча будаваць ядзерны могільнік на мяжы з Беларуссю
CC BY-SA 3.0 / Schyll / Ignalina Nuclear Power PlantІгналінская АЭС
Падпісацца
Эксклюзіў
Літоўскія ўлады, якія доўгі час вядуць барацьбу з Беларускай АЭС, збіраюцца самі пабудаваць могільнік радыеактыўных адходаў на мяжы з рэспублікай.
Генеральны дырэктар Ігналінскай АЭС Лінас Баўжыс заявіў, што станцыя – ідэальнае месца для будаўніцтва такога аб’екта. У планах Вільнюса – пераўтварэнне сховішча бітумізаваных радыеактыўных адходаў АЭС у могільнік.
Чакаецца, што захоўваць адходы там будуць з усяго Еўрасаюза. Такая інфармацыя не магла не ўстрывожыць эколагаў і грамадскасць. Бо людзям збіраюцца падкласці міну запаволенага дзеяння.
Sputnik даведаўся ў кансультанта Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляд) Алега Леўчука, чым пагражае рэспубліцы такое суседства, і як наладжана ўзаемадзеянне з літоўскім бокам.
Савецкая спадчына
Ігналінская АЭС была пабудавана ў часы СССР, яна пачала дзейнічаць 31 снежня 1983 года і была спынена 31 снежня 2009-га. Станцыя знаходзіцца ў горадзе Вісагінас недалёка ад мяжы з Беларуссю.
Першы расійскі рэактар тыпу РМБК-1500, які дзейнічаў на АЭС, быў адключаны ў канцы 2004 года, другі – у канцы 2009-га. Работы па закрыцці ІАЭС будуць праводзіцца да 2038 года.
Планамі не дзяліліся
Кансультант Дзяржатамнагляду адзначыў, што ў ведамства не паступала якой-небудзь інфармацыі аб планах літоўскага боку пабудаваць новы пункт размяшчэння радыеактыўных адходаў.
"Разам з тым у мінулым годзе ў Мінпрыроды паступіла справаздача ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (СУНА), якая датычыцца запланаванага пераўтварэння існуючага сховішча радыеактыўных адходаў у могільнік. Іншых афіцыйных апавяшчэнняў па абазначаным пытанні мы не атрымлівалі", - сказаў Ляўчук.
Паводле яго слоў, атамныя станцыі могуць арганізоўваць сховішчы на тэрыторыі аб’екта, у тым ліку дзеючага і спыненага, як у выпадку з Ігналінскай АЭС.
© SputnikАлег Ляўчук
Алег Ляўчук
© Sputnik
"З Літвой Беларусь узаемадзейнічае, зыходзячы з абавязацельстваў, узятых у рамках міжнародных канвенцый (Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце, Аб'яднаная канвенцыя аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і аб бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, Канвенцыя аб ядзернай бяспецы). Мы запрашалі літоўскіх спецыялістаў на грамадскія слуханні перад пускам першага і другога энергаблокаў БелАЭС, але рэакцыі ў адказ не было", - дадаў кансультант Дзяржатамнагляду.
Што да якіх-небудзь пагроз для Беларусі пры пераўтварэнні наяўнага сховішча радыеактыўных адходаў у магільнік, то пакуль пра гэта казаць не даводзіцца. Гіпатэтычна самы небяспечны з магчымых сцэнарыяў – гэта разбурэнне кантэйнераў з радыеактыўнымі адходамі або іх узгаранне.
Пралічваюць рызыкі
Ляўчук звярнуў увагу, што ў Дзяржатамнаглядзе ёсць інфармацыйна-аналітычны цэнтр, які можа ацэньваць і прагназіраваць радыяцыйную абстаноўку, у тым ліку вакол Ігналінскай АЭС у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый.
"Пры неабходнасці можна ацаніць пагрозы і пры аварыі на Запарожскай АЭС, хоць звычайна бяруцца ў разлік зоны значна меншага радыуса ўздзеяння, куды можа распаўсюдзіцца радыеактыўнае воблака", - растлумачыў ён.
Таму і тэрыторыя, дзе знаходзіцца Ігналінская АЭС і сумежныя з ёй раёны Беларусі могуць быць улічаны ў разліках. Пры гэтым ацэньваюцца ўсе магчымыя рызыкі і пагрозы.
МАГАТЭ
Ляўчук удакладніў, што беларускія спецыялісты пастаянна прысутнічаюць на мерапрыемствах МАГАТЭ і гатовы перадаваць напрацаваны вопыт.
"Мы там прысутнічаем, нас запрашаюць, а ў некаторых пытаннях нам ёсць якім вопытам падзяліцца. Напрыклад, наш ядзерны аб'ект быў атрыманы дзякуючы Расіі, але пытанні рэгулявання і нагляду мы выбудоўваем самастойна. Пачыналі з нуля. Ужо цікавяцца і іншыя краіны, як мы гэта робім, і з боку МАГАТЭ разуменне ёсць у адносінах да Беларусі", - дадаў Ляўчук.
Аднак, нягледзячы на добрыя намеры Мінска, не ўсе суседзі іх шануюць. Так, кантактаў з Украінай у Дзяржатамнагляду зараз няма, Польшча не праяўляе цікавасці, а Літва не адказвае на ўсе запыты. У тым ліку тыя, якія датычацца агульнай бяспекі ў рэгіёне.
Ляўчук звярнуў увагу, што спецыялісты Дзяржатамнагляду хочуць працягваць супрацоўніцтва, пераймаць вопыт у суседніх краін.
"Напрыклад, Літва зараз набывае вопыт вываду з эксплуатацыі АЭС – гэта вялікая работа, але дзяліцца не хочуць. З пэўнымі прэтэнзіямі да нас. Я думаю, што палітычныя пытанні ў іх стаяць у аснове. Хоць трэба дамаўляцца і шукаць выхад з сітуацыі", - лічыць ён.
Куды падзець адходы з БелАЭС?
Ляўчук удакладніў, што пакуль што пляцоўку для размяшчэння пункта захавання радыеактыўных адходаў у Беларусі не выбралі. Першае адпрацаванае паліва з АЭС у Астраўцы чакаюць толькі да 2030 года, таму яшчэ толькі ідуць падрыхтоўчыя работы ў раёнах патэнцыяльна магчымага знаходжання аб’екта.
"Пры выбары месца размяшчэння пункта захавання радыеактыўных адходаў вызначальнымі з’яўляюцца пытанні бяспекі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя на ўвесь перыяд яго жыццёвага цыкла, уключаючы перыяд пасля закрыцця. Дакладна магу сказаць – высокаактыўных адходаў плануецца размясціць не так шмат, у параўнанні з іншымі", - дадаў ён.
У Дзяржатамнаглядзе прагназіруюць утварэнне не больш за 60 кубаметраў высокаактыўных адходаў пры агульным аб'ёме каля 11 тысяч кубічных метраў адходаў іншых катэгорый за 60 гадоў эксплуатацыі АЭС.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"