Ледзь паспяваў здаваць "хвасты": рэпартаж з малой радзімы чэмпіёна АГ Літвіновіча
© SputnikФота будучага чэмпіёна на стэндзе ў школе
© Sputnik
Падпісацца
Эксклюзіў
У школьным альбоме будучы спартсмен ёсць не на ўсіх фатаграфіях, у выдатніках не значыўся, але ахвотна дапамагаў настаўнікам.
Беларускі батутыст Іван Літвіновіч зноў заявіў аб сабе ў сусветным спорце. У яго другое алімпійскае золата – зараз на летняй Алімпіядзе ў Парыжы.
Карэспандэнт Sputnik з’ездзіў на малую радзіму чэмпіёна, схадзіў у школу і каледж, дзе ён вучыўся, і даведаўся, як адрэагавалі на другі медаль суседзі спартсмена.
У школе №1 у Вілейцы фота Ліцвіновіча размясцілі на музейнай сцяне – разам з іншымі знакамітымі выпускнікамі. Тут і дырыжор Міхаіл Казінец, і вучоны-хімік Міхаіл Саўчыц, і доктар фізіка-матэматычных навук Вячаслаў Ільін.
Для нумара не хапіла месца
Марына Палубятка выкладала ў Літвіновіча геаграфію і па сумяшчальніцтве была класным кіраўніком. Гартаючы выпускны альбом 2016 года, яна адзначае: яе выхаванец ёсць не на ўсіх фатаграфіях.
"Ён часта быў на спаборніцтвах. Калі фатограф прыязджаў, Вані ў школе не было. Вось і атрымалася, што не на ўсіх фота. Вучань ён быў дружалюбны, у выдатніках не хадзіў – сярэдні "харашыст". Калі трэба было ў чымсьці дапамагчы школе, напрыклад, парты перанесці ці тэрыторыю прыбраць, Ваня тут як тут", - расказвае з усмешкай класная чэмпіёна і ўзгадвае школьны конкурс "Хвіліна славы", дзе Літвіновіч здолеў усіх здзівіць.
Педагог кажа, што маці спартсмена – Таццяна Аляксандраўна – заўсёды ўдзельнічала ў школьным жыцці і падрыхтавала гэты нумар.
© SputnikМарына Палубятка
Марына Палубятка
© Sputnik
"Гэта было акрабатычнае шоу з музычным суправаджэннем, выступала трыо: Ваня і яго аднакласніцы. Конкурс праходзіў у актавай зале, а Ваню для нумара месца не хапіла. Ніколі не забуду, як усе перайшлі ў спартзалу, там тройка сябе і паказала. Наогул, клас быў спартыўны, але самы настойлівы аказаўся Ваня", - сказала педагог.
Да золата на алімпіядах Іван ішоў ледзь не ўсё жыццё, яго задаткі, заўважаюць настаўнікі, разгледзела маці. Першы трэнер Пётр Зайцаў не раз казаў, што Літвіновіч заўсёды адрозніваўся рухомасцю і каардынацыяй, не баяўся вышыні, пачынаў з акрабатыкі, а потым яму спадабаўся батут.
"Усе дзеці нараджаюцца з талентамі. Якраз маці дапамагла Ваню развіць яго талент. Яе роля, вядома, вялікая, маці вельмі падтрымлівала, яна ж і прывяла ў спорт", - сказала Палубятка.
Яна прызнаецца, што хацела, каб Літвіновіч скончыў 11 класаў, але будучы чэмпіён адправіўся за прафесіяй у мясцовы каледж – марыў стаць вадзіцелем.
У школе да гэтага часу ўзгадваюць сустрэчу з Іванам пасля першай перамогі на Алімпіядзе ў Токіа ў 2020 годзе.
"Мы сустрэліся ў райвыканкаме і проста ўразіліся яго самадысцыпліне. Прынеслі салодкі падарунак, а ён ні ў якую: маўляў, рэжым, якія цукеркі і шакаладкі, на носе чэмпіянат свету ў Баку, – усміхаецца Палубятка. – Узяў золата, здавалася б, вось ён, верх. Але не, ён не здаўся, у яго былі новыя мэты. Калі ў Токіа выступаў наш Ваня, то ў Парыжы мы ўбачылі Івана, наколькі ён упэўнена сябе адчуваў, двойчы перамог. Думаю, на наступнай Алімпіядзе гэта будзе ўжо Іван Уладзіміравіч".
Дырэктар школы Іна Крышкоўская прыгадвае, як расхваляваўся Літвіновіч, калі падчас той сустрэчы пасля першага золата ўбачыў сваіх настаўнікаў.
© SputnikІна Крышкоўская
Іна Крышкоўская
© Sputnik
"Пакуль яго віншавалі, ён увесь час на нас пазіраў, а калі рабілі агульнае фота, я падышла і кажу: Ваня, у цябе такія халодныя рукі. А ён мне: "Я так хвалююся", а потым: "А можна я вас абдыму?". Потым дастаў медаль, і з усіх прысутных прынёс гэты медаль мне. Важкі такі, велізарны, яго праца. Ён усім даў яго патрымаць", - дырэктар не стрымала слёз.
Толькі паспяваў здаваць "хвасты"
Схадзіў карэспандэнт Sputnik і ў каледж, дзе вучыўся чэмпіён. Намеснік дырэктара ўстановы па вучэбна-вытворчай рабоце Святлана Сапега расказала: Літвіновіч вучыўся на спецыяльнасці "Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў, тэхналогія зварачных работ". У аўтабіяграфіі ў яго асабістай справе напісана: "У 2007 годзе пайшоў у школу, захапляецца матацыкламі і займаецца скачкамі на батуце ў спартшколе".
"У 2017 годзе Іван быў на першым курсе і ўжо ў якасці майстра спорту трапіў у рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі. Дарэчы, размеркаванню не падлягаў, таму што быў уключаны ў склад зборнай каманды краіны", - удакладніла намеснік дырэктара.
© SputnikСвятлана Сапега
Святлана Сапега
© Sputnik
Сапега гартае папку і зачытвае: "Просім вас вызваліць навучэнца групы 3-16 Івана Літвіновіча з заняткаў як члена зборнай па скачках на батуце для ўдзелу ў этапе Кубка свету ў Баку". Затым такую ж заяву на імя дырэктара каледжа – вызваліць на вучэбна-трэніровачныя зборы на спортбазе РЦАП "Стайкі". І так ці ледзь не кожны месяц тры гады.
"Вядома, нагрузкі яму хапала, часам не да вучобы было, "хвастоў" па прадметах назбіраў. Але ён прыязджаў і ўсё паспяхова здаваў. Хлопец добры, выхаваны. Дарэчы, выпускны кваліфікацыйны экзамен Іван здаў на "восем". З патэнцыялам быў, хто ж тады ведаў, што тут чэмпіён расце", - усміхаецца Сапега і дадае, што асабіста сачыла за выступленнем выпускніка ў Парыжы і абышлося не без слёз.
"Да дрыжыкаў. Ваня, вядома, разумнік. Час бы ў Вілейцы алею ў гонар чэмпіёна пасадзіць", - сказала субяседніца.
© SputnikШкола, у якой вучыўся Іван Літвіновіч
Школа, у якой вучыўся Іван Літвіновіч
© Sputnik
Дружалюбны хлопец
Двухразовы чэмпіён рос у сціплай трохпавярхоўцы на вуліцы 1 Мая ў Вілейцы. Калі прытрымлівацца нумарацыі, дом №78 атрымалася знайсці не адразу. Вакол суцэльныя цяпліцы, сад з яблыкамі, алычой і вішняй ды кветнікі. Гэта праца жыхароў той самай непрыкметнай "хрушчоўкі".
© SputnikДом у Вілейцы, дзе рос будучы чэмпіён
Дом у Вілейцы, дзе рос будучы чэмпіён
© Sputnik
У альтанцы заўважаем пенсіянера, гэта Міхаіл Мікуліч, сусед Літвіновічаў.
"Мая кватэра №1, іх – №2. Добрая сям’я. Ні дзеда, ні бабулі Івана ўжо няма. Фраловіч (дзядуля чэмпіёна - Sputnik) наогул слаўны быў, душэўны. Маглі і па чарцы выпіць. Калі Фраловіч памёр, Ванька зусім маленькі быў, дзеда, хутчэй за ўсё, не памятае”, - кажа ён.
Мужчына ўдакладняе, што кватэра Літвіновічаў зараз пустуе: маці Івана жыве ў "зенітаўскім" раёне – жыллё падарыў сын, але яна прыходзіць, "памідоры тут садзіць".
© SputnikЦяпліца ў двары
Цяпліца ў двары
© Sputnik
Міхаіл расказвае, што дом іх інтэлігентны: кватэры паўстагоддзя таму раздалі майстрам і выкладчыкам былога сельскагаспадарчага вучылішча. Сам ён быў майстрам-інструктарам па ваджэнню, дзед чэмпіёна рыхтаваў трактарыстаў, бабуля Браніслава – працавала ў былым вучылішчы кладаўшчыцай.
Пенсіянер успомніў Алімпіяду і шчыра заплакаў. "Гэта ж трэба! Малайчына, Ваня, скокнуў вышэй за ўсіх. Вельмі ганарымся", - эмацыянальна выказаўся ён.
© SputnikМіхаіл Мікуліч
Міхаіл Мікуліч
© Sputnik
Віктар Новік таксама жыве ў доме №78. Расказвае, што чэмпіёна памятае, калі той яшчэ "пешшу пад стол хадзіў".
"Добры хлопец, дружалюбны, вітаўся заўсёды, але і вырас хутка. Я, вядома, у захапленні ад яго перамогі. Кажуць, што ён не глядзіць, як выступаюць канкурэнты. Па кітайцу бачна было, што ён прайграў, зірнуў на балы, зубы сціснуў. А як Ваня потым прыгожа іх узяў і неяк па-бацькоўску да сябе на п’едэстал… Здорава, цудоўна, поспехаў Ваню, мы ганарымся яго подзвігам", - сказаў сусед.
© SputnikІван Літвіновіч у школьнай бібліятэцы
Іван Літвіновіч у школьнай бібліятэцы
© Sputnik
На Алімпіядзе ў Парыжы 23-гадовы беларускі батутыст выступаў у нейтральным статусе. Спартсмен набраў 63,09 бала ў фінале і стаў пераможцам. Гэта другі яго залаты алімпійскі медаль – першы ён узяў у Токіа ў 2020 годзе. Двухразовы чэмпіён на днях заяўляў, што другая ўзнагарода "далася больш спакойна", а як адцягнуцца ад хвалявання пры выступленні, яму падказалі трэнер і псіхолаг.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"