Бацька, маці і родная мова: 5 лепшых вершаў пра сям'ю
Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
I на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
I ў сэрцы.
Бацьку
Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы…
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінкамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі,
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта.
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.
А я… чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым… летам
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: "Сынок…"
Ускрыкнуць радаснае: "Тата!"
Бацькоўскім быў мне кожны крок…
Усё ішлі, ішлі салдаты…
Каторы раз сыходзіў снег…
Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: "Прыедзе…"
Калі ў крыўдзе мне сябры
Гразіліся бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я – усім на злосць.
Бо ў хаце быў адзін – мужчына.
Не йшоў ты…
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.
І зараз еду я здалёк,
Чакаю ўсё – зайду, а маці
Мне кажа: "Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце…"
Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай.
* * *
Радня – працяг твайго зямнога дня.
Маліся, каб не скора вечарэла,
Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла,
Каб ля цябе не зябла дабрыня.
Ваўком завые злосці ваўчаня,
Зірне чужая зайздрасць анямела.
Каб дрэва радаводнае шумела,
Таіць карэнне мусіць глыбіня.
Рыдлёўка далакопава ў знямозе
Жвір сыпле раўнадушнай даланёй
На сон, што йдзе па незямной дарозе.
Трывожна кожнай верачы прыкмеце,
Расстаўшыся з апошняю раднёй,
Адчуеш, як сцюдзёна ў гэтым свеце.
Сынок і маці
Пакуль яшчэ зялёная зямля
Трымае нас па міласці закона,
Сынок і Маці – зерне і ралля.
Сынок і Маці – мудрая ікона.
I спеюць хай удзячныя гады,
Бяжыць удаль дарога палявая.
Ён для яе маленькі назаўжды,
Нявопытны, пакуль яна жывая.
Крывавы час, адкінь свой грозны меч.
Прыслухайся да сцішанага слова.
З кароткіх, як само жыцьцё, сустрэч
Саткана іх нявечная размова.
Калі ласка!
У любiмай мове, роднай, наскай,
Ах, якiя словы: "Калi ласка!.."
Як звiняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё iдуць са мною.
Трапiць госць у будзень, а цi ў свята:
– Калi ласка, калi ласка, ў хату!
Не паспелi сесцi пры сустрэчы,
Як патэльня засквiрчэла ў печы,
Ды i чарка блiснула дарэчы.
Бульба, смажанiна i каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калi ласка!
Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:
– Калi ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грымiць. З нябёсамi размова:
– Калi ласка, цёплы дождж вясновы!
I не вельмi буйны i не рэдкi –
На сады, на пушчы, на палеткi,
На грыбы, на ягады, на кветкi…
– Калi ласка! – наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранiшняму сонцу:
– Калi ласка, сонца, выйдзi з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнiмi з сабою нашы мары!
– Калi ласка!.. – нашай роднай мовы
Шчырыя i ветлiвыя словы.