"Пачынаецца ўсё з любві…": як прызнацца сваёй другой палавінцы ў самым светлым пачуцці
![Вясельныя ласункі Вясельныя ласункі - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2025](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102577/97/1025779753_0:354:2944:2009_1920x0_80_0_0_5e40183855ad11cd9ea200427f9a9530.jpg)
![Верующие снимали обувь и босиком ходили по ковру из свежесрезанных цветов Верующие снимали обувь и босиком ходили по ковру из свежесрезанных цветов - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102471/36/1024713667_0:0:2000:1269_1920x0_80_0_0_5c02c782c5ad424bf0355a04fe6cff4b.jpg)
Босая зорка
Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.
Зорка босая йшла па расе,
і сляды яе не астывалі.
і вятры слугавалі красе.
Халады ад яе адставалі.
Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазніцца баялася дужа.
Дзе ступала, цвілі васількі,
Дзе стаяла, ўсміхалася ружа.
Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою,
Зорка босая йшла да мяне,
Каб аднойчы назвацца табою.
![Педагог-арганізатар майстар-класа па пляценні вянкоў Яніна Таўтын Педагог-арганізатар майстар-класа па пляценні вянкоў Яніна Таўтын - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102967/21/1029672100_0:0:1300:867_1920x0_80_0_0_fadde373973ede9eaa22d78f6f3c596b.jpg)
Александрына
Мне не забыцца песні той даўняе вясны:
– На Мурамскай дарожцы стаялі тры сасны…
Хадзілі мы, спявалі, і з песняй ты цвіла.
Александрына, помніш, якою ты была?
Цяпер магу прызнацца, тады пачаў кахаць,
Цябе з ніякай кветкай не мог я параўнаць.
Сказаць, што васілёчак, дык фарба ў ім адна,
Сказаць, што ты лілея, – сцюдзёная ж яна.
Сказаць, што ты званочак… Ды ўсіх жа мала іх!..
Такою ты здалася ў семнаццаць год маіх.
Мінула часу многа. Мне навявалі сны,
Як дзесьці на дарожцы стаялі тры сасны.
Прайшлі вясна, і лета, і восень, і зіма…
Александрына, дзе ты? Шукаю я – няма…
![Рассвет на лугу Рассвет на лугу - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2024](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e6/06/06/1063327340_0:0:1800:1200_1920x0_80_0_0_0c215dab9cfd8b0c6c39094037ef7b85.jpg)
* * *
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві –
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І змяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё з любві –
Нават ненавісць і агіда…
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.
![Осень в Беларуси Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e5/0b/05/1057695873_0:0:1600:1067_1920x0_80_0_0_7671ac3432ec57b1ac8d8e78e82a15c5.jpg)
Явар і каліна
Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
У сумнай даліне над ярам.
Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
У повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.
![Праздник летнего солнцестояния Купалье Праздник летнего солнцестояния Купалье - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/101579/09/1015790907_0:0:2974:2048_1920x0_80_0_0_727ab72a51da1c8b309f48c6ea19a09a.jpg)
Каханне
Ісці к табе трывожна і спакусна,
Нібыта набліжацца да агню,
I загарэцца ад тваіх спякотных вуснаў,
I спапяліць цнатлівую браню.
I ўвайсці ў агонь. Пламеннем задыхацца,
Лавіць яго, і жыць і дыхаць ім.
Згарэць на попел. З попелу узняцца,
Каб зноў глытаць агню вярэдны дым.
I ачышчацца ў полымі упарта,
Згарэўшы зноў, вяртацца з небыцця,
Бо той, хто уцякае ад цябе, – не варты
I ні цябе, ні самаго жыцця.
Бо толькі так і можна жыць ва свеце:
Згарэўшы ўшчэнт, застацца зноўку жыць,
Каб пры жывым табе твой попел стылы вецер
Зайздросна мог, як памяць, варушыць.
![Кадр из фильма Человек родился. В роли нади Смирновой - артистка Ольга Бган, Виталий - артист Владимир Андреев Кадр из фильма Человек родился. В роли нади Смирновой - артистка Ольга Бган, Виталий - артист Владимир Андреев - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e4/0c/1c/1046499067_0:0:2700:2048_1920x0_80_0_0_d44a85aab7f74c840e17e8006c9b98c6.jpg)
* * *
Я прысягаў не раз, не двойчы
Не абуджаць у сэрца зноў
Тваю паходку, стан дзявочы,
Загадкавых апошніх слоў.
Я уцякаў, нібы злачынца,
З пакутнай катаргі, хутчэй,
Каб адзінотаю лячыцца
Ад варажбы тваіх вачэй.
Я адракаўся, нібы здраднік,
Ад цёмных кос.
Я голас твой
Усё глыбей, усё старанней
Хаваў у памяці сваёй.
I марна ўсё!
За мной усюды,
Сама не знаючы таго,
Ідзеш па нейкаму прысуду
Ты і ў ваду і у агонь...
За днямі дні праходзяць цугам.
А я, знаць, вымушаны век
Блукаць бяздомным валацугам
Пад ценем ласкавых павек.
![Целующиеся молодые люди в парке Музеон в Москве Целующиеся молодые люди в парке Музеон в Москве - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e5/05/12/1047657129_0:0:3309:2036_1920x0_80_0_0_e043c36a2dc5dbb9cae963f7a30d1e38.jpg)
Ты і я
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, –
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?
![Снег в мае Снег в мае - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102871/18/1028711801_0:0:1200:800_1920x0_80_0_0_e1722a0c1da6845fa903d6424a134f05.jpg)
Нявыказаная балада
Чаромхі горкі пах…
Зялёных дрэў красунак…
Пялёсткі на тваіх губах –
мой пацалунак.
Спяшаўся я і не паспеў:
заспела ранне…
Ляснога ветру спеў –
маё прызнанне.
Прайду дажджом, з’яўлюся сном,
мільгну трывожным ценем.
Шум вяза пад тваім акном –
маё трызненне…
Куды твой шлях ні павядзе –
і я там буду.
Не азірайся
анідзе –
з табою я ўсюды…
Марыя, чуй,
Марыя, стой!.. –
варожыць ноч глухая.
А ты бяжыш… І за табой
бязмоўнае: кахаю!..
![Заброшенный дом в деревне Погост Заброшенный дом в деревне Погост - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/104496/03/1044960371_0:0:1600:1067_1920x0_80_0_0_98522f540aea67d3bbdc34d8784e37f4.jpg)
* * *
Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў… Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс "Вераніка",
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
![Уборка ромашки Уборка ромашки - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/101588/57/1015885766_0:0:2000:1333_1920x0_80_0_0_760d3319f6d634f99ec1215942a76393.jpg)
* * *
Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гудзела, гуло ва ўсім маім целе.
А з целам была заадно і душа –
суладна яны звінелі, гудзелі.
Як мора ў бераг,
так біўся той гул
ў мае барабанныя перапонкі.
I мроіўся белы, рамонкавы луг:
ад краю да краю бялелі рамонкі.
Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гуло і звінела ва ўсёй істоце.
Гуло на высокай пранізлівай ноце.
I я зразумеў –
о, шчасце! О, жах! –
што значыць той гул,
што значыць той луг.
Я быў закаханы.
Я быў, як усе мы.
I я, як звяно, уключаўся ў ланцуг
кахання, яго ўсепланетнай сістэмы…
![Водяная мельница обеспечивает собственной хлебопекарное производство Водяная мельница обеспечивает собственной хлебопекарное производство - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/101456/43/1014564355_0:0:1400:933_1920x0_80_0_0_086995bb5459499ead8f1ea71eecdd18.jpg)
Млын
З дзеўчынай развітваўся юнак,
Аддаваў яе шляхам, далінам.
– Лепш бы млынам стаць… –
Падумаў так
І зрабіўся на тым месцы млынам.
Людзі жыта носяць дзень у дзень,
А драўляны млын слухмяна меле.
Замест сэрца – б’юцца жорны ў целе,
А замест крыві –
Вады струмень…
Кажа нам паданне пра яго,
Што не можа ён з тых чараў выйсці,
Як не перамеле усяго,
Што яму належала калісьці.
Як належала яму не шмат,
Дык спадзе з яго палон драўляны,
Прыйдзе зноў ён вольны да дзяўчат,
Ні ў адну яшчэ не закаханы.
А як шмат?.. Але гадаць не след,
Бо адзін ён ведае пра тое,
Што яму належаў цэлы свет,
Як хадзіў з дзяўчынай у жытное.
![В нынешнем году осы совсем распоясались - для спелого винограда они представляют серьезную угрозу В нынешнем году осы совсем распоясались - для спелого винограда они представляют серьезную угрозу - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/104274/93/1042749360_0:0:3072:2048_1920x0_80_0_0_28384fb99dbc57595c4f98494608eebb.jpg)
* * *
Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах.
Недзе на пожнi рыпелi калёсы.
Недзе натужна маторы гулi…
Грэшнае шчасце на грэшнай зямлi.
Жнiвень… Арэхi… I жоўтыя восы…
![Метеорный поток Персеиды Метеорный поток Персеиды - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2024](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/104237/87/1042378719_0:0:3072:2048_1920x0_80_0_0_44a5c8cb652576bb0139f4f6b20e8a75.jpg)
* * *
Атруці мяне
вясновым хмелем,
Апляці мяне
рукамі цёплымі.
На дваіх з табою мы падзелім
Ноч, што льецца залатымі кроплямі.
Ап’яні мяне
дыханнем чыстым,
Ахіні мяне
прызнаннем ціхім.
Мы ў далоні з неба зор маністы
Ссыплем рук суладным ускалыхам.
Прытулі мацней,
мая абранніца.
Наталі
мае сухія вусны…
О, як хутка прыплывае раніца –
Сну і явы сонечнае вусце!..
![Мусульманский активист принимает участие в митинге против торговли суматранскими тиграми в Джакарте, Индонезия Мусульманский активист принимает участие в митинге против торговли суматранскими тиграми в Джакарте, Индонезия - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e5/0c/0e/1058701490_0:0:1080:1349_1920x0_80_0_0_ef3cb4307e881aec9cdab752356b2eed.jpg)
Завушнiцы
О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні!
Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.
Але і я – упарты.
I каб свайго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.
На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце –
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.
Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых
Ні ў час, калі смяецца,
Спявае або плача.
Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся, змярканнем, –
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.