Чаму Масленіцу Сырніцай клічуць, або Вясковыя далікатэсы з тварагу
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТварог на Масленку

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра асаблівасці нарыхтоўкі сквашаных малочных прыпасаў да Масленіцы, а таксама раіць адрадзіць на ўласнай кухні старадаўнія мендрыкі і смачную сырніцу па-загацку.
"Сырна, маслена вам!" – так калісьці было прынята вітацца на Масленічным тыдні. Пасля Калядаў Масленіца з’яўляецца найсмачнейшым зімовым святам. І калі на працягу калядных дзянёчкаў на стале пануюць каўбасы, то падчас Масленкі іх месца займаюць бліны, масла і стравы з тварагу, сярод якіх найважнейшае месца здаўна належала "сырніцы".
Цікава, што і само Масленічнае свята часам таксама клічуць Сырніцай. І гэта не выпадкова! Бо звычайна ў лютым і пачатку сакавіка пачыналі цяліцца каровы, а гэта значыць, што пасля працяглага ўстрымання – "безмалакоў’я" – сяляне пачыналі ласавацца разнастайнымі малочнымі стравамі. Нарэшце ў гаспадынь з’яўляліся лішкі малака, якое сквашвалі, каб атрымаць свежы тварог да свята. Менавіта з яго і рабілі "сырніцу". Калі ж свежага сыру не было, то карысталіся прыпасамі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСамо Масленічнае свята часам таксама клічуць Сырніцай

Само Масленічнае свята часам таксама клічуць Сырніцай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Запас бяды не чыніць…"
У беларусаў у крыві рабіць прыпасы. Мабыць, таму з даўніх часоў і захаваліся адпаведныя прымаўкі:
"Запас месца не пралежыць",
або
"Няхай будзе – есці не просіць".
Традыцыйна продкі назапашвалі масла, тварог і сыр яшчэ з восені. Так, масла салілі і захоўвалі ў драўлянай дзежцы ў халодным месцы на працягу зімы. Сыры захоўвалі некалькімі спосабамі – з соллю і без яе. Вядома, соль – надзейны кансервант, але ў часы, калі здараліся яе недахопы, захоўванне сыру і масла ажыццяўлялася праз іх шчыльнае спрасоўванне, без якога звычайна з’яўлялася цвіль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВараны сыр да Масленіцы

Вараны сыр да Масленіцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Таксама былі распаўсюджанымі ў Беларусі і сухія сыры. Невялікія па памерах (часам з дзіцячую далонь) іх рабілі як клінковы сыр і захоўвалі ў палатняных мяшэчках на печы. Дарэчы, сухі сыр быў абавязковым дадаткам у многіх рэцэптах сырніцы.
Тварог добра салілі і шчыльна складалі ў вялікую гліняную пасудзіну. Далей залівалі яго растопленым маслам так, каб у тварог не трапіла паветра. Прыгатаваны такім чынам малочны прадукт мог захоўвацца ад жніўня да лютага і называўся сырніцай!
Гэтая страва ў залежнасці ад рэгіёна мела свае асаблівасці ў гатаванні. Напрыклад, пад Мінскам сырніцай называлі мачанку са свежага падсоленага тварагу і салодкага малака.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТварог вясковы

Тварог вясковы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У Вілейскім раёне Мінскай вобласці сырніцу рабілі крыху інкаш:
"…сыр маслам перакладаецца, слой масла на паляц і на два пальцы сыру слой, гнятуць рукой, а дзе – дзеравяннай лошкай, поўную дзяжу накладуць…" (паводле "Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча").
А вось жыхары Чашніцкага раёна, што на Віцебшчыне, прытрымліваліся свайго спосабу прыгатавання сырніцы, дадаючы ў яе "жаўткі яек, соль, кмен".
Цікава, што на Масленіцу у гэты салёны тварог непасрэдна перад ужываннем часцяком дадавалі свежае малако, або мачалі ў яго скручаныя трубачкай кавалкі бліноў.
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяБліны, скручаныя трубачкай

Бліны, скручаныя трубачкай
© Sputnik / Людмила Янковская
Далікатэсы "Сырнай сядміцы"
Каб сырніца атрымалася смачнай, для яе гатавання варта выкарыстоўваць свойскія ці фермерскія малочныя прадукты, якія можна набыць на кірмашы. Вядома ж, што тварог з хатняй сыраквашы зусім інакшы, і пераважна таму, што сквашаную ў керамічным (шкляным) посудзе сыраквашу ставяць у печ, не пераліваючы ў іншы посуд.
Сырніца традыцыйная
З чаго гатаваць:
4 л кіслага малака,
100 г сушанага клінковага сыру,
250 г вяршковага масла,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДля гэтай сырніцы спатрэбіцца сушаны клінковы сыр

Для гэтай сырніцы спатрэбіцца сушаны клінковы сыр
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Кіслае малако паставіць на кароткі час у разагрэтую духоўку, затым дастаць і адцадзіць сыроватку.
У атрыманы тварог дадаць пакрышаны сушаны клінковы сыр, вяршковае масла, пасаліць да смаку, перамяшаць. Пакласці ўсё ў глыбокую, змазаную маслам форму і запячы ў печы (духоўцы).
Сырніца па-загацку
Страва гатуецца паводле рэцэпта з вёскі Загацце (Мінскі раён).
З чаго гатаваць:
200 г тварагу,
1 шк. малака,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСырніца па-загацку

Сырніца па-загацку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Свежы тварог расцерці з невялікай колькасцю малака, каб не было камякоў, да атрымання аднароднай масы. Даліць малака столькі, каб атрымалася пульхная маса – як густая смятана.
Падаваць да бліноў.
Сырніца па-чашніцку
З чаго гатаваць:
1 кг тлустага тварагу,
2-3 яйкі (жаўткі),
1 ст. л. кмену,
1 ч. л. солі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСыр з кменам

Сыр з кменам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У адціснуты тварог дадаць жаўткі яек, соль, кмен, перамяшаць. Калі тварог нятлусты, то варта ў яго дадаць крыху смятаны ці растопленага масла.
Пасля атрыманую масу перакласці ў марлевы мяшочак ("клінок", або інакш "сырнік"). Сціснуць клінок у руках, завязаць і падвесіць каля печы сушыцца на некалькі дзён у сухім месцы. Гатовы сыр павінен рэзацца на кавалкі!
Мендрыкі
Дадзеная сырніца прыводзіцца паводле Вінцэнты Завадскай.
З чаго гатаваць:
0,75 л тварагу,
5-6 яек,
1 шк. смятаны,
3 ст. л. цукру,
3-4 ст. л. мукі,
1-2 ст. л. масла,
0,5 шк. разынак,
смятана,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТварог для мендрыкаў

Тварог для мендрыкаў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. 0,75 л свежага тварагу моцна расцерці з яйкамі, шчопаццю солі, шклянкай свежай смятаны (або тлустых вяршкоў), трыма лыжкамі дробнага цукру і такой колькасці сухой мукі, каб з масы можна было рабіць галкі.
Калі ўсё будзе добра расцёртае, усыпаць жменю дробных, прамытых і высушаных разынак, моцна вымешаць і рабіць галкі – сплюснуць іх, зрабіць пальцам у сярэдзіне паглыбленне. Смажыць да падрумяньвання ў гарачым масле.
Падаваць мендрыкі са смятанай.
Сыр смажаны
З чаго гатаваць:
0,5 кг клінковага сыру без запраў,
200 г смятаны,
180 г вяршковага масла,
заправы (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСыр, смажаны ў масле

Сыр, смажаны ў масле
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Нарэзаць сыр кубікамі, злёгку абсмажыць на разагрэтым масле і выкласці на шырокую талерку у адзін слой. У астатняе масла дадаць смятану, соль, перац, іншыя спецыі па патрэбе, перамяшаць, давесці да кіпення і паліць гэтым сыр.
Падаваць сыр гарачым.
Вясёлай Масленіцы і смачна есці!
Таксама на Sputnik:
Масленічныя песні: "Маслінка-каўзуха, вадзіся ж ты да Духа!"
"Блінныя паседжанкі", або Сустракаем Масленіцу з народнай кухняй
Беларускія звычаі і традыцыі святкавання Масленіцы