Відэа

У Гомелі дэманструюць калекцыю адзення палешукоў і старавераў – відэа

Падпісацца
У цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў працягвае работу выстава "105 гадоў захоўваем лепшае". У экспазіцыі прадстаўлены некалькі найбольш характэрных строяў традыцыйнага касцюма Гомельшчыны, а таксама адзенне старавераў.
Выстава расказвае пра культурныя брэнды Гомельшчыны праз музейныя артэфакты і калекцыі. Адзін з такіх брэндаў – яркая і самабытная народная культура Палесся з непаўторным у сваіх формах традыцыйным касцюмам. У экспазіцыі прадстаўлены некалькі найбольш характэрных яго варыянтаў – строяў.
Урачыстая маляўнічасць і багаты дэкор безрукаўкі, а таксама круглы каўнер жаночай кашулі са зборкамі, які нагадвае гаргеру – шчыльны гафрыраваны каўнер, характэрны для адзення арыстакратыі XVI-XVII стагоддзяў, - гэта ўсё пра Калінкавіцкі строй.
"Калінкавіцкі касцюм – гэта адзіны касцюм, які мае такога тыпу каўнер. Гэта асобны элемент, яго можна мацаваць на кашулю", - удакладняе загадчыца гісторыка-краязнаўчага аддзела палацава-паркавага ансамбля Ганна Кузьміч.
Сярод традыцыйных комплексаў беларускага народнага касцюма Усходняга Палесся вылучаецца маляўнічы Давыд-Гарадоцка-Тураўскі строй, які бытаваў у невялікіх гарадах, мястэчках і буйных вёсках рэгіёна. Для яго характэрна выкарыстанне фабрычных тканін. Да прыкладу, безрукаўкі (кабаты) шылі з саціну, атласу або ўзорнай парчы, фартухі – са шчыльнага матэрыялу насычаных адценняў, аднатоннага ці багата ўпрыгожанага раслінным арнаментам. Канцы шырокіх паясоў чырвонага і бардовага колеру завязвалі ззаду. Дапаўнялі строй нагруднымі крыжамі і каралямі з натуральных камянёў.
Шэраг яркіх адметных дэталей мае Буда-Кашалёўскі строй, для якога характэрна выкарыстанне ў вышыўках старажытных матываў, зашыфраваных у геаметрычных арнаментах. Увагу таксама прыцягваюць рукавы жаночых кашуль, дэкарыраваныя ў тэхніцы маршчэння (сцягванне палатна ніткамі ў дробныя рэльефныя фальбоны, па-над якімі вышывалі тонкія ўзоры белага, чорнага або чырвонага колеру).
Сярод самых незвычайных строяў традыцыйнага адзення нашага рэгіёна – Неглюбскі. Толькі ў ім захаваўся андарак – архаічны элемент, паясное адзенне замужніх жанчын, пашытае з двух полак шчыльнай тканіны і выкладзенае ззаду асаблівым чынам, каб утварылася глыбокая складка ("коўш"). Матэрыял для андаракоў ткалі з воўны, афарбаванай у чорны, чырвоны, сіні, охрысты колеры, з даданнем белых ільняных нітак, ствараючы складаны клятчасты малюнак. Колер андарака паказваў на ўзрост яе ўладальніцы: маладыя гаспадыні насілі яркія, з перавагай чырвонага, адценні, старэйшыя жанчыны аддавалі перавагу цёмнай палітры.
Яркі самацвет у скарбніцы гістарычнай спадчыны Гомельскай вобласці – культура стараверства. Першыя паселішчы старавераў з’явіліся на землях сучаснай Гомельшчыны ў другой палове XVII стагоддзя. Ветка стала ідэйным і духоўным цэнтрам стараверства: тут захоўваліся традыцыі стварэння ікон і рукапісных кніг "па старых канонах", зараджаўся і развіваўся ўласны ўнікальны стыль, які ўвабраў у сябе элементы беларускага барока.
На выставе можна ўбачыць бытавы касцюм стараверкі і ўнікальна дэкарыраваныя аправы да абразоў, выкананыя з выкарыстаннем розных тэхнік і матэрыялаў: чаканеныя металічныя, разьбяныя драўляныя, вышытыя бісерныя.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Стужка навiн
0