Мітрапаліт аб рамонце касцёла ў Будславе: толькі на арган трэба 1,5 млн еўра
© Sputnik / Виктор ДрачевКасцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе

© Sputnik / Виктор Драчев
Падпісацца
Эксклюзіў
Мітрапаліт Станеўскі расказаў Sputnik, чаму адразу пасля сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, на якой размова ішла пра рэлігійныя цэнтры прыцягнення, беларускія каталікі паехалі ў Ватыкан.
Касцёлу Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ці Нацыянальнаму санктуарыю Маці Божай Будслаўскай, які мог бы стаць каталіцкім рэлігійным цэнтрам у Беларусі, яшчэ патрэбен сур’ёзны рамонт, кажа мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі.
У сярэдзіне лютага 2025 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Палац Незалежнасці кіраўнікоў рэлігійных канфесій. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў праваслаўным, каталікам, іудзеям і мусульманам падумаць над тым, каб стварыць кожнай з канфесій "рэлігійныя цэнтры прыцягнення". Гаворка ішла аб тым, што, да прыкладу, у іудзеяў такім цэнтрам можа стаць Валожын, дзе размяшчаецца знакамітая іешыва, у праваслаўных як варыянт разглядаецца Жыровіцкі манастыр, а ў каталікоў такім месцам мог бы стаць Будслаўскі касцёл.
Пра тое, чаму адразу пасля сустрэчы ў Палацы Незалежнасці беларускія каталікі паехалі ў Ватыкан, а таксама што трэба для таго, каб адрамантаваць пацярпелы пасля пажару Будслаўскі касцёл, карэспандэнту Sputnik Тамары Бяляевай распавёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі архібіскуп Іосіф Станеўскі.
"У нас была сустрэча з кіраўніком дзяржавы, падчас сустрэчы абмяркоўвалася некалькі пытанняў. Прэзідэнт расказваў не толькі пра свае асабістыя сустрэчы з патрыярхам Кірылам, але і з Папам рымскім Францыскам, з якім ён сустракаўся ў Ватыкане. І падчас той нашай сустрэчы (у Палацы Незалежнасці - Sputnik) прэзідэнт некалькі разоў прасіў перадаць прывітанне Папе рымскаму пры сустрэчы", - распавёў мітрапаліт Станеўскі.
© Photo : Пресс-служба президента БеларусиСустрэча прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, 10 лютага 2025 года

Сустрэча прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, 10 лютага 2025 года
© Photo : Пресс-служба президента Беларуси
Па словах архібіскупа, сустрэча беларускіх біскупаў з Папам у Ватыкане раней ужо планавалася.
"Такая сустрэча павінна была адбыцца, таму на наступны дзень купілі білеты і паляцелі ў Рым на сустрэчу (з пантыфікам - Sputnik). Але, на жаль, Папа прыхварэў, і мы сустрэліся з кардыналам Паралінам", - распавёў мітрапаліт.
Па словах архібіскупа Станеўскага, дзяржаўны сакратар Папы рымскага кардынал П’етра Паралін з’яўляецца другім чалавекам у каталіцкім свеце.
"Была размова ў Ватыкане, на якой таксама ўзнімалася пытанне аб цэнтры каталіцызму ў Беларусі", - сказаў мітрапаліт.
Па словах архібіскупа, у Беларусі ёсць намоленыя мясціны, дзе мог бы з’явіцца каталіцкі рэлігійны цэнтр, бо кожная каталіцкая епархія на беларускай зямлі мае сваю кафедру, галоўны касцёл і санктуарыі.
"Але так ці інакш, цэнтр будзе толькі тады, калі будзе Бог у сэрцы чалавека... У Святым пісанні мы чытаем, што Бог кажа: "Што вы тут будуеце? Хіба Я вам казаў будаваць?" Таму важна, каб кожны чалавек знайшоў Бога і пусціў яго ў сваё сэрца. І калі сэрцы злучацца, то будуць цэнтры ва ўсіх епархіях", - сказаў мітрапаліт.
Будслаў – гонар і боль
Мітрапаліт Станеўскі расказаў пра тое, якія праблемы яшчэ застаюцца пасля тушэння пажару ў Будслаўскім касцёле.
"Будслаў – гэта наша святыня, наш гонар, але і нашы перажыванні. Таму што там быў пажар. Агонь сваё зрабіў, а вада зрабіла сваё. Таму мы сёння змагаемся з вялікімі праблемамі. Рамонт будслаўскай святыні – для гэтага мала любві, мала малітвы, патрэбны канкрэтныя грошы, калі мы хочам, каб не толькі вярнулася ранейшая веліч храма, але і было створана нешта новае", - адзначыў мітрапаліт.
© SputnikКасцёл у Будславе пасля пажару, май 2021 года

Касцёл у Будславе пасля пажару, май 2021 года
© Sputnik
Паводле яго слоў, яшчэ чакаецца вялікая праца па аднаўленні, у тым ліку, гаворка ідзе і пра ўнікальны арган, і пра фрэскі, і пра тэмпературу паветра ў будслаўскім храме.
"Гэта глабальная працяглая будоўля, проста так пад заказ не зробіш. Трэба да гэтага падысці. Планы, праекты – усё гэта вельмі доўга. Нават узяць арган, які ні разу яшчэ не рамантаваўся, і ён таксама пацярпеў. На яго рамонт трэба плюс-мінус паўтара мільёна еўра... Грошы з неба не падаюць. Пакуль не адкрыюцца сэрцы людзей, нічога не зробім", - сказаў мітрапаліт.
Трэба аднаўляць не толькі сам касцёл і яго ўбранне, але і вырашаць пытанне камфортнай тэмпературы ўнутры, дадаў архібіскуп.
"У свой час, калі будавалі Будслаўскі касцёл, неяк па-іншаму адчуваўся холад і мароз вернікамі. А на сённяшні дзень там невыносны холад. Ён праймае да касцей. Таму трэба думаць пра тое, што зрабіць, каб і зімой, і летам была даступная тэмпература і для малітвы, і для захавання фрэсак, абразоў. Гэта вялікі праект... Але будзем старацца ісці наперад са спадзяваннем", - адзначыў архібіскуп Іосіф Станеўскі.
© Нацыянальны Санктуарый Маці Божай у БудславеБудслаўскі касцёл пасля пажару, май 2021 года

Будслаўскі касцёл пасля пажару, май 2021 года
Што здарылася ў Будслаўскім касцёле
Пажар у адным з самых велічных касцёлаў Беларусі – касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе – узнік раніцай 11 мая 2021 года. Ратавальнікі каля сямі гадзін змагаліся з полымем. Агнём быў поўнасцю знішчаны дах над цэнтральным нэфам храма. Пацярпела яшчэ адна каштоўнасць – старажытны Будслаўскі арган – самы вялікі барочны арган у Беларусі.
© Photo : МиноблисполкомБудслаўскі касцёл, архіўнае фота

Будслаўскі касцёл, архіўнае фота
© Photo : Миноблисполком
Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ці Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай – каталіцкі храм у аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, помнік гісторыі і архітэктуры. Каменны касцёл будаваўся з 1633 па 1783 год. Упершыню касцёл згадваецца ў дакументах за 1504 год.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"