Дзеці, унукі і нават прапраўнукі: рэкордны "Бессмертный полк" прайшоў у Гродне
18:14 09.05.2025 (абноўлена: 18:17 09.05.2025)
© Sputnik / Инна ГришукУдзельнікі акцыі "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае" ў Гродне

© Sputnik / Инна Гришук
Падпісацца
Эксклюзіў
Удзельнікі самай народнай акцыі на Дзень Перамогі ў Гродне расказалі, каго са сваякоў, якія ваявалі, яны ўспамінаюць у гэты дзень і чаму ўдзельнічаюць у шэсці.
ГРОДНА, 9 мая – Sputnik. Больш за 25 тысяч чалавек прайшлі па вуліцах Гродна за дзень падчас сумесных акцый "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае". У святочны дзень Sputnik сабраў гісторыі герояў з партрэтаў, якія неслі ўдзельнікі акцый у абласным цэнтры, і даведаўся, чаму ім важна захоўваць памяць аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны.
"Я кожны год прыходжу на гэтую акцыю. У адзін год з-за кавіду не атрымалася, я тады нават плакала. Гэта вельмі важная і патрэбная традыцыя. Заўсёды ўспамінаю свайго дзядулю Лакціёнава Афанасія Арцемавіча, вось ён – на партрэце, і хочацца, каб нашы дзеці і ўнукі яе працягнулі", - распавяла здзельніца шэсця "Бессмертный полк" Галіна Алейнік.
© Sputnik / Инна ГришукГаліна Алейнік

Галіна Алейнік
© Sputnik / Инна Гришук
Па словах жанчыны, яе дзед ваяваў у радах Чырвонай Арміі са жніўня 1941 года на Бранскім, Волхаўскім, Ленінградскім кірунках, на 1-м Украінскім фронце, а скончыў вайну ў маі 1945 у Празе, быў узнагароджаны медалямі. Адзінае, пра што шкадуе Галіна, што ёй не ўдалося больш распытаць у дзядулі пра вайну, бо была яшчэ маленькая. Але памяць аб яго подзвігах і падзяку за Перамогу перадае дзецям і ўнукам.
Ушанаваць памяць амаль 40 блізкіх сваякоў разам з дзецьмі і ўнукамі прыйшла на шэсце гродзенка Бэла Пахомава. Яна стаяла ў складзе "Бессмертного полка", унукі – у іншых частках калоны ў складзе акцыі "Беларусь памятае".
© Sputnik / Инна ГришукУдзельнікі акцыі "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае" ў Гродне

Удзельнікі акцыі "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае" ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
"На гэтых двух партрэтах – два браты, мой бацька і дзядзька. Рафаіл Маісеевіч Фрэнклах быў намеснікам камандзіра палка, на фронт трапіў з горада Арла, дайшоў да горада Шчэцін у Польшчы, пасля вайны два гады дапамагаў аднаўляць гэты горад. А гэта мой тата Юрый Маісеевіч. Ён пасля заканчэння Ленінградскай артылерыйскага каманднага вучылішча трапіў у горад Роўна ва Украіне, там ішлі цяжкія баі. Падчас адступлення іх узвод трапіў у палон, быў вызвалены з канцлагера саюзнымі войскамі", - распавяла Бэла Юр’еўна.
© Sputnik / Инна ГришукБэла Пахомава

Бэла Пахомава
© Sputnik / Инна Гришук
Яна дадала, што ў Дзень Перамогі прыгадваюць яшчэ адну трагедыю. Іх сям’я ў час вайны была знішчана немцамі ў вёсцы Азарычы – 33 сваякі ляжаць там у брацкай магіле. Калі браты вярнуліся з вайны, яны не знайшлі ні бацькоў, ні малодшых сясцёр і братоў, ні роднай хаты.
На шэсце многія прыходзілі вялікімі сем’ямі, шылі тэматычныя касцюмы, хтосьці ішоў у калоне, хтосьці сустракаў удзельнікаў шэсця з шарыкамі і радаснымі прывітаннямі.
"Мы прыйшлі на свята ўсёй сям’ёй. У мяне ў руках партрэт удзельніка вайны – майго дзядулі Віктара Сцяпанавіча Тарасевіча, а побач са мной стаіць і трымае мяне за руку мой маленькі ўнук Дзмітрый Тарасевіч, сын тут жа. Мы прыйшлі паказаць і расказаць дзецям, хто каваў Перамогу. Нашы сваякі былі маленькімі салдатамі, медалёў не атрымалі, але свой маленькі ўклад у агульную справу ўнеслі. За гэта ім нізкі паклон", - распавёў сваю гісторыю Віктар Тарасевіч. Спецыяльна да свята ён апрануў ваенную гімнасцёрку і вайсковую пілотку, а для маленькага ўнука пашылі касцюм салдата.
© Sputnik / Инна ГришукВіктар Тарасевіч

Віктар Тарасевіч
© Sputnik / Инна Гришук
Рэкордная колькасць удзельнікаў
Сёлета самая народная акцыя – шэсце гараджан і гасцей Гродна з партрэтамі ветэранаў і ўдзельнікаў вайны праходзіла з асаблівым размахам. Калона расцягнулася амаль на паўтара кіламетра – яе пачатак быў на вуліцы Савецкай, праходзіла праз усю плошчу, вуліцу Давіда Гарадзенскага, каля пажарнай каланчы паварочвала на Старазамкавую да набярэжнай каля Нёмана.
© Sputnik / Инна ГришукУдзельнікі акцыі "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае" ў Гродне

Удзельнікі акцыі "Бессмертный полк" і "Беларусь памятае" ў Гродне
© Sputnik / Инна Гришук
Як паведаміў Sputnik старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель, паводле папярэдніх ацэнак, шэсце раніцай 9 мая ў Гродне сабрала больш за 25 тысяч чалавек.
"Лічба рэкордная, ніколі такога масавага шэсця ў Гродне не было. Гэта сведчыць аб тым, што людзі разумеюць важнасць падзей, якія адбываліся ў 1941-1945 гадах, разумеюць важнасць Перамогі. І сёння людзі вельмі цэняць мір і разумеюць, што мір гэта самае галоўнае, што сёння ёсць у беларусаў", - адзначыў мэр Гродна.
Як і летась, у складзе вялікай калоны акцыі "Беларусь памятае" ішлі ўдзельнікі пад сцягамі расійскай акцыі "Бессмертный полк", якая сабрала больш за 700 чалавек. У акцыі ўдзельнічалі генконсул Расіі ў Гродне Феадосій Уладышэўскі і іншыя дыпламаты, кіраўнік і супрацоўнікі Рускага Дома ў Гродне.
Ад Калінінграда да Ніжняга Ноўгарада
Спецыяльна для ўдзелу ў акцыі "Бессмертный полк" у Гродна прыехалі прадстаўнікі Камітэта па кіраванні гарадской маёмасцю і зямельнымі рэсурсамі адміністрацыі Ніжняга Ноўгарада.
"Гэта было самае чуллівае шэсце, якое мы бачылі. Было вельмі прыемна бачыць, як усіх удзельнікаў віталі школьнікі і зусім незнаёмыя людзі. Удзел нашай дэлегацыі ў гэтым мерапрыемстве з’яўляецца магчымасцю адчуць сябе часткай адзінага народа з агульнай гісторыяй і памяццю пра гераічнае мінулае нашых продкаў. Мы рады, што прадстаўляем Ніжагародскую вобласць на гэтай знакавай падзеі, прымеркаванай да 80-годдзя Вялікай Перамогі", - адзначыла прадстаўнік ніжагародскай дэлегацыі Ганна Шакая.
© Sputnik / Инна ГришукУдзельнікі акцыі "Бессмертный полк" з Ніжагародскай вобласці

Удзельнікі акцыі "Бессмертный полк" з Ніжагародскай вобласці
© Sputnik / Инна Гришук
Яе калега Анастасія Юрына прывезла з Ніжняга Ноўгарада ў Гродна для шэсця "Бессмертный полк" партрэт свайго прадзеда – Гаўрылы Васільевіча Струніна.
"Ён нарадзіўся ў 1899 годзе, удзельнічаў у грамадзянскай, савецка-фінскай войнах. Падчас Вялікай Айчыннай абараняў межы Ленінградскай вобласці, у адным з баёў быў паранены, фашысты яго ўзялі ў палон і адаслалі ў канцлагер у Аўстрыю", - з хваляваннем расказвае Анастасія.
Гаўрылу Васільевічу ўдалося збегчы з лагера. Яго схавала польская жанчына. Яна сказала нямецкім салдатам, якія шукалі ўцекача, што гэта яе глуханямы рабочы і выратавала яму жыццё.
Тым часам сям’я атрымала ў 1943 годзе пахавальную, баец лічыўся загінулым. Было шмат радасці, калі ў 1945-м ён вярнуўся дадому. Пасля вайны яго з-за палону пазбавілі ўсіх званняў і ўзнагарод, але Дзень Перамогі для яго заўсёды быў вялікім святам.
"Бабуля расказвала, што ў гэты дзень сям’я збіралася за вялікім сталом, ведаю пра гэта па расказах бабулі. Старэйшая дачка майго прадзядулі Нюра таксама ўдзельнічала ў вайне, дайшла да Берліна", - дадала Анастасія.
Асабліва эмацыянальным аказаўся святочны дзень для першага намесніка старшыні заканадаўчага сходу Калінінградскай вобласці Ларысы Швалкене, якая прыбыла ў Гродна ў складзе дэлегацыі па праекце "Великая Победа. Одна на всех". Напярэдадні прадстаўнікі маладзёжных і ветэранскіх арганізацый дзвюх краін абмяркоўвалі пытанні захавання гістарычнай памяці, наведвалі памятныя мясціны ў наваколлях Гродна, даведваліся пра трагічныя падзеі вайны і спецыяльна засталіся для ўдзелу ў шэсці.
"Я ішла з партрэтам сваёй цёткі – Вольгі Цімафееўны Цеслянок, якая была ў партызанскім атрадзе ў Магілёўскай вобласці. У яе ёсць узнагароды, ордэн Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год удзельнічаю ў гэтай акцыі з яе партрэтам", - са слязамі на вачах гаварыла Ларыса Уладзіміраўна.
© Sputnik / Инна ГришукЛарыса Швалкене

Ларыса Швалкене
© Sputnik / Инна Гришук
Яна вывучае гісторыю сваёй сям’і і толькі сёлета даведалася яшчэ пра аднаго героя. Знайшліся дакументы, у якіх гаварылася, што ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны быў родны брат дзядулі Ларысы Уладзіміраўны. Ён беларус, родам з Магілёўскай вобласці, у 1944-м удзельнічаў у штурме Кенісберга, быў узнагароджаны медалём за ўзяцце гэтага горада. А зараз уся сям’я Ларысы Швалкене пражывае ў Калінінградзе.
"Вельмі важна ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, асабліва моладзі. Вывучаць і гісторыю, падзеі ваенных гадоў. Разумець, якія пакуты і трагічныя падзеі адбываліся ў тыя гады. Толькі так мы зможам захаваць гістарычную памяць", - адзначыла субяседніца.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"