Відэа

Папараць-кветка, вянкі і вогнішча: як святкавалі Купалле пад Гроднам

Падпісацца
Пускалі вянкі на ваду, вадзілі карагоды, шукалі ў лесе таямнічую "папараць-кветку" і скакалі праз вогнішча. Рэканструкцыю традыцыйнага Купалля з народнымі песнямі і забавамі зладзілі на Аўгустоўскім канале пад Гроднам. Атмасферу вечара глядзіце ў відэасюжэце Sputnik.
Пляцоўкай для купальскіх абрадаў стала тэрыторыя Аўгустоўскага канала ля шлюза Дамброўка. Суботнім вечарам тут сабралася некалькі соцень гараджан, якія сталі ўдзельнікамі свята.
Спачатку арганізатары зладзілі майстар-класы па пляценні вянкоў – кожны жадаючы змог сабе зрабіць адзін з галоўных атрыбутаў купальскага вечара. Па традыцыі, мужчыны рабілі сабе вянкі з дубовых галінак, дзяўчаты – з кветак, лісця папараці і бярозавых галінак.
Затым наведвальнікаў свята запрасілі паўдзельнічаць у танцах і народных гульнях і паказалі, як у даўнія часы выбіралі галоўную гераіню свята – Купалінку. Па адной з версій, гэта магла быць уладальніца самага прыгожага вянка, па іншай – дзяўчына з самай доўгай касой. У гэты вечар такіх прыгажунь аказалася некалькі, кожная атрымала порцыю апладысментаў і падарункі ад арганізатараў – гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.
Адзін з самых прыгожых момантаў свята праходзіў каля вады, дзе дзяўчаты пускалі на ваду вянкі і загадвалі запаветныя жаданні. Як толькі пачало змяркацца, на пляцоўцы распалілі вогнішча, а ўдзельнікам прапанавалі адправіцца ў лес на пошукі папараць-кветкі.
Тым часам іншыя ўдзельнікі абраду вадзілі вялікія карагоды вакол вогнішча пад народныя песні і ўдзельнічалі ў старажытных гульнях. Самай вясёлай аказалася гульня пад назвай "Ручаёк": удзельнікі станавіліся ў два рады, паднімалі счэпленыя рукі ўверх, затым кожная пара прабягала праз гэтакі адмысловы тунэль. Завяршылася свята самай рухомай купальскай забавай – скачкамі праз вогнішча.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Стужка навiн
0