Восем дзён восеньскіх канікул: як правесці час з дзіцем

© Sputnik / Юрий Кочетков
 / Падпісацца
Кіно, тэатр, планетарый, цырк, як яшчэ можна з карысцю правесці час з дзіцем падчас школьных канікул – у матэрыяле Sputnik.
У гэтым годзе ў беларускіх школьнікаў будзе восем дзён восеньскіх канікул – з 2 па 9 лістапада. За гэты час можна крыху адпачыць ад урокаў і хатніх заданняў, а таксама набрацца сіл перад пачаткам другой чвэрці.
Некаторыя бацькі аддаюць перавагу на гэты час адпраўляць сваіх дзяцей у школьныя лагеры, а хтосьці напэўна самастойна зоймецца напаўненнем вольных ад школы дзён новымі эмоцыямі і ўражаннямі.
Чым у беларускай сталіцы можна заняцца разам з дзецьмі і якія мерапрыемствы наведаць – у матэрыяле Sputnik.
Навінкі кінапракату
Самае простае – купіць білеты ў кіно. Тым больш, што зараз выбар кінастужак, якія спадабаюцца і дзецям, і дарослым вельмі вялікі, уласна кажучы, як і кінатэатраў.
У дні школьных канікул у сталічных кінатэатрах можна паглядзець мультыплікацыйны фільм "Смурфікі ў кіно" пра выкраданне злымі чараўнікамі Разамелем і Гаргамелем папы Смурфа. Каб яго выратаваць, Смурфета ўзначальвае групу смурфікаў і адпраўляецца ў рэальны свет.

Глядзельная зала кінатэатра "Цэнтральны"
© Sputnik
Таксама можна схадзіць на мультфільм расійскай вытворчасці "Фіннік 2". Гэта гісторыя пра тое, як Фіннік па недарэчнай выпадковасці губляе сваю нябачнасць, што ставіць пад пагрозу існаванне ўсіх дамавікоў. І каб усё выправіць, Фіннік разам з сябрамі адпраўляецца ў неверагоднае падарожжа на пошукі чароўнага посаха.

Кінатэатр "Перамога" пасля рэканструкцыі
© Sputnik / Александр Бабинецкий
Можна паглядзець і іншы мультфільм – "Эліа", пра 11-гадовага хлопчыка з багатай фантазіяй, які выпадкова тэлепартуецца ў міжпланетную арганізацыю, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў далёкіх галактык. Там па памылцы яго прызначаюць паслом Зямлі і зараз у яго абавязкі ўваходзіць устанаўленне новых сувязей з эксцэнтрычнымі іншапланецянамі.
Падчас школьных канікул кінатэатры пакажуць і такія сямейныя мультфільмы, як "Касалапы агент", "Тафіці. Прыгоды на краі свету", "Супергномы", "Гадкі я 4" і "Мая цудоўная сямейка" пра звычайную школьніцу з вялікай і дружнай, але крыху дзівацкай сям’ёй.
Аднак калі школьнікі лічаць, што мультфільмы – гэта для малых, знайсці прыдатны фільм для сумеснага прагляду таксама не складзе працы.

Кінатэатр "Масква" ў Мінску
© Sputnik / Виктор Толочко
У гэты час у кінатэатрах Мінска акрамя стандартных кінапаказаў будзе яшчэ і дэманстрацыя конкурсных кінастужак у рамках міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" і конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзiк".
Культурны паход у тэатр
Адзін з дзён восеньскіх канікул можна прысвяціць і паходу ў тэатр.
Напрыклад, у ТЮГ можна схадзіць на казку для дарослых дзяцей і маленькіх дарослых "Вожык у тумане" (на рускай мове), на які пускаюць школьнікаў ад шасці гадоў, казку для ўсёй сям’і "Пітэр Пэн" (на рускай мове для дзяцей ад 6 гадоў) па матывах аповесці Джэймса Мэцью Бары пра тое, як Пітэр Пэн прылятае ў Тэатр юнага гледача.

ТЮГ
© Sputnik / Виктор Толочко
Яшчэ гэтымі днямі будуць паказваць фантастычную гісторыю "Кентэрвільскі прывід" і спектакль "Мая маленькая чарадзейка". Абодва гэтыя спектаклі на беларускай мове для дзяцей ад 6 гадоў. Таксама можна будзе схадзіць на спектакль-квест "Enter" лета" пра тое, як хлопчык трапляе ў камп’ютарны свет (на рускай мове, 6+).
У афішы Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі на гэты тыдзень таксама прадстаўлена некалькі цікавых спектакляў: "Чырвоная шапачка" (3+), "За снежнай каралевай" (6+), "У краіне нявывучаных урокаў" (5+), "Прададзены смех" (6+), "Тутта Карлсан. Першая і адзіная" (6+) і "Беласнежка" (6+) паводле казкі Братоў Грым.

Вялікі тэатр оперы і балета
© Sputnik / Сергей Лескеть
У Вялікім тэатры Беларусі на школьных канікулах дзецям ад шасці гадоў можна будзе трапіць на оперу ў двух дзеяннях "Іаланта" і на балет "Папялушка". А яшчэ будзе арганізавана адразу некалькі экскурсій ва ўнікальны свет закулісся Вялікага тэатра, падчас якіх можна будзе не толькі даведацца пра архітэктуру будынка і гісторыю тэатра, але і пазнаёміцца з дзіўнымі магчымасцямі сцэны, наведаць цэх па вырабе дэкарацый і магчыма нават убачыць рэпетыцыю.

Вялікі тэатр оперы і балета
© Sputnik / Виктор Толочко                                  
Для старэйшых (12+) у перыяд школьных канікул у тэатры пакажуць балет у трох дзеяннях "Рамэа і Джульета", канцэрт "Джакама Пучыні. Праўдзівы геній оперы" і оперу "Тоска".
У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры таксама паказваюць спэктаклі для дзяцей. У дні восеньскіх канікул там можна будзе схадзіць на мюзікл "Лятучы карабель" і на музычныя казкі "Дамавічок Кузя" і "Кот у ботах".
У падлеткаў выбар крыху большы, яны могуць таксама схадзіць і на музычныя камедыі "Вяселле ў Малінаўцы" і "Бабін бунт".
Трохі спорту
Падчас школьных восеньскіх канікул у мінскага хакейнага клуба "Дынама" на лёдзе "Мінск-Арэны" пройдзе адразу тры дамашнія гульні: у панядзелак 3 лістапада "зубры" згуляюць супраць маскоўскага ЦСКА, у чацвер 6 лістапада – супраць казанскага "Ак Барса", а ў суботу 8 лістапада мінчане.

Хакеісты мінскага "Дынама"
© Photo :  Telegram / Министерство спорта и туризма Республики Беларусь
Балельшчыкам "Юнацтва", якое выступае ў беларускай Экстралізе, за любімымі гульцамі давядзецца адправіцца ў іншы горад. У дні школьных канікул дамашніх матчаў у гэтага клуба не будзе, а толькі на выездзе – 5 і 7 лістапада хакеісты "Юнацтва" згуляюць у Жлобіне супраць мясцовага "Металурга".
Таксама можна адправіцца на футбол: у нядзелю 2 лістапада на Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску будуць змагацца футбалісты "Дынама Мінск" супраць гульцоў клуба "Слуцк-2024", а ў суботу 8 лістапада мінскія "дынамаўцы" прымуць на гэтым жа полі футбалістаў "Арсенала" з Дзяржынска.
Фарбы на палатне
Таксама можна схадзіць у Нацыянальны мастацкі музей. Цяпер у ім праходзіць адразу некалькі выставак.
Напрыклад, можна паглядзець на работы Саттара Бахлулзадэ – найвядомага прадстаўніка сучаснага пейзажнага жывапісу. Яго карціны прывезены ў НММ з Азербайджанскага нацыянальнага музея мастацтваў.

Нацыянальны мастацкі музей
© Sputnik / Тамара Беляева
Акрамя таго, з 10 кастрычніка працуе выстава жывапісу, графікі, скульптуры беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стагоддзяў са збору музея пад назвай "Рака часу". Гэта магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мастакоў, якія ў 2025 годзе святкуюць юбілеі і памятныя даты. Усяго там прадстаўлены работы каля 50 аўтараў.
Таксама можна схадзіць паглядзець на трыпціх Генадзя Сухамлінава "Сусветнае каханне" ці ж наведаць выставу "Міхась Сяўрук. Ідылія", якая прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака.
Яшчэ можна трапіць на выставу "Мінхва: Мастацтва Карэі", на якой прадстаўлена больш за паўсотні твораў сучасных майстроў традыцыйнага карэйскага жывапісу, створаныя спецыяльна для гэтай экспазіцыі.
Акрабаты, мядзведзі і клоунэса
У дні восеньскіх канікул у сталічным цырку працягнуць паказваць праграму пад назвай "Мірас". Гасцям пастаноўкі абяцаюць сапраўдны парад, у якім прымуць удзел артысты цырка і балета, а таксама выхаванцы эстрадна-цыркавога ансамбля "Рамантыкі" дома культуры "МАЗ". Акрамя таго, гэтая праграма – сумесны праект з Казанскім дзяржаўным цыркам.
"Праграма "Мірас" – гэта расказ пра багатую культуру татарскага народа маляўнічай мовай цыркавога мастацтва з выкарыстаннем сучасных тэхналогій", - гаворыцца на сайце беларускага цырка.

Будынак цырка ў Мінску
© Sputnik / Ирина Букас
Перад гледачамі выступяць эквілібрыст на шпульках, паветраныя гімнасты ў кальцы і на рамянях, жанглёры і клоунэса. Акрамя таго, можна будзе ўбачыць наезнікаў на конях, а таксама дрэсіраваных авечак і мядзведзяў.
Паляўнічыя за міфамі
З 1 па 6 лістапада ў Мінскім заапарку таксама пройдзе тыдзень восеньскіх канікул, у рамках якога для аматараў прыгод і загадак будзе арганізаваны захапляльны квэст "Паляўнічыя за міфамі".
Пажадана збірацца на гэтае мерапрыемства разам з сябрамі, таму што для арганізаваных груп – квэст у падарунак, а заплаціць давядзецца толькі за ўваходны білет на тэрыторыю самога заапарка. Але ёсць нюанс: запісацца на квэст трэба загадзя па ўказаных на сайце заапарка нумарах тэлефонаў.
Можна таксама проста схадзіць у заапарк – акрамя ўсяго іншага, не так даўно там адкрыўся новы вальер драпежных кошак.
У глыбіні Сусвету
Займальным і разам з гэтым пазнавальным можа стаць паход у мінскі Планетарый. Аднак праграма мерапрыемстваў складзена толькі на выхадныя – 1 і 2 лістапада, а афіша на ўвесь тыдзень абновіцца толькі ў аўторак.
Але і на выхадных ёсць з чаго выбраць. Так, у суботу, 1 лістапада, будуць паказаны такія сферычныя фільмы, як "Хрумка і чароўная ракета" для дзяцей ад 6 гадоў пра неверагоднае падарожжа па Сонечнай сістэме, "У глыбіні Сусвету" для дзяцей ад 12 гадоў. Таксама ў гэты дзень пакажуць мультфільм-казку "Мышата і Месяц" для дзяцей ад 4 гадоў, поўнакупальныя фільмы "Цёмны бок свету" (10+) і "Цёмная матэрыя" (12+), адбудзецца вячэрняя лекцыя "Суперуласцівасці незвычайных зорак" таксама для дзяцей ад 12 гадоў.
У нядзелю, 2 лістапада, акрамя фільмаў "Хрумка і чароўная ракета", "У глыбіні Сусвету", а таксама "Мышата і Месяц" пакажуць яшчэ шэраг цікавых сферычных стужак. Сярод іх фільм "Такеру, чаму дзень змяняе ноч?" (4+), "Два шкельцы: дзіўны тэлескоп" (12+) пра гісторыю тэлескопа і навукоўцаў, якія з яго дапамогай здзейснілі рэвалюцыйныя адкрыцці.
Таксама для дзяцей ад 12 гадоў у гэты дзень будуць паказаны фільмы амерыканскай вытворчасці "Прывід Сусвету" аб даследаваннях цёмнай матэрыі – ад Вялікага Выбуху да спроб яе выяўлення ў Вялікім Адронным Калайдары і сферычная кінастужка "Звышмасіўныя чорныя дзюры: адкрыццё нябачнага" пра ўмовы існавання гэтых аб’ектаў.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"


