Ад "Зенита" да ваенных распрацовак: што стваралі прамысловыя дызайнеры ў СССР

© Sputnik / Сергей Пятаков
/ Падпісацца
Тварэнні прамысловых дызайнераў у Савецкім Саюзе, у адрозненне ад многіх сучасных, былі не толькі геніяльнымі, але і працаздольнымі – ад бытавой тэхнікі і медыцынскіх прыбораў да аўтамабіляў і сакрэтных распрацовак ваеннага прызначэння.
Ці ведаеце вы, што метафара можа прымяняцца не толькі ў паэзіі, але і ў тэхнічным праектаванні? Навошта пры стварэнні шматлікіх аптычных і медыцынскіх прыбораў канструктары звярталіся ў першую чаргу да дызайнераў? І чаму герой Яўгена Лявонава ў фільме "Зигзаг удачи" хацеў купіць менавіта фотаапарат "Зенит"? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні наш карэспандэнт Ігар Кандраль пачуў ад знакамітага дызайнера, прафесара кафедры Маскоўскага вышэйшага мастацка-прамысловага ўніверсітэта ("Строгановка") Яўгена Жэрдзева.
Даведка Sputnik
Жэрдзеў Яўген Васільевіч – мастак, графік, член Саюза мастакоў Расіі, член міжнароднай асацыяцыі "Саюз дызайнераў", доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры "Прамысловы дызайн" Маскоўскага вышэйшага мастацка-прамысловага ўніверсітэта.

Мастак, графік, доктар мастацтвазнаўства Яўген Жэрдзеў
© из личного архива Евгения Жердева
Нарадзіўся 2 жніўня 1940 года ў Падмаскоўі. Падчас вайны з маці быў эвакуіраваны ў Сібір, пасля школы скончыў Іркуцкае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Затым – Маскоўскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча ("Строгановку") у 1967 годзе. У ліку педагогаў былі П.Крылоў (Кукрыніксы), А.Караткевіч, А.Разенблюм. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў мастаком-канструктарам у многіх НДІ – харчовых сістэм, спартыўна-тэхнічных вырабаў, гадзіннікавай прамысловасці, інстытута тэхнічнай эстэтыкі, а таксама вядучым дызайнерам Краснагорскага механічнага завода імя С.Зверава.
За стварэнне і ўкараненне дызайн-канцэпцыі оптыка-электроннай і оптыка-механічнай прадукцыі прысуджана Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэрацыі ў галіне літаратуры і мастацтва 2001 года. Аўтар 40 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на прамысловыя ўзоры.
Удзельнік больш за 50 усерасійскіх і міжнародных мастацкіх выставак з 1977 года. Зрабіў ілюстрацыі да твораў А.Чэхава, Н.Гогаля, Ф.Рабле, сатырычныя і гумарыстычныя публікацыі ў часопісе "Крокодил".
– Яўген Васільевіч, вы скончылі ваеннае авіяцыйна-інжынернае вучылішча? Чаму не пайшлі ў авіяцыю?
– Калі б я стаў патомным ваенным, вядома, бацька, які камандаваў на фронце ротай і загінуў у лютым 1942 года, пэўна ганарыўся б мною. Але ўжо з 19 гадоў я пачаў публікавацца ў газетах – спачатку вершы пісаў, потым стаў маляваць. А калі ў канцы 1950-х трапіў пад хрушчоўскае скарачэнне ва Узброеных Сілах, то нават узрадаваўся. Творчая і навуковая праца, тэхнічная эстэтыка мяне зацягнулі глыбей…
– Такое незвычайнае пытанне: а адкуль з’явілася жаданне маляваць карыкатуры? Як яны апынуліся ў часопісе "Крокодил"?
– Гэта была праца для душы. Многія з карыкатур зараджаліся яшчэ ў графіцы. У дзяцінстве я зважаў на метафары ў вершах Пушкіна і Лермантава, з задавальненнем чытаў Максіма Горкага. І рабіў эскізы малюнкаў нават у школе. А калі працаваў на Краснагорскім механічным заводзе, там з-за сакрэтнасці ніякіх малюнкаў рабіць было нельга. І на адным з мерапрыемстваў зрабіў шаржы на супрацоўнікаў завода.

Карыкатура Яўгена Жэрдзева "Коньяк"
© Photo : из личного архива Евгения Жердева
Калі адчуў, што ёсць рэакцыя на мае малюнкі, прынёс іх у часопіс "Крокодил". Пакуль ехаў у ліфце на 13 паверх – сустрэўся з галоўным мастаком, які спачатку паздзекаваўся з маіх карыкатур.

Карыкатура Яўгена Жэрдзева "За женщин!"
© Photo : из личного архива Евгения Жердева
Потым, пазней, шматлікія з маіх работ былі прадстаўлены на выставе сатырычнай графікі "Альтернатива" ў 1989 годзе, дарэчы, там выстаўляліся і знакамітыя Кукрыніксы.

Карыкатура Яўгена Жэрдзева "Яблоки"
© Photo : Из личного архива Евгения Жердева
– Чаму сваёй працай вы выбралі менавіта дызайн і тэхнічную эстэтыку прыбораў?
– Дзіўна, але ва ўсе часы да працы дызайнераў ставіліся як да чагосьці другараднага. Вось мастак – гэта так, велічыня! А эстэтыка ў тэхнічнай сферы ўспрымалася другасна. Хоць тэхніка сёння нас атачае ўсюды, і купляем яе мы шмат у чым вачамі, а не розумам – гэта тычыцца і аўтамабіляў, і бытавых прыбораў. Менавіта таму тэмай сваёй доктарскай дысертацыі я выбраў "Метафара ў дызайне: тэорыя і практыка".
Здавалася б, метафара прымяняецца толькі ў паэзіі і літаратуры, прычым тут тэхніка? Але для любога творчага чалавека, як казаў Арыстоцель, важна быць майстрам на метафару, бо толькі адно гэта не можа быць запазычана ў іншых і гэта служыць прыкметай таленту.
– У вас шмат узнагарод за работы ў галіне дызайну медыцынскіх прыбораў? Якія патрабаванні ці скажам так, ТТХ гэтых прыбораў даводзілася ўлічваць?
– Мастацка-канструктарскія распрацоўкі медыцынскіх прыбораў павінны былі адрознівацца не толькі цэласнасцю формы, але і высокатэхналагічным зместам. Таму ў складзе канструктарскай групы працавалі і дызайнеры. Так з’явіліся афтальмаскоп ручны з аўтаномным сілкаваннем, стэтафанендаскоп мікрапедыятрычны "Дэльта-101" – апарат для падаўлення болю. Даводзілася праектаваць і цацкі-трэнажоры для дзяцей-інвалідаў.
– Адна з вашых узнагарод – за распрацоўку дызайну оптыка-механічных прыбораў. Для якіх сфер яны праектаваліся?
– Не адна ўзнагарода, а некалькі. У 2001 годзе акрамя Дзяржаўнай прэміі я атрымаў "Большой хрустальный шар" за серыю распрацовак прыбораў начнога бачання ў складзе аўтарскага калектыву на Краснагорскім механічным заводзе, а таксама прыз "Виктория" за распрацоўку на гэтым жа прадпрыемстве дызайну фотаапаратаў і прыбораў начнога бачання.
Пра прыборы начнога бачання – як прадмет са сферы ваеннай бяспекі – нічога расказаць не магу, а вось з фотаапаратамі ў складзе канструктарскіх груп я працаваў доўгі час – перыядычна з пачатку 1967-га па 2000-я гады. Удзельнічаў у дызайнерскім праектаванні панарамнага фотаапарата "Гарызонт", а адзін быў нават падораны каралю Нідэрландаў! Працавалі ў складзе груп над фотаапаратамі "Зенит" і іншымі.
Дарэчы, некаторыя мадэлі "Зенитов" былі вельмі ўдалыя і каштавалі нятанна, бо лічыліся вельмі надзейнымі. Менавіта таму герой Яўгена Лявонава ў фільме "Зигзаг удачи" марыў менавіта аб "Зените". Ён выпускаўся не толькі на Краснагорскім заводзе, але і ў Беларусі – на Вілейскім механічным заводзе. "Зениты" экспартаваліся ў 76 краін. Гэтым фотаапаратам здымаў нават знакаміты амерыканскі фатограф Артур "Уіджы" Фелінг.
Стылістыка фотатэхнікі тады адлюстроўвала індустрыяльны фон эпохі. Ужо ў пачатку 1990-х чысты "кубізм" здаваўся занадта рэзкім. Мода патрабавала крывых паверхняў, даступных толькі аўтаматызаваным сістэмам праектавання і магутным камп’ютарам, якіх завод яшчэ не меў…
Цяпер выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі – 3D-мадэліраванне, нейрасеткі, якія ўзбагачаюць і з іншага боку шмат у чым спрашчаюць працэс працы дызайнера. Тое, што зараз для многіх будзённа і звыкла, яшчэ 15-20 гадоў таму было рэвалюцыяй у дызайн-праектаванні. Але, на жаль, не ўсё створанае цяпер геніяльна і тым больш працаздольна. Нават у "юных тэхнікаў" Краіны Саветаў палёт думкі быў далей – заносіла хоць і не туды, але ж заносіла!
– Дарэчы, як вы ацэньваеце работы беларускіх дызайнераў савецкай эпохі?
– У БССР была дастаткова прасунутая тэхнічная дызайнерская школа. Мінск у савецкі час быў адным з двух гарадоў – яшчэ Ленінград, дзе па ініцыятыве дызайнераў оптыка-механічнай прамысловасці краіны двойчы ў год праводзіліся навукова-практычныя шматдзённыя семінары. Куратарам беларускага семінара быў выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута мастак Анатоль Віктаравіч Цехановіч. Тэматыка датычылася не толькі прадукцыі галіны. Так, на адным з апошніх семінараў у 1990 годзе дызайнеры разам з маракамі-медыкамі распрацавалі дызайн-канцэпцыю па вырашэнні "чалавечых праблем" на падводным флоце ў сістэме база-судна-база.
Ды і ў самой Беларусі прамысловы дызайн быў у пастаянным развіцці. Дастаткова ўспомніць гадзіннік "Электроніка", які вырабляўся на мінскім "Інтэграле", або халадзільнікі "Мінск", якія не ўступалі ні якасцю, ні ўнутраным убраннем іншым вытворцам. І менавіта ў Мінску стварылі першы ў СССР двухкамерны халадзільнік – з асобнай маразільнай камерай!

Супрацоўніца Мінскага завода бытавых халадзільнікаў дэманструе халадзільнік "Мінск-7" (1973 год)
© Sputnik / Юрий Иванов
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"

