Жаночыя твары вайны: Sputnik адкрыў фотавыстаўку ў Віцебску

Падпісацца
Здымкі часоў вайны з архіваў Саўінфармбюро можна ўбачыць у музеі імя Шмырова ў горадзе на Дзвіне.
ВІЦЕБСК, 16 ліп – Sputnik. Фотавыстаўка агенцтва Sputnik Беларусь "Жаночыя твары вайны" адкрылася ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова.
Экспазіцыя налічвае каля чатырох дзясяткаў фотаздымкаў з фондаў Саўінфармбюро. Выстаўка прымеркавана да Года беларускай жанчыны. Адкрыццё адбылося падчас правядзення XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Фотавыстаўка агенцтва Sputnik Беларусь "Жаночыя твары вайны"
© Sputnik / Виктор Толочко
Героем быў кожны
Дырэктар Музея Шмырова Ірына Шышкова адзначыла, што тэмай жанчын на вайне музей займаецца з 2005 года. У тым ліку вывучае ўдзел жанчын у партызанскіх атрадах.

Дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова Ірына Шышкова
© Sputnik / Виктор Толочко
"Выстаўка, якая сёння адкрылася, яшчэ раз пацвярджае, што ў вайны не жаночае аблічча, але аказваецца ўсё ж такі жаночае...", - адзначыла Ірына Шышкова.
Яна адзначыла, што на франтах Вялікай Айчыннай 30% снайпераў былі жанчыны.

Фотавыстаўка агенцтва Sputnik Беларусь "Жаночыя твары вайны"
© Sputnik / Виктор Толочко
"Гэтая выстаўка для мяне адкрывае яшчэ адзін новы гістарычны пласт. Наколькі яны былі моцныя, наколькі яны былі ў той перыяд мабілізаваны ўнутрана для таго, каб дапамагчы сваім мужам, сынам", - адзначыла кіраўнік музея.
Яна дадала, што вайна была самай жорсткай у тым сэнсе, што ў яе было ўцягнута ўсё мірнае насельніцтва, у тым ліку і жанчыны, і дзеці.
"У гэтай вайне героем быў кожны. Жанчына мае пэўную заслугу перад нашай усеагульнай Перамогай", - упэўнена Ірына Шышкова.

Фотавыстаўка агенцтва Sputnik Беларусь "Жаночыя твары вайны"
© Sputnik / Виктор Толочко
Глыбокі сэнс фатаграфій
У сваю чаргу, каардынатар выставачнай праграмы фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" Алена Сярова падкрэсліла: нягледзячы на тое, што агенцтва Sputnik Беларусь прывозіць у Віцебск ужо не першую выстаўку, гэтыя экспазіцыі ніколі не паўтараюцца. На яе думку, на іх трэба прыходзіць асобна пасля адкрыцця і ў такім спакойным становішчы глыбока падумаць над кожнай фатаграфіяй.

Каардынатар выставачнай праграмы фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" Алена Сярова
© Sputnik / Виктор Толочко
"Лічу, што такія выстаўкі ў прынцыпе можна прывозіць не толькі на фестывалі, але асобна ў даты, звязаныя з нашай Перамогай", - сказала каардынатар.
Цяперашняя выстаўка, на яе думку, цікавая ва ўсіх сэнсах.
"Вельмі эмацыянальна. Чуллівыя здымкі... Яны чапляюць за нешта жывое", - падзялілася ўражаннямі Алена Сярова.
Фронт і тыл
Фотавыстаўка Sputnik расказваюць пра савецкіх жанчын, якія не толькі працавалі ў тыле, але і ўдзельнічалі непасрэдна ў Вялікай Айчыннай вайне. Па законе "Аб усеагульным воінскім абавязку" (1939 г.) у СССР жанчыны, якія мелі медыцынскую, ветэрынарную або спецыяльную тэхнічную падрыхтоўку, прызнаваліся ваеннаабавязанымі і падлягалі прызыву.

Фотавыстаўка агенцтва Sputnik Беларусь "Жаночыя твары вайны"
© Sputnik / Виктор Толочко
Аднак масавая мабілізацыя жанчын пачалася не адразу. Яе аб’явілі вясной 1942 года. Прызыву падлягалі далёка не ўсе. Акрамя ўзроставага цэнзу – 18 гадоў – патрабавалася таксама адукацыя не менш за пяць класаў. Іншыя ўмовы: здавальняючы стан здароўя, членства ў камсамоле і адсутнасць дзяцей.
Пасля навучання на кароткатэрміновых курсах дзяўчат адпраўлялі ў войскі СПА, сувязі, аховы аўтамабільных дарог, а таксама ў ваенна-медыцынскую службу. Менавіта медработнікі – самая шматлікая катэгорыя жанчын на той вайне. Звыш паўмільёна санітарак налічвалася ў Чырвонай Арміі.
Акрамя таго, з жанчын-добраахвотнікаў былі сфарміраваны тры авіяцыйныя палкі: 46-ы гвардзейскі начны бамбардзіровачны ("Начныя ведзьмы"), 125-ы гвардзейскі бамбардзіровачны і 586-ы знішчальны полк СПА.
У гады вайны Цэнтральная жаночая школа снайперскай падрыхтоўкі дала фронту 1061 снайпера і 407 інструктараў снайперскай справы.

Фотавыстаўка агенцтва Sputnik Беларусь "Жаночыя твары вайны"
© Sputnik / Виктор Толочко
Савецкія жанчыны актыўна ўступалі ў партызанскія атрады, з гонарам і мужнасцю пераносілі нягоды партызанскага жыцця, штодня рызыкавалі, будучы ўдзельніцамі гарадскога падполля на акупіраваных тэрыторыях.
За подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 90 жанчын, больш за палову з іх – пасмяротна.
Sputnik Беларусь уваходзіць у медыягрупу "Россия сегодня", якая з’яўляецца правапераемнікам Саўінфармбюро.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
