Птушка года: куды ісці любавацца шчыглом

Шчыглоў у Беларусі - каля 200 тысяч пар, і пагрозы знікнення гэтым птушкам прыгажунам пакуль няма.
Sputnik
Птушкай 2018 года ў Беларусі аб'яўлены шчыгол. Па просьбе Sputnik арнітолагі распавялі пра тое, што любяць гэтыя птушкі, дзе іх можна сустрэць і як пазнаць усяго за пару нот іх спеваў.
"Убачыць шчыгла можна і ў вялікіх гарадах. Яны застаюцца зімаваць у краіне і зрэдку пералятаюць толькі ў пошуках пражытка. Іх можна сустрэць на пустках або ў парках — яны шукаюць насенне пустазелля, такія скрыначкі, якія да зімы засыхаюць", — распавялі арнітолагі.
Там, дзе траву пастаянна скошваюць, і лапух, чартапалох або аслінік не могуць вырасці, шчыглы сяліцца не будуць. "Таму лепш шукаць іх на ўскраінах гарадоў, дзе яны яшчэ могуць знайсці сабе пражытак", — адзначылі арнітолагі.
Калі хочацца парадаваць шчыгла, то менавіта насеннем такіх раслін яго прыцягваць і трэба — для птушынага прыгажуна гэта галоўны ласунак. А вось да кармушкі прывучыць шчыгла наўрад ці атрымаецца — ва ўсякім выпадку, такое здараецца досыць рэдка.
Акрамя апярэння, шчыгла можна пазнаць і па спевах — яны вельмі характэрныя, яго лёгка пазнаць усяго за пару нот. Арнітолагі прапанавалі паслухаць у інтэрнэце гукі спеваў шчыглоў — яны адразу запомняцца і дазволяць знайсці і разгледзець птушку года Беларусі.
"Па апошняй інфармацыі, у Беларусі жывуць каля 200 тысяч пар шчыглоў. Ім, па вялікім рахунку, нішто не пагражае, хоць і месцаў для магчымага пражывання ў гарадах становіцца менш", — сказалі на заканчэнне спецыялісты.