Мірны і Освальд выйшлі ў другі круг Australian Open

Перамогу ў першым матчы чэмпіяната тэнісісты вырвалі ў італьянска-ізраільскай пары Фабіяна-Села
Sputnik

МІНСК, 17 сту — Sputnik. Беларускі тэнісіст Максім Мірны разам са сваім партнёрам аўстрыйцам Філіпам Освальдам выйгралі першы матч Australian Open і прабіліся ў другі круг чэмпіяната ў парным разрадзе.

Сабаленка вылецела з Australian Open

У матчы першага кругу Мірны і Освальд сустрэліся на корце з італьянска-ізраільскай тэніснай парай Томасам Фабіяна і Дудзі Села. Беларус і аўстрыец атрымалі перамогу з лікам 7:6 (7:5), 3:6, 7:6 (7:4).

Матч доўжыўся 2 гадзіны 27 хвілін. За час знаходжання на корце Максім Мірны і Філіп Освальд адзін раз ажыццявілі падачу на вылет, рэалізавалі адзін з сямі брэйк-пойнтаў і дапусцілі чатыры двайныя памылкі.

У мужчынскім парным разрадзе Беларусь на Australian Open таксама прадстаўляе Андрэй Васілеўскі. У тандэме з беларусам выступае чылійскі тэнісіст Ханс Падліпнік-Касціла. Яны сустрэнуцца са спартсменамі з Аргентыны Гвіда Пелья і Дыега Шварцманам.

У жаночым парным разрадзе разам з расіянкай Веранікай Кудзярмётавай згуляе беларуска Арына Сабаленка, якая не прайшла ў другі круг адзіночнага разраду. Яна прайграла першы матч 17-ай ракетцы свету аўстралійцы Эшлі Барці.

У адзіночным жаночым разрадзе Australian Open барацьбу прадоўжыць беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч. Учора яна атрымала перамогу над Крысцінай Макхейл з ЗША.

Чакалася, што беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка таксама выступіць на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі: арганізатары далі ёй wild card. Але спартсменка вымушана была адмовіцца ад удзелу з-за сямейных праблем.