Цырымонія пацверджання акрэдытацыі дэлегацый на XXIII зімовыя Алімпійскія гульні прайшла 29 студзеня ў Пхенчхане. У працэсе правядзення гэтай працэдуры аргкамітэт Алімпіяды выдзеліў Беларусі яшчэ пяць квотаў на ўдзел у гульнях. Дзве аддадзеныя лыжнікам, тры — канькабежцам.
"Такое ўжо здаралася, напрыклад, у Рыа перад Паралімпійскімі гульнямі. Шчыра кажучы, пару дзён таму хадзілі размовы, таму ўнутрана мы былі гатовыя. Сёння гэта ўжо было ўзаконена. Як разумею, падобнае закранула не толькі Беларусь, але і іншыя дэлегацыі. Пакуль мы не можам канкрэтна сказаць, якія спартсмены атрымаюць гэтыя квоты, ідзе ўдакладненне працэдурных момантаў", — распавёў Несцяровіч.
У Алімпійскай вёсцы беларуская зборная паселіцца на трох паверхах па суседстве са спартсменамі з Латвіі і Эстоніі. Узначальвае нашу дэлегацыю намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля. Цырымонія падняцця дзяржаўнага сцяга Беларусі запланавана ў Алімпійскай вёсцы на 7 лютага, і пачнецца яна ў 15:00 па мясцовым часе (9 раніцы па беларускім часе).
Каментар прэс-сакратара міністэрства спорту і турызму Уладзіміра Несцяровіча слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.