Беларускі брэнд адзення памыліўся з выявай Барбары Радзівіл

Памылковую выяву ў гістарычнай калекцыі адзення пракаментавала спецыяліст Нацыянальнага мастацкага музея.
Sputnik

МІНСК, 1 лют — Sputnik.  Вядомы брэнд беларускага адзення "Mark Formelle" зрабіў гістарычную памылку, размясціўшы на світшоце памылковую выяву каралевы Барбары Радзівіл.

Інфармацыю аб памылцы ў калекцыі адзення ад "Mark Formelle" на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" размясціла журналістка Аліна Коўшык.

"Набыла новую цiшотку з гістарычнай iдалкай дзяцінства. Шчаслiвая рассякала па тэлеку пакуль не сустрэла нашую мастачку-пастаноўшчыцу. А яна мне кажа — гэта не Барбара Радзiвiлл. Як? Амаль заплакала я. У гугле такой фоткi Барбары сапраўды не сустрэла", — распавяла яна.

Гістарычная калекцыя адзення з'явілася ў продажы у снежні 2017 года. Акрамя Барбары на джэмперы трапілі выявы Мікалая Радзівіла Чорнага і Льва Сапегі.

"Выява на джэмперы на Барбару Радзівіл не падобная. На вядомых партрэтах, якіх увогул існуе два ці тры, яна выглядае інакш — другія ўпрыгажэнні, другі ракурс, другі паварот галавы", — патлумачыла карэспандэнту Sputnik загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка. Менавіта тут знаходзіцца невялічкая калекцыя партрэтаў Радзівілаў з Нясвіжскага замка.

Па яе словах, каб высветліць, хто на малюнку, трэба праводзіць вялікае даследванне, таму што дакладна сказаць немагчыма.