Метрычны запіс аб хросце Адама Міцкевіча цяпер у Мінску

Убачыць унікальную знаходку можна ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Sputnik

МІНСК, 2 лют — Sputnik. Стаць госцем шляхецкай гасцёўні ХІХ стагоддзя, а таксама пазнаёміцца са спадчынай вялікага паэта можна ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, дзе напярэдадні адкрылася мастацкая экспазіцыя "Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча". Выстава мае такую назву невыпадкова:  Міцкевіч называў свой твор "Пан Тадэвуш" менавіта шляхецкімі быліцамі. Таму і гасцёўню ў музеі рабілі ў адпаведнасці з апісаннямі ў паэме.

Літаратурная гасцёўня Адама Міцкевіча ў музеі

Адкрыццё своеасаблівага кутка філаматаў у музеі прымеркавалі да 220-годдзя з дня нараджэння Міцкевіча. Гэты літаратурны астравок у самым цэнты беларускай сталіцы стане сімвалам яго ўсеабдымнага талента і адпраўной кропкай святочных мерапрыемстваў у юбілейны год. Тут можна не проста ўбачыць цікавыя музейныя экспанаты, але і пагрузіцца ў атмасферу, у якой жыў і працаваў Міцкевіч.

Літаратурная гасцёўня Адама Міцкевіча ў музеі

"Постаць Адама Міцкевіча, яго непаўторная творчасць, жыццё рупліўца і асветніка сталі адным з самых вялікіх здабыткаў сусветнай культуры, невычэрпнай крыніцай духоўнасці беларускага і польскага народаў", — падкрэслілі ў музеі.

Прадстаўленыя тут кнігі і паштоўкі, звязаныя з творчасцю Міцкевіча, і дакументы, звязаныя з дзейнасцю тайнага Таварыства філаматаў: копіі спісаў студэнтаў з Варшаўскага музея, яго лісты да сяброў і іншыя цікавосткі.

Літаратурная гасцёўня Адама Міцкевіча ў музеі

Безумоўна, перлінай калекцыі можна лічыць копію метрычнага запісу аб хросце Адама Міцкевіча, якую ўпершыню прадстаўляюць у Беларусі. Акрамя гэтага, наведвальнікі музея могуць убачыць запіс аб шлюбе яго бабулі і дзядулі — Мацея Маеўскага і Ганны Гарэшкі, метрыку аб хросце маці пісьменніка Барбары Маеўскай, а таксама прыклад такіх запісаў — сапраўдныя рукапісныя метрычныя кнігі Ішкальдскага касцёла першай трэці ХІХ стагоддзя. Дакументамі з музеем падзяліўся даследчык Зміцер Юркевіч.

Метрычны запіс аб хросце Адама Міцкевіча

Дакументы вельмі важныя таму, што з'яўляюцца пацверджаннем беларускіх каранёў паэта. Сярод гісторыкаў былі меркаванні, што яны маглі быць яўрэйскімі.

"Гэтая знаходка стала магчымай таму, што пяць год таму мы стварылі суполку імя Тадэвуша Рэйтана і мэтанакіравана вяртаем яго імя Беларусі. Пряз яго я прыйшоў і да Адама Міцкевіча, бо сам паходжу з Баранавічаў, якія знаходзіцца на водападзеле Наваградчыны і Ляхавіччыны, адкуль паходзяць гэтыя людзі. Вельмі цікава, што Міцкевічу прысвечаныя сотні і тысячы розных прац — публіцыстычных і навуковых, — у якіх даследаваны яго жыццярыс ад А да Я, але на дадзены момант не існуе ніводнай навковай манаграфіі, прысвечанай яго роду", — падкрэсліў даследчык.  

На метрычныя запісы Маеўскіх яму давялося выйсці дзякуючы таму, што ў судовых кнігах Наваградскага ваяводства ўдалося лакалізаваць месца, дзе ў 1763 годзе жылі бацькі Барбары Маеўскай. Кніга хросту Барбары Маеўскай і іншых дзяцей гэтага роду знаходзіцца ў Вільні.