Традыцыйную мастацкую культуру Беларусі прадставяць у Гістарычным музеі

Экспазіцыя сабраная з прадметаў з калекцыі знакамітага даследчыка і мастацтвазнаўцы Яўгена Сахуты.
Sputnik

МІНСК, 2 лют — Sputnik.  Эспазіцыю, якая адлюстроўвае традыцыйную мастацкую культуру Беларусі, рыхтуюць у Нацыянальным гістарычным музеі, паведамілі Sputnik арганізатары.

Наведвальнікі змогуць убачыць прадметы з калекцыі доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуты, якія былі набытыя ў мінулым годзе. Урачыстае адкрыццё выставы запланавана на 8 лютага.

Метрычны запіс аб хросце Адама Міцкевіча цяпер у Мінску

"Калекцыя Яўгена Міхайлавіча Сахуты перш за ўсё мае мемарыяльную каштоўнасць, што тлумачыцца значнасцю для беларускай культуры і навукі асобы збіральніка. Сахута — першы доктар мастацтвазнаўства ў галіне народнага мастацтва, прафесар, старшыня Беларускага саюза народнай творчасці, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", — падкрэслілі арганізатары мерапрыемства.

Сахута сфарміраваў свой збор падчас экспедыцый па розных рэгіёнах Беларусі з найбольш знакавых для айчыннай мастацкай культуры твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У яго ўвайшлі ўзоры амаль усіх відаў традыцыйнага народнага мастацтва Беларусі — кераміка, іканапіс, разьба па дрэве, мастацкі метал і іншыя. Многія з іх будуць прадстаўленыя і на выставе.

Вялікую гістарычную і культурную значнасць маюць абразы на шкле, якія з'яўляюцца спецыфічным прыкладам больш позняга народнага мастацтва. У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь дадзены роспіс на шкле на рэлігійную тэму будзе прадстаўлены ўпершыню.