МІНСК, 5 лют — Sputnik. Пасля рашэння прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб адмене ўступных экзаменаў у пятыя класы гімназій зборнікі для падрыхтоўкі да выпрабаванняў для чацвёртакласнікаў застаюцца ў продажы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў канцы студзеня сваім указам адмяніў уступныя іспыты ў пятыя класы беларускіх гімназіяў. Пры гэтым яшчэ ўвосень 2017-га беларускія выдавецтвы паспелі выпусціць "экзаменацыйныя", як іх называюць бацькі і настаўнікі, зборнікі матэрыялаў для чацвёртакласнікаў.
Так, найбуйнейшае падобнае выдавецтва — "Аверсэв" — выпусціла лінейкі дапаможнікаў для чацвёртакласнікаў. Аднак у кампаніі падкрэслілі, што гэтыя кнігі не з'яўляюцца экзаменацыйнымі.
"На іх напісана — зборнікі кантрольных работ. У гэтым навучальным годзе дапаможнікі былі намі выдадзены ў кастрычніку 2017-га", — паведамілі Sputnik у выдавецтве.
Такім чынам, дадзеныя матэрыялы могуць выкарыстоўвацца для дадатковай падрыхтоўкі школьнікаў і праверкі іх ведаў. Ні аб якіх магчымых стратах пасля адмены экзаменаў суразмоўцы агенцтва не сказалі.
"Будуць змены ў школьнай праграме — зменіцца і змест зборнікаў. Бягучы ж наклад зборнікаў кантрольных работ у продажы застаецца", — запэўнілі ў "Аверсэв".
Зборнікі кантрольных работ для чацвёртакласнікаў прадаюцца ў беларускіх крамах па кошце ад 2,5 рублёў за адзін дапаможнік.
У студзені ўвагу на выдадзеную Нацыянальным інстытутам адукацыі лінейку экзаменацыйных дапаможнікаў для чацвёртых класаў звяртаў вядомы рэпетытар Яўген Лівянт. Тады ж у Міністэрстве адукацыі таксама падкрэслівалі, што кнігі з'яўляюцца не экзаменацыйнымі, а проста зборнікамі праверачных і кантрольных работ.