Парк-музей Сула запрашае адсвяткаваць Масленіцу па-каралеўску

Гасцей комплексу чакае катанне на конях, стральба з лука, шляхецкі баль і танцы і, вядома ж, масленічнае вогнішча.
Sputnik

МІНСК, 5 лют — Sputnik. Прыняць удзел у народных гуляннях, пабаляваць са шляхтай і проста весела правесці час запрашае "Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула" 17 лютага.

Паесці бліноў і здабыць агонь: у Дудутках адсвяткуюць Масленіцу

Госці змогуць не толькі паглядзець на тэатралізаванае прадстаўленне, якім адкрыецца праграма мерапрыемства, але і пры жаданні паўдзельнічаць у пастаноўцы разам з артыстамі, апранутымі ў касцюмы канца XVI стагоддзя. На працягу дня на тэрыторыі парку будзе гучаць жывая музыка, а тыя, хто асабліва пранікнецца духам эпохі Стэфана Баторыя, змогуць навучыцца гістарычным танцам пад кіраўніцтвам танцавальнай групы "Мелікратум". Акрамя таго, можна будзе зірнуць на масленічны спектакль Сульскай батлейкі.

Дзецям таксама не прыйдзецца сумаваць — спецыяльна для маленькіх гасцей мерапрыемства ў Каралеўскай асамблеі будзе арганізавана дзіцячая забаўляльная праграма.

Аматары актыўнага адпачынку змогуць пакатацца на конях або паспрабаваць сябе ў стральбе з лука ці арбалета, моднікі — прыцаніцца да вырабаў майстроў-умельцаў і наведаць фотазоны, а гурманы — прайсціся па фуд-кортах, зазірнуць на палявую кухню і нават паўдзельнічаць у конкурсе выпякання бліноў.

Скончыцца дзейства традыцыйным вогнішчам са спальваннем пудзіла Масленіцы. Арганізатары таксама абяцаюць гасцям шмат прызоў і прыемных сюрпрызаў.

Дзе: Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула (Мінская вобласць, в. Сула).

Калі: 17 лютага з 12:00 да 17:00.

Кошт квітка: дарослы — 10 руб., дзіцячы — 5 руб., дашкольнікі — бясплатна.