МІНСК, 30 сту — Sputnik. Традыцыйнае славянскае свята — Масленіцу — адсвяткуюць у музейным комплексе "Дудуткі", распавялі Sputnik арганізатары.
Шляхецкая Масленіца пройдзе ў Дудутках 17-18 лютага. Наведвальнікам абяцаюць самабытнае свята, якое адзначалі яшчэ нашы продкі. Госці змогуць паесці бліноў, паўдзельнічаць у масленічных забавах, патанчыць ад душы і нават самастойна здабыць агонь, а потым урачыста спаліць пудзіла Масленіцы.
Галоўнай танцавальна-музычнай пляцоўкай свята стане плошча перад сыраварняй, дзе разгорнецца музычна-тэатральнае прадстаўленне ад музычных калектываў "Жывіца" і "Фламея".
Удзельнікі ўрачыстасці змогуць таксама наведаць этнаграфічную галерэю, пазнаёміцца з аўтэнтычнымі беларускімі песнямі і паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе саламяных лялек-абярэгаў. Будуць працаваць інтэрактыўныя зоны, вуліца майстроў і нават куток варажэі.
Кульмінацыяй стануць "Провады зімы" з выкупам Вясны і спальваннем пудзіла Масленіцы.
Арганізатары абяцаюць бясплатны трансфер для ўсіх і бясплатны масленічны блінец першай тысячы наведвальнікаў.