Гонка пераследу: букмекеры і заўзятары вераць у Домрачаву

Біятланісты разыграюць у панядзелак адразу два пасьюта: жаночы і мужчынскі.
Sputnik

ПХЕНЧХАН, 12 лют — Sputnik. Жаночая і мужчынская гонкі пераследу стартуюць у панядзелак у алімпійскім Пхенчхане.

Першымі на старт выйдуць жанчыны — пачатак гонкі запланаваны на 13:10 па мінскім часе.

Сяміразовая чэмпіёнка свету Лаура Дальмайер, па ацэнцы экспертаў, блізкая да таго, каб паўтарыць залаты дубль Уле Эйнара Б'ёрндалена, які ў 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці ўпершыню ў гісторыі Алімпійскіх гульняў прыйшоў першым і ў спрынце, і ў пасьюте.

Домрачаву намінавалі на World Fair Play Awards

Дальмайер, якая прапусціла некалькі кубкавых гонак, сёння найбольш стабільная ў стральбе і знаходзіцца ў выдатнай бегавой форме. Букмекеры называюць Лауру галоўным фаварытам, каэфіцыент на яе перамогу — 1,30. На другім месцы ў спісе букмекерскіх ставак — Дар'я Домрачава, якая адправіцца ў пераслед пад 9-м нумарам праз 46 секунд пасля Дальмайер. Замыкае тройку магчымых, з пункту гледжання букмекераў, пераможцаў Вераніка Віткова з Чэхіі, якая ўзяла бронзу ў спрынце.

Ірына Крыўко стартуе на 17-й пазіцыі (адставанне — 01:11), Надзея Скардзіна выйдзе на старт пад 36-м нумарам (02:02), Пісарава, якая прайграла Дальмайер у спрынце 02:02 хвіліны, адправіцца на трасу 52-й.

Мужчыны стартуюць у 15:00. Фаварыты "звязкі" (так спартсмены звычайна называюць спрынт і гонку пераследу), двухразовы алімпійскі чэмпіён Мартэн Фуркад і трохразовы чэмпіён свету нарвежац Ёханэс Бё, сенсацыйна правалілі першую дыстанцыю, фінішаваўшы ў нядзелю восьмым і 31-м з сямю промахамі на дваіх. Парадаксальна, што Фуркад пры гэтым мае выдатны шанец на перамогу ў пасьюте і напэўна прыкладзе ўсе сілы, каб ім скарыстацца — ад лідэра Арнда Пайфера, які пойдзе ў гонку першым, француза аддзяляюць усяго 22 секунды.

Лепшы з беларусаў у спрынце Уладзімір Чапелін выйдзе на старт 34-м (адставанне — 01:26). Літаральна праз секунду за ім адправіцца Антон Смольскі. Сяргей Бачарникаў пабяжыць пад 42-м нумарам (01:42 ад лідэра).