МІНСК, 14 лют — Sputnik. Японскія навукоўцы агучылі сакрэт захавання зграбнасці без дыет, піша часопіс BMJ Open.
Спецыялісты прыйшлі да высновы, што на акружнасць таліі ўплывае хуткасць, з якой паглынаецца ежа. Высветлілася, што людзі, якія ядуць не спяшаючыся, радзей пакутуюць ад атлусцення.
Даследаванне праводзілася з 2008 па 2013 год. У апытаннях прынялі ўдзел 59,7 тысячы рэспандэнтаў. Сярод тых, хто прывык есці павольна, атлусценнем пакутавалі 21,5%. У рэспандэнтаў з высокай хуткасцю паглынання ежы паказчык атлусцення быў значна вышэй — 45%.
Выданне дадае, што даследаванне складана назваць дакладным, бо навукоўцамі не ўлічваліся колькасць спажыванай ежы і ўзровень фізічных нагрузак. Удзел у даследаванні прынялі людзі з дыябетам другога тыпу.
Раней даследчыкі неаднаразова адзначалі, што занадта хуткі прыём ежы правакуе кіслотны рэфлюкс і метабалічны сіндром ў арганізме.