МІНСК, 20 лют – Sputnik. Выстава аўтографаў вершаў Янкі Купалы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея адкрыецца 22 лютага, пра гэта паведамляецца на сайце ўстановы.
Выставачны праект прысвечаны цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы, якія ён напісаў у 1918 годзе, і прымеркаваны да 110-годдзя выхаду першага зборніка паэта "Жалейка".
На выставе ўпершыню будуць прадстаўлены арыгіналы аўтографаў грамадзянска-патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 г. з фондаў музея. Выставачны праект прадстаўляе час Першай сусветнай вайны, калі многія народы Еўропы, у тым ліку і беларусы, атрымалі магчымасць адрадзіць свае дзяржавы. У 1918 годзе было абвешчана стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гістарычны кантэкст, у якім ствараліся вершы Купалы, прадстаўленыя на выставе, узноўлены на падставе ўнікальных дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. На выставе будуць прадстаўлены факты палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай рэчаіснасці тых часоў.
Выстава ў музеі Янкі Купалы будзе працаваць з 22 лютага да 16 красавіка.