МІНСК, 19 лют – Sputnik. Музейная акцыя "Дзясятка за Коласа", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, пройдзе ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 21 лютага.
Удзельнікі акцыі павінны будуць напісаць дыктоўку па творах Якуба Коласа і вызначыць, з якога твора ўзяты ўрывак для дыктоўкі. Усім, хто напіша дыктоўку на дзесяць балаў і правільна назаве твор Якуба Коласа, музей абяцае памятныя сувеніры.
Народны паэт Беларусі Якуб Колас, які ўсё жыццё развіваў айчынную культуру і мову, за некалькі месяцаў да смерці напісаў знакаміты ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы.
"Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў", — гаворыцца ў лісце Коласа.
Міжнародны дзень роднай мовы ‒ свята, якое адзначаецца штогод 21 лютага з 2000 года. Галоўнай яго мэтай з’яўляецца заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Пачатак акцыі а 10 гадзіне па папярэднім запісе (тэл. 284 17 02).